Навіны

155 гадоў з дня бітвы пад Мілавідамі

3 чэрвеня 1863 года (24 траўня паводле старога стылю) пад вёскай Мілавіды тагачаснага Слонімскага павету (цяпер гэта Баранавіцкі раён) адбылася буйная бітва паміж паўстанцкімі атрадамі і расейскім рэгулярным войскам. 

У сярэдзіне траўня 1863 году ў лагеры пад Мілавідамі сканцэнтравалася некалькі паўстанскіх атрадаў: Слонімскі (на чале з Францішкам Юндзілам), Ваўкавыскі (камандзір Густаў Стравінскі), Гарадзенскі (Аляксандр Лянкевіч), Наваградскі (Вітольд Міладоўскі), Пружанскі (Фелікс Влодэк). Лагер паўстанцаў знаходзіўся ў лесе каля шашы Берасце-Бабруйск. Камандаванне аб’яднанымі сіламі ўзяў на сябе былы падпалкоўнік царскага войска Аляксандар Лянкевіч (Ляндар). 21 траўня паўстанцкія сілы ў мілавідскім лагеры інспектаваў Кастусь Каліноўскі. Агулам паўстанцкія сілы налічвалі каля 800 чалавек.

На паўстанцаў царскія ўлады кінулі войскі са Слоніму і Нясьвіжу. Першай падышла калона са Слоніму (3 роты Стараінгерманляндскага пяхотнага палка з 4 гарматамі і коннай групай) на чале з падпалкоўнікам Булгарыным. 3 чэрвеня расейскія войскі з розных бакоў атакавалі лагер. Бой працягваўся некалькі гадзін, паўстанцы вытрымалі ўсе атакі. Калі стала цямнець, расейскія войскі адступілі на зыходныя пазіцыі, страціўшы 50 чалавек забітымі і параненымі. Паўстанцы страцілі 18 чалавек. На дапамогу расейцам спяшалася калона з Нясьвіжу (2 роты Новаінгерманляндскага палка), і назаўтра атакі аднавіліся, але паўстанцы да гэтага часу пакінулі лагер і адышлі ў розных кірунках.

Паколькі поле асноўнага бою засталося за паўстанцамі, яны сталіся на гэтым полі пераможцамі. Забітыя паўстанцы і царскія вайскоўцы паводле загаду Булгарына былі пахаваны на супрацьлеглых баках шашы.

Па рознаму склаўся лёс асобных паўстанцаў і іх камандзіраў. Францішак Юндзіл у жніўні перадаў камандаванне атрадам Я. Калупайлу, праз некаторы час эміграваў, дзеіў у Кракаве, пазней хварэў і памёр ў Парыжы. Лянкевіч разам з лідскімі паўстанцамі перайшоў Нёман, далей ваяваў у Аўгустоўскай губерні. У верасні 1863 пасля няўдалай бітвы ў Зялёным лесе пад Аўгустовам, выехаў за мяжу. Завочна быў прыгавораны да смяротнай кары. Жыў у ЗША. Фелікс Влодэк таксама змог эміграваць. Вітольд Міладоўскі, атрад якога пазней разбілі, быў арыштаваны і высланы ў Сібір.

На месцы пахавання расейскіх жаўнераў у 1913 годзе быў усталяваны чыгунны крыж.

У гонар паўстанцаў была пабудаваная капліца-помнік у 1933 годзе. У 1990 годзе ўсталяваны яшчэ адзін памятны знак — камень з мемарыяльнай плітой і напісам па-беларуску. У 1993 годзе Мілавідскай сярэдняй школе было прысвоена імя Аляксандра Лянкевіча, памяць пра гэтыя падзеі захоўваецца тут і ў назве вуліцы Паўстанцаў.

У Мілавідскай школе таксама ёсьць музей, прысвечаны паўстанню 1863 года.

03.06.2018

Архіў

Сьнежань 2018
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31

Відэа

праваабарончыя сайты