Навіны
Рэстаран “Поедем поедим” – пад музей “Курапаты”
Рэстаран “Поедем поедим” – пад музей “Курапаты”
Ёсць такая беларуская прымаўка “Дзе бізуны свісталі, там песні звіняць”. Курапаты – гэта далёка не бізуны, бізуноў надавалі і дамоў адпускалі, а потым раны ад бізуноў зажывалі. Раны на душы таксама маглі зажыць. І ад бізуноў на целе зажывалі. Раны ад расстрэлаў у Курапатах не зажывуць ніколі, пакуль будзе жыць беларускі народ і Беларусь. І такіх Курапатаў на шматпакутнай беларускай зямлі шмат, яны ёсць на тэрыторыі кожнага райцэнтра Беларусі. Пра многія Курапаты мы ведаем, пра іншыя нам распавядуць яшчэ архівы і дакументы. Але Курапаты пад Менскам – гэта трагедыя, прычым найвялікшая трагедыя нашага народа. Там карнікі НКВД расстралялі ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек. Уявіце – тысячы чалавек, сярод якіх самыя разумныя, самыя адукаваныя, самыя шчырыя і самыя прыгожыя.
Слонімскі паэт Рудольф Пастухоў (1936-1997) у кастрычніку 1988 года надрукаваў у газеце “Літаратура і мастацтва” верш ”Курапаты”, які тады выклікаў шмат станоўчых водгукаў. Моцная дакладная рыфма гучала водгукамі стрэлаў, якія знішчалі тут усё жывое, нават тое, што забіць нельга:
…Тут сталінізм
Шалёна рваў –
Як вецер века
Хрыбет гісторыі ламаў
І чалавека…
Пляўком свінцовым са ствала –
Ва ўпор ахвярам…
Крыж накрыж целы,
Пах крыві
І жах на тварах.
Свідруюць кулі чарапы
Ўначы без свісту:
І камсамольца,
Й мужыка,
І камуніста…
І лёсы новых шамацяць
Ў стале Цанавы –
А целы зноў і зноў ляцяць
На дно канавы…
І апошняя страфа ў вершы гучыць так:
Ці не маёй матулі крык
Слых рэжа з-пад лапаты?
Павінен нехта адказаць
За Курапаты.
Магчыма нехта і адкажа за Курапаты, але сёння, дзе “свідравалі кулі чарапы” пра пабудовы нейкіх культурных устаноў наогул размовы быць не можа. Гэта грэх перад нашых народам, перад тымі, хто загінуў, і перад Богам. Таму хочацца, каб усе гэтыя спрэчкі для нас, беларусаў, скончыліся мірна і спакойна. Бо ў Курапатах расстраляны нашы людзі, нашы дзяды і прадзеды, нашы бацькі, нашы браты і сёстры. Там усе сваякі: і тых, хто абараняе Курапаты, і тых, хто будаваў гэты рэстаран, і тых, хто яго гаспадар. Калі б я быў уласнікам гэтага рэстарана, шчыра скажу, я б перадаў сам будынак пад музей для Курапатаў. Калі ў чалавека знайшлося грошай на яго пабудову, то не збяднеў бы ён з-за гэтага памяшкання. Проста, трэба прыехаць да тых людзей, якія сёння абараняюць Курапаты, папрасіць прабачэння і сказаць, што тут будзе не ““Поедем поедим”, а прыедзем і паглядзім на тое, каб больш яно ніколі не паўтарылася. Тут будзе музей Курапатаў.