Навіны

Зубны боль і нервы «вапняка»

Тыдзень назад, пішучы пра своеасаблівасці стану здароўя мужчынскага полу, які дасягнуў пяцідзесяцігадовага ўзросту, я не спадзяваўся, што хіба сам для сябе выклікаў воўка з лесу. Для мяне, пушчанскага дзіка, успамін пра воўка можа выклікаць толькі зубны боль. І то не толькі ў пераносным сэнсе, але і ў рэальным. Менавіта ўвесь мінулы тыдзень майго зямнога блукання прайшоў пад знакам невыноснага зубнога болю. Праз яго ўсе божыя дні з панядзелка па нядзелю мелі на мэце адно: уціхамірыць балючае адчуванне сваёй недасканалай фізічнасці. Блуканне паміж дантыстамі і абязбольваючымі пілюлямі выклікалі не толькі фізічную раздражненасць арганізма, але і псіхічную, а менавіта прывялі мяне да нейкага адчайнага думання пра ўвесь род чалавечы і яго мяжу непадатлівасці на такія выпрабаванні. У маёй галаве, ачмурэлай і атупелай ад усіх праглынутых таблетак, усё ж такі нараджаліся вобразы і думкі наконт гісторыі зубнога болю ў яго гістарычным ці народным вымярэнні.

На хвіліну можам сабе ўявіць сярэднявечны гарадскі базар, на якім багата апрануты шарлатан абвяшчае крыкліва, што патрапіць бязбольна вырываць зубы. Карыстаючыся ашуканствам, пры дапамозе кампаньёна добраахвотніка, які быццам неахвотна выступае з натоўпу, сімулюе вырыванне яму загадзя падрыхтаванага, запэцканага крывёю зуба і паказвае яго потым натоўпу гледачоў. Змучаныя зубным болем людзі, пабачыўшы такое бязбольнае дзіва, хутка рыхтуюць свае і сямейнікаў грошы і ў доўгай чарзе чакаюць збаўлення. Шарлатан мае пры сабе і ашуканскую групу трубачоў і бубначоў, якія гучнай музыкай проста заглушваюць крыкі наіўных хворых. Нешчасліўцы заставаліся без зубоў, грошай і часта са смяротным сэпсісам. У мінулым беднае грамадства найчасцей карысталася паслугамі цырульнікаў ці звычайных кавалёў. Нездарма такія працэдуры пакінулі нам у моўную спадчыну мянушкі выканаўцаў такіх паслуг, а нават лекараў, якіх у народзе і надалей часта называюць зубалупамі або шкурадзёрамі.

Боль зубоў спасцігаў пароўну і багатых, і бедных ― звычайнага селяніна, і магутнага караля ці магната. У багатых хвароба і патрата зубоў была нават хутчэйшай, бо звязана яна яшчэ з адной прыкметай багацця ― са спажываннем цукру і салодкіх вырабаў. Менавіта хуткае развіццё карыёзу (próchnicy) звязанае перш за ўсё з празмернай колькасцю спажываных прадуктаў з наяўнасцю цукру. Раней думалі, што ў хваробе зубоў вінаватыя нейкія таемныя чарвякі, якія іх з’ядаюць. Без зубной пасты і шчоткі гніласны працэс вокамгненна не дазваляў усміхацца шырокім ротам дамам і панам з мінулых эпох. Нездарма, калі глядзім гістарычнае мастацкае кіно, заўважаем, што добрыя грымёры заўсёды памяталі, што выгляд як панскага, так і сялянскага рота амаль не адрозніваўся да васямнаццатага стагоддзя. Бо толькі тады на парыжскіх салонах з’явілася запатрабаванне і мода тадышняй эліты на штучныя зубы. Тады таксама з’явілася новая лекарская спецыяльнасць ― стаматолаг.

Выбягаючы наперад з часоў сярэднявечча ў канец дваццатага стагоддзя, успамінаецца мне, як на падляшскіх вёсках і ў мястэчках пасля развалу Савецкага Саюза з’явіліся адтуль дзясяткі дантыстаў, або можа і падшыванцаў, якія пазбаўленым рэальнай зубной дапамогі вяскоўцам прапанавалі ўсё рваць і рваць, што яшчэ было ў роце, а на пустое месца ставіць зубы і пратэзы. Гэтыя астатнія не вытрымлівалі часта нават і паўгода. І ехалі на роварах, а нават яшчэ і на фурманках пажылыя сяляне, якім было не да далёкіх, прыватных, гарадскіх кабінетаў, а проста, не ломячы язык, пад музыку ўсходніх суседзяў, пусканай у прыёмных, «ладзілі» не толькі свае бяззубыя ўсмешкі, але вярталіся часта і з закупленай у дантыста бутэлькай гарэлкі ці спірту, або з іншымі непатрэбнымі кухоннымі прычындаламі. Бо ж нашым людзям не адказацца ад такіх прапаноў «лекараў чарадзеяў».

Займаючыся сваімі зубнымі справамі і гістарычнымі паралелямі, зусім страціў я цікаўнасць да падзей у медыйна грамадскай прасторы. І калі ў мінулую нядзелю пачаў я цікавіцца тым, што зараз там адбываецца, так хутка адтуль выйшаў, як і зайшоў. Бо ад прачытанага і пачутага ў любую хвіліну пагражала мне вяртанне не толькі зубнога, але і галаўнога болю. А таго сабе і шаноўным чытачам не жадаю.

 

14.06.2018

Архіў

Кастрычнік 2018
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031

Відэа

праваабарончыя сайты