Навіны

Беларускія ІП церпяць з-за нявыканання эканамічных пагадненняў ЭЭЗ

Міжнародныя эканамічныя пагадненні Еўразійскага эканамічнага звяза застаюцца толькі на паперы – заявілі сябры грамадскага аб’яднання „Перспектыва”. Законы не выконваюцца і цяжкімі выдаткамі кладуцца на беларускіх прадпрымальнікаў. Асабліва для раздробнага гандлю.

Дэлегацыя Еўразійскай эканамічнай камісіі, якая наведала Менск 15-га чэрвеня, мела час сустрэцца з прадстаўнікамі грамадскага аб’яднання „Перспектыва” . Старшыня дэлегацыі, міністр Цімур Жаксылыкаў пачуў прэтэнзіі беларускіх прадпрымальнікаў і будзе прымаць адэкватныя меры, мяркуе сябра „Перспектывы” з Гародні Андрэй Шасцяракоў.

– Што мы маем на практыцы? На практыцы мы маем тое, што і ў Расейскай Федэрацыі, і ў Беларусі дадзенае заканадаўства канкрэтна і пастаянна парушаецца. Пра гэта і была размова пасля паседжання камісіі. Нашага прадпрымальніка, які закупаецца ў Расейскай Федэрацыі, на працэнтаў 50 могуць падставіць. У Расеі няма такога дакладнага выканання заканадаўства Еўразійскага эканамічнага звяза, як у нас, у Белаусі.

Правілы гульні ў агульнай эканамічнай прасторы павінны быць роўныя, а не на карысць толькі аднаго гульца – Расейскай Федэрацыі, перакананы індывідуальныя прадпрымальнікі Беларусі. Масавыя выступленні прадпрымальнікаў 2016 года, на думку кіраўніцтва „Песпектывы”, былі звязаны з рашэннямі Еўразійскай эканамічнай камісіі. Цяпер прадстаўнікі „Перспектывы” дамовіліся з міністрам Жаксылыкавым пра сталы кантакт па пытаннях выканання заканадаўства Еўразійскага эканамічнага звяза на месцах. Таксама Цімур Жаксылыкаў запрошаны на восеньскі форум прадпрымальнікаў у Беларусь.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Чытай больш на: https://www.racyja.com/ekanomika/belaruskiya-pradprymalniki-tserpyats/

19.06.2018

Відэа

праваабарончыя сайты