Навіны

Былому памочніку прэзідэнта выстаўленае абвінавачанне

 

Былому памочніку прэзідэнта — інспектару па Гарадзенскай вобласці Сяргею Раўнейку выстаўленае абвінавачванне, ён знаходзіцца пад вартай. Пра гэта журналістам паведаміў 6 чэрвеня генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк.

Сёння ж прэс-служба кіраўніка дзяржавы паведаміла, што Сяргей Раўнейка вызвалены ад пасады памочніка прэзідэнта — інспектара па Гарадзенскай вобласці „за ўчыненне правіны, несумяшчальнай са знаходжаннем на дзяржаўнай службе”.

Пра затрыманне буйнога чыноўніка пры атрыманні хабару ў 200 тыс. долараў 30 мая паведаміў Камітэт дзяржаўнай бяспекі. „У поле зроку аператыўных падраздзяленняў Раўнейка трапіў больш як год таму ў сувязі з інфармацыяй пра неаднаразовыя факты атрымання хабараў ад розных асоб за вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю, — гаварылася ў паведамленні КДБ. — З санкцыі кіраўніка дзяржавы праведзеныя аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы па дакументаванні супрацьпраўнай дзейнасці службовай асобы. Пры атрыманні чарговага хабару ён затрыманы з грашыма ў руках”.

У дачыненні да Раўнейкі КДБ распачатая крымінальная справа па ч. 3 арт. 430 КК, санкцыя якой прадугледжвае пазбаўленне волі тэрмінам да 15 гадоў.

Затрыманне Раўнейкі 2 чэрвеня пракаментаваў прэзідэнт: „Ён трапіў у поле зроку больш за паўтара года таму. Скажу шчыра, тут якраз перш за ўсё спрацавалі дэкларацыі аб даходах. Калі вывучэнне ішло кадравае, я задаў пытанне, адкуль такая раскоша: аўтамабілі да дзясятка, кватэры да дзясятка. Не можа звычайны чыноўнік і яго сям’я так жыць. Але падазрэнне падазрэннем, нейкія былі факты. Мы бачылі, што, размаўляючы з бізнесменамі, як паніч (сябе паводзіў). Некаторыя бізнесмены звязаныя з чыноўнікамі, так чыноўнік нешта ім робіць. А гэты, дапусцім, каб у Гродзенскай вобласці тытунём гандлявалі, кажа: вы мне плаціце за гэта. Вёў сябе як злачынец, самы сапраўдны бандыт. Гэта мяне здзівіла„.

Паводле слоў Лукашэнкі, калі яму далажылі пра гэта, ён сказаў пра неабходнасць выяўлення выключнага факту, які б пацвердзіў адпаведную супрацьпраўную дзейнасць. „Прайшоў пэўны час — 200 тыс. долараў. Нават бізнесмены дзівяцца. Гэта ўжо нахабнік вышэйшай ступені. Падчас перадачы гэтых грошай яго затрымалі з грашыма ў руках. Аперацыя рыхтавалася, яна была санкцыянаваная мною”, — расказаў кіраўнік дзяржавы.

 БелаПАН

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/bylomu-pamochniku-prezidenta-vystaul/

06.06.2018
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Відэа

праваабарончыя сайты