Навіны

У Курапатах праходзіць пратэст супраць адкрыцця рэстарану

Каля 15 чалавек удзельнічаюць у акцыі па абароне ўрочышча Курапаты — месца масавых пахаванняў ахвяр сталінскіх рэпрэсій, паблізу якога гэтымі днямі плануецца адкрыццё забаўляльнага цэнтра.

„Раней персанал паведамляў, што адкрыццё можа адбыцца сёння, аднак пазней у аблвыканкаме паведамілі, што яно можа быць перанесенае„, — паведаміў перад пачаткам акцыі сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец.

Акцыі, паводле яго слоў, 1—3 чэрвеня пройдуць ва ўрочышчы ў любым выпадку. У панядзелак, 4 чэрвеня, аргкамітэт па абароне Курапатаў збярэцца, каб абмеркаваць далейшыя дзеянні ў залежнасці ад развіцця сітуацыі.

„Сёння мы пакажам, што гатовыя адстойваць Курапаты. Мы прапануем уладальнікам перадаць гэтыя будынкі грамадскасці для адкрыцця ў іх музея„, — сказаў Севярынец.

Актывісты прайшлі праз урочышча пад бел-чырвона-белым сцягам. Зараз яны знаходзяцца каля будынка забаўляльнага цэнтра, на ўваходзе якога вісіць шыльда „Зачынена”.

Увечары 31 мая каля Курапатаў была затрыманая грамадская актывістка Вольга Нікалайчык. Ноч яна правяла ў РУУС Савецкага раёна Менска. У дачыненні да актывісткі складзены адміністрацыйны пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КоАП).

Як паведамлялася, за 50 метраў ад Курапатаў павінен адкрыцца рэстаран пад назвай „Паедзем паядзім”. Некалькі гадоў таму тут планавалася стварыць забаўляльны комплекс „Бульбаш-хол”, будаўніцтва якога было замарожанае. Ва ўпраўленні гандлю Мінскага райвыканкама БелаПАН пацвердзілі, што рэстаран з такой назвай быў унесены ў гандлёвы рэестр у пачатку лютага гэтага года.

Вясной 2017 года актывістам удалося прадухіліць будаўніцтва бізнес-цэнтра ў былой ахоўнай зоне ўрочышча.  

Тэлеканал „Белсат”  вядзе анлайн-трансляцыю з месца падзей.

https://www.facebook.com/pg/BELSAT.TV/videos/

https://www.racyja.com/hramadstva/u-kurapatakh-prakhodzits-pratest-supra/

 

 

01.06.2018
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Відэа

праваабарончыя сайты