Навіны

БНК правядзе 3-га ліпеня акцыю вызвалення і салідарнасці

3-га ліпеня, калі ў Рэспубліцы Беларусь афіцыйна адзначаецца Дзень Незалежнасці, Беларускі Нацыянальны Кангрэс правядзе акцыю вызвалення і салідарнасці. Яна пройдзе а 13-й гадзіне каля станцыі метро “Парк Чэлюскінцаў”. Пра мэты акцыі і пытанні, якія будуць на ёй узнятыя, гаворыць кіраўнік БНК Мікалай Статкевіч:

– У гэтым годзе іх дзве. Гэта салідарнасць, таму што ізноў з’явіліся палітвязні, крымінальныя справы, у тым ліку супраць лідараў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка. Генадзь з’яўляецца старшынём камісіі Рады БНК па сацыяльным пытанням і эканоміцы. Ён наш сябар. Мы абавязаны яго бараніць. Я не кажу пра тое, што зараз пераследуюцца БелаПАН, вашыя калегі, „Белсат”, „Хартыя’97”, палітвязні сядзяць.

Мікалай Статкевіч лічыць, што тэма свабоднай журналістыкі мае вялікае значэнне, а таму яе трэба ўздымаць і на акцыі 3-га ліпеня. Журналісты “Радыё Рацыя”, “Белсату” і іншых медыя пераследуюцца, брутальна затрымліваюцца, штрафуюцца за незаконны выраб прадукцыі СМІ і атрымліваюць адмовы ў акрэдытацыі.

Палітык прапанаваў актывістам, якія штодня збіраюцца ў Курапатах на абарону ахоўнай зоны, правесці другую частку акцыі, запланаванай на 3-га ліпеня. Кажа Мікалай Статкевіч:

– Курапаты зноў выцягнулі гэтую тэму ўлады. Я прапанаваў калегам, якія бароняць ахоўную зону, каб яны далучыліся і зрабілі другую частку нашай акцыі , калі яны палічаць гэта неабходным. Мы збярэмся на праспекце Незалежнасці, правядзём там акцыю салідарнасці і вызвалення. Потым ускладзём кветкі да братняй магілы савецкіх салдат, якія загінулі пры вызваленні Менска. А пасля будзе магчымасць перайсці праз праспект і ўскласці кветкі да крыжа ў парку Чэлюскінцаў, дзе таксама адбываліся расстрэлы.

На акцыі вызвалення і салідарнасці будзе ўзнятая і тэма Курапатаў, у якіх пабудавана рэстарацыя, нягледзячы на ранейшае прадпісанне Генеральнай пракуратуры пра знос будынка.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Чытай больш на: https://www.racyja.com/palityka/bnk-pravyadze-3-ga-lipenya-aktsyyu-vyzvalen/

20.06.2018
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Відэа

праваабарончыя сайты