Навіны

85 гадоў з дня расстрэлу Мікалая Шамяцілы

Дакладная дата нараджэння святара дагэтуль невядомая. Нарадзіўся Мікалай Шамяціла ў 1877 годзе ў вёсцы Аброва Пінскага павету (цяпер Івацэвіцкі раён). Паходзіў са шматдзетнай сям’і праваслаўнага святара Івана Шамяцілы. Скончыў Пінскае духоўнае вучылішча, прыблізна ў 1897 годзе ў ліку лепшых выпускнікоў Мінскую духоўную семінарыю. Неўзабаве ажаніўся. У 1899 годзе рукапаложаны ў іярэя. Прызначаны настаяцелем Параскева-Пятніцкай царквы вёскі Мясяцічы Пінскага павету. З 1902 года выкладаў Закон Божы ў Мінскім жаночым вучылішчы на вуліцы Шырокай. З 1903 года настаяцель Свята-Троіцкага храма вёскі Белавуша Пінскага павету (цяпер Столінскі раён).

У 1904 годзе Шамяціла паступіў у Маскоўскую духоўную акадэмію, якую скончыў са ступенню кандыдата багаслоўя ў 1908 годзе. Вярнуўся ў Беларусь. Служыў у Міхайлаўскай царкве ў Востраве паблізу Слуцка. У красавіку 1914 года прызначаны настаяцелем Слуцкага Мікалаеўскага кафедральнага сабора, старшынём Слуцкага аддзялення Епархіяльнага вучылішчнага савету з наданнем сану протаіярэя. У час польска-савецкай вайны 1919-20 гадоў падтрымліваў кантакты з Слуцкім беларускім нацыянальным камітэтам, культурна-асветніцкім таварыствам “Папараць-кветка”. Выказваў ідэі беларускага нацыянальнага адраджэння. Хоць дакументаў пра сувязі айца Мікалая з кіраўнікамі Слуцкага збройнага чыну не захавалася, можна сказаць, што яго незалежніцкія казанні ўмацоўвалі патрыятычны дух случакоў і прывялі многіх з іх у шэрагі паўстанцаў. У студзені 1920-га рэзідэнт Часовага Беларускага нацыянальнага камітэту па Слуцкім павеце Андрэй Бараноўскі ў адной з сваіх справаздачаў не без здзіўлення пісаў у менскую ўправу ЧБНК: “Знайшоў у Слуцку прыхільніка беларускага, папа, які з амбону гаварыў сялянам а Беларусі і а патрэбе яе незалежнасці. Дэкляраваў і далей настаўляць сялян у гэтым кірунку. Прасіў прысылаць газету і літаратуру”.
 У пачатку 1920-ых гадоў Мікалай Шамяціла ідэйна зблізіўся з прыхільнікамі аўтакефаліі праваслаўнай царквы Беларусі – епіскапам Бабруйскім Філарэтам (Раменскім), святаром Уладзімірам Бірулем. Погляды святара не маглі прайсці міма карнай сістэмы. Першы раз Шамяцілу арыштавалі ў 1926 годзе, пазней адпусцілі. У 1929 годзе арыштавалі яго сына, які служыў псаломшчыкам, засудзілі на тры гады канцлагеру. Па сведчанні святара Валерыяна Навіцкага, у канцы 1920-ых гадоў уладыка Мікалай зусім аглух ад нервовых перажыванняў. Аднак надалей выконваў святарскія абавязкі.

У 1933 годзе асобай нарадай пры ОГПУ Мікалай Шамяціла засуджаны за “контррэвалюцыйную прапаганду і агітацыю” і як “кіраўнік Слуцкага контррэвалюцыйнага філіяла арганізацыі “Езуіт” да 8 гадоў савецкага канцлагеру. Абвяшчэнне свайго прысуду ён перажыў усяго на два тыдні. Афіцыйная дата смерці – 23 чэрвеня 1933 года. Згодна адной з версіяў, уладыка Мікалай памёр ад тыфусу, згодна другой – быў расстраляны ці закатаваны ў Менскай турме і таемна пахаваны на гарадскіх лютэранскіх, так званых Нямецкіх  могілках. Паводле савецкай завядзёнкі могілкі тыя з часам ператварыліся ў сквер (цяперашняя вуліца Купрыянава беларускай сталіцы).

Уладзімір Хільмановіч

  

 

 

23.06.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты