Навіны

80 гадоў з часу расстрэлу Юркі Лістапада

Доўгі час дакладныя даты нараджэння і гібелі Юркі Лістапада, легендарнага беларускага змагара з бальшавікамі і камуністамі, былі невядомыя. Зараз даследнікі знайшлі дні нараджэння і смерці публіцыста, аднаго з кіраўнікоў Слуцкага паўстання.

Юрка Лістапад нарадзіўся 7 красавіка 1897 года ў мясцовасці Варкавічы (цяпер Слуцкі раён) у сялянскай сям’і. У 1914 годзе скончыў Панявежскую настаўніцкую семінарыю. Працаваў настаўнікам на Случчыне і ў самым Слуцку. У 1918 годзе ў Менску скончыў Першыя Беларускія педагагічныя курсы, адзначаўся педагагічнай радай курсаў за добрае валоданне беларускай мовай і веданне гісторыі Беларусі. Яго выпускны твор “Слуцкае вяселле” Язэп Лёсік надрукаваў у мінскай газеце “Беларусь” у траўні 1920 года. У 1919 годзе працаваў у мінскіх беларускіх выдавецтвах, пераклаў на беларускую мову апавяданне расейскага пісьменніка Уладзіміра Караленкі “Бяз мовы”, камедыі драматурга Аляксандра Астроўскага “Беднасць ня ганьба” і “На бойкім месцы”, а таксама падручнік “Арытмэтыка” Цыгельмана.

Увосень 1919 года Юрка Лістапад накіраваны Беларускай школьнай радай Міншчыны школьным інструктарам у Слуцкі павет, дзе з дапамогай Андрэя Бараноўскага і іншых грамадскіх актывістаў стварыў восем беларускіх школ. Актыўна ўдзельнічаў у працы слуцкіх беларускіх арганізацый (Нацыянальны камітэт, “Папараць-Кветка” ды іншых). У лістападзе 1920 года абраны ў Беларускую раду Случчыны. Стаў адным з кіраўнікоў антыбальшавіцкага Слуцкага збройнага чыну 1920 года.

З 1921 года Лістапад жыў у Заходняй Беларусі, вучыўся на Віленскіх беларускіх настаўніцкіх курсах (адначасна быў іх адказным сакратаром), увайшоў у арганізацыю “Нацыянальная сувязь”, супрацаваў з рознымі газетамі: “Еднасць”, “Беларускія Ведамасці”, “Наша думка”. Быў інструктарам беларускіх школ на Віленшчыне.

У 1922 годзе Юрка Лістапад вярнуўся ў Слуцк. Настаўнічаў, у 1923-25 гадах працаваў выкладчыкам беларусазнаўства на Слуцкіх агульнаадукацыйных педагагічных курсах, дзе пазнаёміўся і пасябраваў з Якубам Коласам. Лістапад стварыў падпольную савецкую арганізацыю, якая мела на мэце паўстанне і вызваленне Беларусі ад Масквы.

Рэпрэсіі не маглі абмінуць актыўнага беларускага дзеяча. Яго арыштавалі 22 лістапада 1925 года, у сакавіку 1926-га засудзілі на 5 гадоў турэмнага зняволення. Вызвалены ў лістападзе 1927 года. Доўгі час не мог уладкавацца на працу, зарабляў грошы як “вольны перакладчык” у Белдзяржвыдавецтве. Зноў арыштаваны летам 1930-га па справе так званага Саюзу вызвалення Беларусі. Вызвалены праз некалькі месяцаў. У ліпені 1933 года перасяліўся ў расейскі горад Ржэў, там працаваў рахункаводам збожжанарыхтоўчага пункту. У кастрычніку 1933 года чарговы раз арыштаваны, ужо па справе “Беларускага нацыянальнага цэнтра”, у студзені 1934-га засуджаны на 8 гадоў зняволення. Этапаваны ў Байкала-Амурскі канцлагер ОГПУ Далёкаўсходняга краю (Свабодны), паводзіў сябе там непакорліва. У жніўні 1935 года на Лістапада была пачата яшчэ адна крымінальная справа. 31 сакавіка 1938 года карнай “тройкай” НКВД за “антысавецкую агітацыю сярод зняволеных” прыгавораны да расстрэлу. Расстраляны па розных звестках 5 чэрвеня ці 5 ліпеня. У Юркі Лістапада засталіся жонка Марыя Стагановіч і дачка Ніна.

У час перагляду палітычных рэпрэсіўных спраў рэабілітаваны 16 ліпеня 1956 года.

 

05.06.2018

Відэа

праваабарончыя сайты