Навіны

Міклаш Харасці прадставіць свой апошні даклад па Беларусі

Міклаш Харасці. ДПЧ у Вільні, 31 студзеня 2018 г.

Міклаш Харасці. ДПЧ у Вільні, 31 студзеня 2018 г.

Спецыяльны дакладчык ААН Міклаш Харасці прадставіць свой чарговы даклад па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі на 38-й сесіі Савета па правах чалавека 25 чэрвеня ў Жэневе (Швейцарыя).

Даклад ахоплівае перыяд з 1 красавіка 2017 года да 30 красавіка 2018 года, але як адзначае спецдакладчык, у яго ўключаецца агляд усяго шасцігадовага перыяду дзеяння мандату з доказамі цыклічнасці праблемаў з правамі чалавека ў Беларусі.

Як і ў папярэднія гады ў сілу немагчымасці ажыццявіць паездку ў краіну для азнаямлення з сітуацыяй на месцы, спецыяльны дакладчык выкарыстоўваў у якасці асновы для сваёй ацэнкі заявы і справаздачы ўрада і шматлікія паведамленні, якія ён атрымаў ад суб'ектаў грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў, сваякоў палітычных зняволеных і зніклых без вестак асобаў, дыпламатаў і структураў ААН.

Міклаш Харасці адзначыў, што з таго моманту, як Савет па правах чалавека заснаваў мандат Спецдакладчыка, жыццё ў Беларусі рэгламентавалася мэтанакіраванай рэпрэсіўнай прававой базай, што пагаршалася рэпрэсіямі з прымяненнем гвалту ў дачыненні да мірных дэманстрантаў, няўрадавых арганізацый, палітычных апанентаў, праваабаронцаў і супрацоўнікаў незалежных СМІ, якія рэгулярна паўтараюцца і цэнтралізавана плануюцца.

Больш за тое, працягваліся парушэнні права на жыццё ў выглядзе рэгулярнага ўжывання смяротнага пакарання.

“Урад не спрабаваў выправіць наступныя укаранелыя сістэмныя недахопы ў галіне правоў чалавека: адсутнасць вяршэнства права, падаўленне выказвання любой нязгоды, адсутнасць плюралізму сродкаў масавай інфармацыі і неабходнасць атрымання дазволаў для ажыццяўлення права на свабоду асацыяцыі і мірных сходаў. Практыка пазбаўлення грамадзян іх грамадзянскіх і палітычных правоў працягвае аказваць згубны ўплыў на ажыццяўленне эканамічных, сацыяльных і культурных правоў”, - гаворыцца ў дакладзе.

У ім адлюстроўваюцца праблемы, звязаныя са свабодай меркавання і сродкаў масавай інфармацыі, свабодай асацыяцыяў і свабодай мірных сходаў, становішчам грамадзянскай супольнасці, катаваннямі і іншымі відамі жорсткага абыходжання, адвольнымі затрыманнямі і арыштамі, гвалтоўнымі знікненнямі і наяўнасцю палітычных зняволеных у краіне, а таксама праблемы смяротнага пакарання, непразрыстасці і фальсіфікацыі выбараў, залежнасці суддзяў і адвакатаў ад органаў улады, гендэрнай і іншых відаў дыскрымінацыі.

Акрамя таго, асобна Спецдакладчык падкрэслівае становішча праваабаронцаў, і адзначае, што хоць Беларусь і не адзіная краіна, якая пераследуе праваабаронцаў, а іх становішча ўвесь час пагаршаецца, аднак, такі пераслед ажыццяўляецца па ініцыятыве ўрада і носіць сістэмны характар.

Паколькі ніякага адчувальнага прагрэсу ў вырашэнні сістэмных праблемаў не было дасягнута, Спецыяльны дакладчык лічыць, што няма ніякіх прычын для спынення міжнароднага кантролю за становішчам у галіне правоў чалавека ў Беларусі, тым больш што механізмы рэгіянальнага кантролю адсутнічаюць з-за выключэння Беларусі са складу членаў Савета Еўропы з-за захавання ў Крымінальным кодэксе смяротнага пакарання і яе рэгулярнага ўжывання”, —  прыходзіць да высновы Міклаш Харасці і лічыць, што захаванне яго мандату мае ключавое значэнне для выжывання ядра арганізацый грамадзянскай супольнасці, якія займаюцца пытаннямі правоў чалавека.

Паўнамоцтвы Міклаша Харасці на пасадзе Спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі скончваюцца напрыканцы кастрычніка бягучага года. Да гэтага часу, акрамя прадстаўлення даклада на сэсіі Савета па правах чалавека ААН, ён прадставіць яго і на Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку.

Нагадаем, мандат Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Савет па правах чалавека ААН увёў у 2012 годзе ў сувязі з масавымі рэпрэсіямі ў краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Урад Беларусі не прызнае мандат спецдакладчыка і адмаўляецца ад узаемадзеяння з ім. За ўсе гады на пасадзе спецдакладчыка Міклаш Харасці не меў магчымасці наведаць Беларусь, паколькі для гэтага неабходна афіцыйнае запрашэнне ўладаў. Але на пачатку ліпеня 2017 года Харасці прыехаў у Мінск па запрашэнні АБСЕ да ўдзелу ў мерапрыемствах 26-й сесіі ПА АБСЕ і таксама стаў госцем Паралельнага форуму грамадзянскай супольнасці. Тады ён выказаў спадзяванне, што візіт у Беларусь стане першым крокам на шляху да афіцыйнага прызнання мандата краінавага спецдакладчыка ААН, аднак МЗС Беларусі заявіў, што пазіцыя афіцыйнага Мінска не зменіцца.

 
http://spring96.org/be/news/90124
 

Відэа

праваабарончыя сайты