Навіны

Каму візы, а каму сюрпрызы

Праглядаючы стужку еўрапейскіх навінаў, напароўся на наступнае паведамленне – 19 чэрвеня ад імя Рады Еўрапейскага звязу амбасадары краінаў Еўразвязу ўхвалілі мандат на перамовы з Еўрапарламентам па зменах у візавы кодэкс. Калі можа быць прынятае канчатковае рашэнне, не ўдакладняецца. А вось сярод прапанаваных зменаў – падаражанне візаў да 80 еўра з цяперашніх 60. Такія змены анансавала Еўракамісія.

На пачатку нават увагі не звярнуў на гэтую навіну. Проста падумаў: “Рабіць ім больш няма чаго, як толькі размаўляць пра нейкія лішнія 20 еўра за візу. Як быццам бы яны, гэтыя 20 еўра, некага змогуць абагаціць або збядніць?” А пасля змяніў сваю думку як крыху палічыў. Усё ж трэба прызнаць, што таго-сяго збядніць могуць. Асабліва калі гаварыць пра беларусаў. Прыкладам, вырашыць нейкая сям’я з пяці чалавек, двое бацькоў і трое дзяцей, паглядзець ці праўда, што ў дэмакратычным свеце жывецца лепш, чым у краях з іншым палітычным выбарам. Ну ў такіх як наша родненькая краіна. І вось гэтыя дваццаць еўра ўжо трэба памножыць на пяць. Для беларускай сям’і з трыма дзяцьмі 100 еўра дастаткова адчувальная сума.Тым больш, што агульны кошт толькі адных візаў для іх раўняецца 400 еўра на такую сям’ю. Нават калі верыць афіцыйнай беларускай прапагандзе пра заробкі нашых грамадзян, і то сума для некаторых непад’ёмная. Калі ж у прапаганду не верыць, то колькасць, для каго гэта сума непад’ёмная, павялічваецца ў разы. Таму не кожная беларуская сям’я пасля падаражання шангенаў спакусіцца на экскурсію па дэмакратычных землях. І з поўнай упэўненасцю, што дэмакратычная супольнасць – гэта выключна скупыя чыноўнікі, проста застанецца праядаць гэтыя еўры ў сваёй краіне, або у тым месцы, дзе візы таннейшыя. Еўры, яны і Афрыцы еўры. Ну, а паколькі еўрапейскіх візаў яны не набудуць, то гэтыя еўры так і не патрапяць туды, дзе іх надрукавалі. Логіка тут дастаткова простая – чым даражэйшыя візы, тым менш іх купляюць.Таму хутчэй за ўсё беларуская сям’я з пяці чалавек паедзе адпачыць прыкладам у Турцыю. З дэмакратычнымі каштоўнасцямі там пазнаёміцца пакуль што наўрад ці ўдасца, а вось зэканоміць на візе можна.

Загадкай застаецца тое, чым кіраваўся еўрапейскі чыноўнік, калі такую прапанову ўносіў. Афіцыйная версія настолькі прымітыўная, што яе клеяць практычна на ўсе абсурдныя з фінансавага боку гледжання рашэнні. І гэтым разам яна гучала так –падвысіць цэны на візы да 80 еўра прапануецца, каб “забяспечыць краінам-удзельнікам пакрыццё коштаў апрацоўкі візаў без стрымлівання атрымання візаў”. Цану візы прапануюць пераглядаць раз на тры гады (цяперашняя трымаецца з 2007 году).

Не ведаю, якія там сапраўдныя матывы, але гэты нават на слых не ўспрымаецца. Ні за што не паверу, што еўрапейцы лічыць не ўмеюць. Нават нашы постсавецкія чыноўнікі ўжо зразумелі, што менавіта платныя візы пазбаўляюць эканоміку краіны ад фінансавых уліванняў замежных турыстаў. І нават яны, постсавецкія, адмянілі ўвогуле тыя візы для грамадзянаў больш чым васьмідзесяці краін. І замежнікі павалілі валам у сінявокую. Усё больш і больш. І грошы тут пакідаць сталі значна большыя, чым можна было ў іх на візах здзёрці, як нашы разумнікі рабілі гэта да нядаўняга часу. Бо псіхалогія ў людзей ва ўсім свеце прыкладна аднолькавая. На візу то грошаў шкада. А на гарэлку шкада толькі да трэцяй чаркі. Таму, калі хочаш зарабіць на турыстах, то не толькі візы трэба рабіць задарма, але і першыя тры чаркі наліваць таксама без аплаты. Прама пры перасячэнні мяжы.

Зрэшты, можа так нам і трэба з тымі дарагімі шангенскімі візамі. Бо нашы суродзічы па Савецкім Саюзе грузіны ды ўкраінцы зусім за візы не плацяць. А прыбалты дык увогуле ў Еўразвяз на роўных з іншымі правах уваходзяць. І нас ніхто не праганяў асабліва. Самы свой выбар зрабілі. І калі падвышэнне коштаў на шангенскія візы гэта свядомая або несвядомая кара за такі выбар, то я толькі за. Але наўрад ці гэта так. Бо едуць жа шэрагамі і калонамі ў гэту Еўропу тыя, хто яе і яе дэмакратычны лад на дух не пераносяць. І аніякіх віз ад іх ніхто не патрабуе. Так што такая падвышаная ўвага менавіта да нас так і застаецца загадкай.

Віктар Сазонаў


26.06.2018

Архіў

Лістапад 2018
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930

Відэа

праваабарончыя сайты