Навіны

60 гадоў з дня смерці Уладзіміра Пігулеўскага

   Беларускі грамадскі дзеяч Уладзімір Пігулеўскі нарадзіўся 10 сакавіка 1889 года ў Гародні ў сям’і калежскага сакратара гарадской управы. Неўзабаве бацькі пераехалі ў Менск. Там ён у 1907 годзе скончыў мужчынскую класічную гімназію. Далучыўся да рэвалюцыйнага гуртка, браў удзел у дэманстрацыях. У 1908 годзе паступіў у Пецярбургскі ўніверсітэт на гісторыка-філалагічны факультэт. Адначасна працаваў у “Прадамеце” – вялізным металургічным сіндыкаце.

   З 1912 года на вайсковай службе ў Гародні, з пачатку Першай сусветнай вайны ў рэгулярнай арміі. Ваенная кар'ера расцягнулася да 1917 года. За мужнасць і гераізм у баях узнагароджаны ордэнамі Святой Ганны і Святога Станіслава. Пасля вайны Пігулеўскі на некаторы час апынуўся ў польскай турме, потым цяжка хварэў, нават быў пры смерці, перабіваўся выпадковымі заробкамі. У гэты час далучыўся да беларускага нацыянальна-адраджэнскага руху, займаў адказныя пасады пры кіраўніцтве БНР, быў службоўцам для спецыяльных даручэнняў пры Міністэрстве замежных спраў, удзельнічаў у Беларускай нацыянальна-палітычнай канферэнцыі ў Рызе. Жыў у Менску, Вільні, Коўне.

   У 1922 годзе па запрашэнні дырэктара Дзяржаўнай беларускай гімназіі ў Дзвінску Івана Краскоўскага Пігулеўскі прыехаў у Латвію, працаваў у Дзвінскай беларускай гімназіі. З вясны 1924 года займаў пасаду дырэктара Люцынскай (Лудзенскай) гімназіі. У гэты ж час перакладаў на беларускую мову латышскага драматурга Рудольфа Блаўманіса. Паралельна складаў падручнікі для беларускіх дзяцей у Латвіі. Рэакцыйныя колы латвійскага ўрада, якія не жадалі бачыць беларусаў самастойнай нацыяй, прыдумалі так званую Беларускую справу. На судовым працэсе 1925 года беларускіх настаўнікаў звінавацілі ў зносінах з Савецкай Беларуссю і намеры далучыць да яе частку Латвіі. Быў арыштаваны і Пігулеўскі. Віна не была даказана, але некаторых беларускіх дзеячаў выслалі за межы Латвіі, а частку беларускіх школ, у тым ліку Люцынскую гімназію, зачынілі. Пігулеўскага апраўдалі, але пазбавілі права займацца педагагічнай дзейнасцю. Ён  пераехаў у Рыгу, уладкаваўся ў Транзітны кааператыўны банк. Працягваў культурна-асветніцкую працу. Сем гадоў (1927-34) быў кіраўніком Беларускага аддзела пры Міністэрстве асветы Латвіі. У 1926 годзе ўдзельнічаў у акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу, арганізаванай Інбелкультам. Далучыўся да сацыял-дэмакратычнай партыі, прайшоў у Сейм ад Латгаліі.
   Пры рэжыме Ульманіса ў Латвіі пачаўся перыяд рэпрэсій. Зачыняліся нацыянальныя школы, прэса. Пігулеўскага звольнілі з працы, потым арыштавалі і выслалі ў Ліепайскі лагер. Пасля вызвалення працаваў у Міністэрстве асветы школьным інспектарам. На пачатку вайны перапраўляў у тыл дзяцей з Латгаліі. У Саратаўскай вобласці быў дырэктарам сярэдняй школы, інспектарам РАНА, у Мянгерах (Татарстан) працаваў выхавальнікам у дзіцячым доме з латышскімі дзецьмі. Вярнуўшыся ў 1945 годзе з эвакуацыі, Пігулеўскі працягваў педагагічную дзейнасць у Рыжскай мараходнай вучыльні. У 1950 годзе пайшоў на пенсію.
   Літаратурная спадчына Уладзіміра Пігулеўскага ўключае спробы ў галіне прозы, паэзіі, драматургіі, публіцыстыку. Перадусім яго талент раскрыўся ў галіне мастацкага перакладу. Гэтаму спрыяла добрае веданне замежных моў (французскай, латышскай, чэшскай, польскай, украінскай). У 1957 годзе Уладіміра Пігулеўскага прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Памёр беларускі дзеяч 17 чэрвеня 1958 года.

Уладзімір Хільмановіч

16.06.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты