Навіны

Гарадзенскія „Курапаты” – дзе яны?

Месцам знішчэння абаронцаў Гародні 1939 года  з’яўляецца гарадская турма і так званая “Сабачая горка”, урочышча “Сакрэт” і “Пышкі”.  Менавіта іх можна назваць гарадзенскімі “Курапатамі”.  Гарадзенскія даследчыкі падзей 1939 года сцвярджаюць, што дакладнае месца пахавання абаронцаў Гародні будзе вядома, калі адкрыюць архівы КДБ.

Гісторык Алесь Смалянчук лічыць адным з самых выдомых месцаў расстрэлу абаронцаў Гародні турму ў цэнтры горада:

– Я магу карыстацца толькі ўспамінамі людзей, якія распавядалі пра гэта, і з вялікай доляй пэўнасці магу сказаць, што такім найбольш значным месцам з’яўляецца тэрыторыя гарадзенскай турмы – былы паезуіцкі касцёл і кляштар у самым цэнтры горада. Бо там адбываліся расстрэлы з 1939  па 1941 год. Вядома, што пазней немцы таксама там расстрэльвалі, у тым ліку і жыдоў. І потым тыя ж немцы ў 1943 годзе, была аперацыя па знішчэнні слядоў рэпрэсій, палілі тое, што ляжала ў зямлі.

На думку журналіста Анджэя Пачобута, які займаецца даследаваннем падзей 1939 года, такіх месцаў вакол горада вялікая колькасць:

– У Гародні такое месца – гэта “Сабачая горка”. Гэта месца, дзе расстраляна група моладзі, якая бараніла Дом стралка. Такія расстрэлы адбываліся, верагодна, у лесе “Сакрэт” і таксама ў Панямуні. Буйных раскопак не было. Быў выпадак, калі пры будаўніцтве ў 90-я гады знайшлі парэшткі 86 абаронцаў Гародні. І ў 1994 годзе іх пахавалі. Прычым улады вельмі доўга не давалі згоды на гэтае пахаванне. І гэтыя парэшткі захоўваліся ў касцёле.

Гарадзенскія гісторыкі і краязнаўцы ўпэўненыя, што ўсе абаронцы горада 1939 года павінны быць ушанаваны помнікам у цэнтры Гародні, аднак, на іх думку, гэта адбудзецца, калі зменіцца ўлада і адкрыюцца архівы і будуць вядомыя месцы расстрэлаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота grodno.in

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/garadzenskiya-kurapaty-dze-yany/

25.06.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты