Навіны

У Парэччы адбылася традыцыйная акцыя ўшанавання герояў (фота)

17 чэрвеня ў мясцовасці Парэчча, што ў Слонімскім раёне адбылася традыцыйная акцыя ўшанавання паўстанцаў 1830-33 гадоў.

Да памятнага крыжа ў гонар паўстанцаў, які знаходзіцца на могілках вёскі Парэчча, акрамя слонімцаў прыехалі грамадскія актывісты з розных рэгіёнаў Беларусі.

Яшчэ ў 2013 годзе на мемарыяльнай старой пліце, якая была пастаўлена ў 2003 годзе, адкрылі новую мармуровую пліту Міхалу Валовічу і яго сябрам-паўстанцам. Пліта была зроблена, дзякуючы фінансавай дапамозе гродзенскага грамадскага актывіста Аляксандра Талерчыка, які родам з вёскі Парэчча і які некалі напісаў і выдаў кнігу пра родную вёску і Міхала Валовіча.

Міхал Валовіч быў родам з вёскі Парэчча Слонімскага павета, ён там меў маёнтак і ўласную зямлю. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Беларусь была цалкам акупіравана расейскімі войскамі. Цягам няпоўных ста гадоў беларусы тройчы ўздымалі меч барацьбы супраць нацыянальнага ворага – Масквы. Адным з самых магутных было паўстанне 1830 – 1831 гадоў. Чынным яго ўдзельнікам быў 27-гадовы юнак са Слонімшчыны Міхал Валовіч.

Штогод слонімцы разам з іншымі патрыётамі Беларусі прыязджаюць у Парэчча і ўшаноўваюць нацыянальных герояў. Сёлетняя мірная акцыя памяці як звычайна прайшла спакойна і без нейкіх эксцэсаў.

18.06.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты