Навіны

Абаронцы Курапатаў сустрэнуцца з уладальнікамі „Поедем поедим”

Прадстаўнікі грамадскасці ўзгаднілі адзіную пазіцыю па абароне Курапатаў і гатовыя абмеркаваць яе з уладальнікамі забаўляльнага комплексу з рэстаранам „Поедем поедим”. Яны прапануюць правесці сустрэчу 27 чэрвеня на пляцоўцы партала tut.by.

Як паведаміў БелаПАН сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец, асноўныя пункты гэтай пазіцыі наступныя: праца рэстарана павінна быць спыненая; неабходна правесці незалежнае грамадскае расследаванне абставінаў будаўніцтва з удзелам усіх зацікаўленых бакоў; выкуп рэстарана грамадскасцю непрымальны.

Гэтую пазіцыю падзяляюць абаронцы Курапатаў, грамадскія і палітычныя актывісты Марат Гаравы, Зміцер Дашкевіч, Рыгор Кастусёў, Алег Корбан, Вольга Нікалайчык, Эдуард Пальчыс, Павел Севярынец, Вячаслаў Сіўчык, Ганна Шапуцька.

25 чэрвеня ля забаўляльнага комплексу з рэстаранам „Поедем поедим” пройдзе сустрэча аргкамітэта ў абарону Курапатаў, на якой плануецца абмеркаваць гэтае пытанне.

Акцыі супраць працы забаўляльнага комплексу каля месца масавых расстрэлаў і пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій праходзяць штодня з 31 мая. Іх удзельнікі настойваюць на закрыцці або пераносе комплексу.

22 чэрвеня старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў сустракаўся з адным з уладальнікаў забаўляльнага комплексу ў Курапатах Леанідам Зейдэсам. Сустрэча адбылася з ініцыятывы ўладальнікаў комплексу. Паводле слоў Кастусёва, яны прапанавалі тры варыянты вырашэння праблемы.

Першы — продаж комплексу па сабекошце. Новы ўладальнік, калі ён будзе да гэтага гатовы, мог бы перадаць яго грамадскасці пад музей.

Другі — уладальнікі ўкладваюць свае сродкі ў рэканструкцыю мемарыяла (размова ішла пра суму да 100 тыс. долараў), а таксама змяняюць фармат установы з забаўляльнага на сямейны, які б наведвалі бацькі з дзецьмі.

Трэці — уладальнікі гатовыя перадаць адзін з будынкаў для размяшчэння ў ім музея. Яны гатовыя за свой кошт забяспечыць яго камунікацыямі і адгарадзіць ад астатняга комплексу, каб быў асобны ўваход з боку мемарыяла, а таксама памяняць фармат установы.

На сустрэчы таксама абмяркоўвалася магчымасць правядзення круглага стала з удзелам усіх зацікаўленых бакоў. Называлася дата 29 чэрвеня.

БелаПАН

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/abarontsy-kurapatau-sustrenutstsa-z-ula/

25.06.2018
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Архіў

Лістапад 2019
123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930

Відэа

праваабарончыя сайты