Навіны

Курапаты – пратэст не спыняецца

Нягледзячы на папярэднія затрыманні некалькіх актывістаў, акцыя пратэсту супраць рэстарану „Поедем поедим” каля мемарыялу ахвярам сталінсткіх рэпрэсій Курапаты працягваецца.

Увечары 7 чэрвеня былі затрыманы Павел Севярынец, Вольга Нікалайчык і Наталля Гарачка – Басалыга. Пасля складання пратаколаў усіх адпусцілі і ўжо 8 чэрвеня яны зноў удзельнічалі ў пікеце.

Па словах сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца, улады працягваюць перашкаджаць пратэстоўцам:

– Тут людзі, тут зноў пратэст. Затрымлівалі з ранку спачатку варты Дзяніса Урбановіча за надпіс на плоце „Кабак НКВД зачынены”. Людзі размясцілі зноўку плакаты, надпісы і варта працягваецца. Мы падтрымліваем ідэю Змітра Дашкевіча аб дзяжурстве. Каб, напрыклад, партыі, арганізацыі, якія ўдзельнічаюць у абароне, узялі на сябе кожны па дню і людзі не стаялі тут суткамі.

Трэба, каб быў пэўны ўзгоднены графік, калі партыя, рух, ці проста група людзей у пэўныя дні бяруць на сябе варту. Думаю, што на працягу некалькіх дзён мы такі каляндар сфармуем і з наступнага тыдня, магчыма, і пачнем варту ў такім парадку.

Усе дні, што адбываецца пратэст, тут дзяжурыць кінарэжысёр Аляксей Туровіч, які зняў мастацкі фільм па апавяданні Васіля Быкава „Жоўты пясочак” пра Курапаты.

Фота svaboda.org

Кажа Аляксей Туровіч:

– Вось вешалі плакаты, ізноў ахова іх хацела сарваць. Я ім не даў – не смейце, кажу ахове, гэта не вашы плакаты.

Увогуле, хачу спытаць, а дзе сябры іншых партый? Чаму сюды адныя і тыя ж людзі прыходзяць? Дзе „Гавары праўду” Таццяны Караткевіч і Андрэя Дзмітрыева, дзе ліберальна-дэмакратычная партыя Гайдукевічаў, дзе Аб’яднаная грамадзянская партыя Анатоля Лябедзькі, дзе партыя Статкевіча? Яны ўсё ведаюць, а іх тут няма.

І вось купка людзей трымае абарону Курапатаў. Чаму я тут? Тут, дзе стаіць рэстаран, былая ахоўная зона. І вось чамусьці чыноўнікі міністэрства культуры моцна скарацілі ахоўную зону і пабудавалі рэстаран. Гэта незаконны будынак. І я, Аляксей Туровіч, які зняў „Жоўты пясочак”, буду стаяць тут насмерць! Таму што тут столькі людзей знішчылі! 

Рэгулярна наведвае пляцоўку адказны сакратар управы Кансерватыўна- Хрысціянскай партыі Алесь Чахольскі. Ён кажа, што партыя прадпрымае і эканамічныя, і юрыдычныя, і міжнародныя захады:

– Мы нашу святыню будзем бараніць і даможамся банкроцтва гэтага рэстарана, каб яго зачынілі. Таксама будзем дамагацца адкрыцця крымінальных спраў супраць чыноўнікаў Менаблвыканкама, Менскага раёну, міністэрства культуры. Кіраўнік дзяржавы зараз заявіў, што шмат крымінальных карупцыйных спраў заведзена. Так я звяртаюся да МУС, КДБ, пракуратуры – лавіце зоркі на пагоны зараз! Менавіта на гэтым кабаку столькі магчымасцяў. Я таксама звяртаюся да падатковай службы, – як можа ўстанова, якая яшчэ быццам не адчынена, працаваць, штосьці прадаваць, як яны выбіваюць чэкі? Яны робяць ужо эканамічнае злачынства…

Таксама я звяртаюся да беларускага габрэйства. Ужо ж вядома, хто з’яўляецца ўладальнікам гэтага рэстарану. І трэба спыніць гэту міжнародную банду, расейска – амерыканска – ізраільскую. Таму што і беларускія габрэі, як і беларусы, ляжаць у 50 метрах у Курапатах. І гонар ваш – разабрацца з гэтым маральным халакостам!  

Таксама ён сказаў, што грошы, нядаўна ахвяраваныя кіраўніком інтэрнет-рэсурсу TUT.BY Юрыем Зісерам на ўпарадкаванне мемарыялу Курапаты, вырашана накіраваць на сплату штрафаў, якімі пакараны некаторыя ўдзельнікі пікетавання рэстарану.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/pavel-sevyarynets-varta-pratsyagvaetstsa/

09.06.2018

Відэа

праваабарончыя сайты