Навіны

Душыцелі Таццяны Вайтовіч будуць пакараныя

Днямі Адміністрацыя прэзідэнта праз Генпракуратуру краіны апублікавала афіцыйныя дакументы, дзе патрабуецца пакарання афіцыйных асоб Наваградка і Гарадзенскай вобласці, што прызнаныя вінаватымі ў рэпрэсіях супраць  былой ахвяры карнай псіхіятрыі, тады фельчара-лабаранта Наваградскай бальніцы, урача-валіолага па прафесіі Таццяны Вайтовіч. Акурат паўгода споўнілася з яе вызвалення з Гарадзенскай псіхбальніцы, куды наўпрост з вуліцы  з прымяненнем сілы яе прывезлі міліцыянты.

Спадарыня Вайтовіч расказала нашаму радыё пра падзеі, што гэтаму папярэднічалі:

Таццяна Вайтовіч: Так, Генпракуратура ўжо раней пацвердзіла, што мяне прымусова змясцілі ў псіхіятрычны стацыянар. Адначасова раней з Адміністрацыі прэзідэнта далі загад начальніку абласнога ўпраўлення аховы здароўя Стрыжаку, каб ён прыцягнуў да адказнасці вінаватых. Мала таго, што ён ніякага рашэння не прыняў – нават не прыслаў аніякай паперы ў адказ. Чытайце – “паслаў” і саму адміністрацыю.

РР: Але хто і на якім узроўні мусілі быць прыцягнутыя да адказнасці?

Таццяна: Галоўны ўрач Наваградскай бальніцы Сіліч Александр Іванавіч. І сам Стрыжак Александр Аляксандравіч! Гэта ж ён даслаў камісію з 5 чалавек, што рабілі “правільную экспертызу” у адносінах да мяне і не ўтойвалі, што засланыя па яго загадзе. Намеснік міністра аховы здароўя Піневіч, што пастаянна перахопліваў мае лісты і не даводзіў да ведама міністра. Галоўурач Гарадзенскай псіхбальніцы ды іншыя – у судовых інстанцыях будзе цэлы спіс.   Зараз у гэтых людзей, мякка кажучы, вялікія шанцы паляцець з пасад. Мае ж патрабаванні, думаю, будуць выкананыя – вярнуць працу, зняць “групу” і атрымаць кампенсацыю за маральныя выдаткі  – за тое, што са мной вытваралі. У дакументах пракуратуры названыя і незаконныя дзеянні супраць мяне – службовы падлог, бо мяне ўнеслі ў кнігу псіхічна хворых. Таксама службовая халатнасць асоб пры пасадзе, незаконнае змяшчэнне ў псіхіятрычны стацыянар, агалошванне ўрачэбнай таямніцы і непадпарадкаванне рэспубліканскай камісіі МРЭП.

РР: Чаму ў такой краіне, як наша,  Вам – усім смерцям на злосць – усё-ткі ўдалося адстаяць справядлівасць?

Таццяна: Змагалася з карупцыяй у інтарэсах народа, а не жыла, як яны, дзеля уласных карыслівых мэт. Пры чым, з дапамогай жыхароў Наваградка, якія дапамагалі ў выкрыцці злачынстваў. Нагадаю коратка пра іх – незаконна зрабілі платнай працэдуру УЗІ, што забаронена і немагчыма па грошах  для такога беднага горада як Наваградак. Сіліч адкрыў касметалагічны кабінет – прыватную лаўку, расходы на якую аплачваў з бюджэту. Перапрадавалі дарагія прэпараты, што паступалі планава ў бальніцу. Кралі ва ўласных карыслівых мэтах паліва з бальніцы – прычым, з машын хуткай дапамогі. Чалавек тэлефануе ў перадінфарктным стане – а да яго машына праз гадзіну ці болей з’яўляецца. Ці не зразумела да чаго такое “спазненне” прыводзіла?! А ўзяць начальніцу ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, што крала грошы ў інвалідаў – выявілі 3 млн 65 дэнамінаваных рублёў! Супраць такіх людзей буду змагацца надалей, каб яны не сядзелі на крэслах і не кіравалі нашай краінай.

27 чэрвеня Гарадзенскі абласны суд мусіць разгледзець крымінальныя справы, заведзеныя ў дачыненні службовых асоб, што былі датычныя да рэпрэсіўных дзеянняў супраць Таццяны Вайтовіч. 

За гэты час ёй давялося прайсці цярністы шлях па мноству чыноўніцкіх кабінетаў ды інстанцый, каб даказаць незаконнасць дыягназу псіхіятрычных захворванняў. У сувязі з якім яе зрабілі недзеяздольнай. Сама ж лічыць, што ўсё адбылося з-за яе змагання з карупцыяй ды чыноўніцкага бязмежжа ва ўладзе.

Беларускае Радыё Рацыя

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/dushytseli-tatstsyany-vajtovich-buduts-pak/

10.06.2018

праваабарончыя сайты