Навіны

“Кожны мае права”: Чалавечая годнасць

Нам не ўдасца ў поўнай ступені зразумець філасофскія асновы канцэпцыі правоў чалавека, калі мы не высветлім для сябе, што такое чалавечая годнасць. Гэтае паняцце з’яўляецца ключавым для разумення канцэпцыі ў цэлым.

Па слядах дапаможніка і перасоўнай экспазіцыі “Кожны мае права ведаць свае правы” у прававым лікбезе ад “Вясны” тлумачым, што такое чалавечая годнасць і яе месца ў канцэпцыі правоў чалавека?

Што такое чалавечая годнасць?

Чалавечая годнасць з’яўляецца крыніцай правоў чалавека. Увесь комплекс правоў і свабодаў існуе менавіта дзеля абароны годнасці чалавека ад замахаў.

Павага да чалавечай годнасці – гэта прызнанне самадастатковай каштоўнасці чалавека. Гэта прыняцце таго факту, што чалавек жыве дзеля рэалізацыі свайго ўласнага патэнцыялу, а не дзеля таго, каб служыць сродкам дасягнення мэтаў іншых людзей.

Ці можна сцвярджаць, што правы былі парушаныя, заўсёды, калі чалавек адчувае крыўду?

Не, гэта не так. Не варта блытаць чалавечую годнасць з той годнасцю, якую разам з гонарам і дзелавой рэпутацыяй абараняе ад замахаў Грамадзянскі кодэкс.

Вядучы польскі абаронца правоў чалавека Марэк Навіцкі прапаноўваў адрозніваць чалавечую і асабістую годнасць.

У якіх дакументах ўзгадваецца годнасць чалавека?

Менавіта чалавечая, а не асабістая годнасць з’яўляецца крыніцай правоў чалавека, і менавіта яна згадваецца ў прэамбулах галоўных міжнародных дакументаў, якімі абвяшчаецца асноўныя правы і свабоды чалавека  - Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Так Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека сваім першым артыкулам замацоўвае:

  • “Усе людзі нараджаюцца свабоднымі і роўнымі ў сваёй годнасці і правах. Яны надзелены розумам i сумленнем i павiнны ставiцца адзiн да аднаго ў духу брацтва”.

А таксама, што:

  • "Ніхто не павінен падвяргацца катаванням або жорсткаму, бесчалавечнаму або прыніжаючаму яго годнасць абыходжанню i пакаранню" (арт. 5);
  • "Кожны чалавек, як член грамадства, мае права на сацыяльнае забеспячэнне i на ажыццяўленне неабходных для падтрымання яго годнасцi i для свабоднага развiцця яго асобы правоў у эканамічнай, сацыяльнай i культурнай галiнах пры дапамозе нацыянальных намаганняў i мiжнароднага супрацоўнiцтва i ў адпаведнасцi са структурай i рэсурсамi кожнай дзяржавы" (арт. 22).

Такім чынам, Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека вызначае годнасць асобы як пэўны пачатак роўнасці, свабоды, справядлівасці, магчымасці самавыяўлення і права на культурны і сацыяльна-эканамічны дабрабыт. Дэкларацыя узводзіць годнасць у разрад вышэйшых прынцыпаў існавання асобы, грамадства, дзяржавы і права.

Годнасць узгадваецца і ў артыкулах Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь:  

  • Дзяржава забяспечвае свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы. Абмежаванне або пазбаўленне асабiстай свабоды магчыма ў выпадках i парадку, устаноўленых законам.

Ніхто не павінен падвяргацца катаванням, жорсткаму, бесчалавечнаму або зневажальнаму да яго годнасцi абыходжанню цi пакаранню, а таксама без яго згоды падвяргацца медыцынскім або іншым доследам (арт. 25).

  • Кожны мае права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё, у тым ліку ад замаху на тайну яго карэспандэнцыі, тэлефонных і іншых паведамленняў, на яго гонар і годнасць (арт. 28).

Ці існуе дакладнае вызначэнне чалавечай годнасці?

Аднак, нягледзячы на значнасць гэтага паняцця, агульнапрынятага вызначэння чалавечай годнасці не існуе. Значна прасцей адчуць яе, калі на яе аказваецца наступ, чым сфармуляваць, што гэта такое, мовай філасофіі або юрыспрудэнцыі.

Але ані тэорыя, ані практычнае ўвасабленне канцэпцыі правоў чалавека немагчымыя без прызнання чалавечай годнасці яе падмуркам.

Што яшчэ варта ведаць?

Чалавечая годнасць – гэта зацвярджэнне падабенства ўсіх людзей і адначасова ўнікальнасці кожнага чалавека.

На думку ўкраінскага праваабаронцы Дзмітрыя Гройсмана, чалавечая годнасць выцякае з фундаментальных біялагічных асаблівасцяў чалавека. З таго, што аб’ядноўвае нас усіх: рэагаванне на боль, патрэба ў зносінах і працягу роду, пэўныя біялагічныя канстанты, такія як дыяпазон камфортных для чалавека тэмператур, і многія іншыя характарыстыкі. Менавіта гэтае “біялагічнае падабенства” фарміруе прыкладна аднолькавыя патрэбы людзей і іх патрабаванні ў адносінах да сябе.

Годнасць чалавека грунтуецца на ўнікальнасці кожнага і кожнай з нас, на непаўторнасці спалучэння асабістых якасцяў, пачуццяў, думак. На прызнанні таго, што ніколі раней не існавала і ўжо ніколі пасля нас у свеце не будзе існаваць такого чалавека, як кожны і кожная з нас.

Разумеючы каштоўнасць гэтага, праваабаронцы заўсёды супраць нават мінімальнага наступу на чалавечую годнасць. Сёння ад неправамерных дзеянняў або бяздзейнасці ўлад пакутуе іншы чалавек – заўтра гэта можа адбыцца з кожным і кожнай з нас. Бо ўсе мы – людзі.

Чытайце таксама: “Кожны мае права”: Паходжанне правоў чалавека


Беларускі варыянт выставы “Кожны мае права ведаць свае правы” быў адаптаваны Праваабарончым цэнтрам “Вяснам” у межах сумеснай дзейнасці Міжнароднай сеткі Дамоў правоў чалавека праграмы “Дом Дому”.

У распрацоўнцы стэндаў выкарыстаны фотаздымкі і ілюстрацыі з конкурсаў, якія праводзіліся Усеўкраінскай асветнай праграмай “Разумеем правы чалавека”, Украінскім Хельсінкскім саюзам правоў чалавека, грамадскай арганізацыі “М’АРТ”.

http://spring96.org/be/news/90046

Відэа

праваабарончыя сайты