Навіны

50 гадоў з дня смерці Сцяпана Войтанкі

Беларускі праваслаўны святар, дзеяч Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы (БАПЦ) у ЗША Сцяпан Войтанка нарадзіўся 28 кастрычніка 1886 году (месца нараджэння невядомае). Паходзіў з сялянскай сям’і праваслаўных беларусаў: бацькі – Парфірый і Ефрасіння Войтанкі. Скончыў пачатковую школу. Паспяхова здаў экзамены ў гімназію, аднак з-за матэрыяльных цяжкасцяў ад вучобы адмовіўся. Веды здабываў самаадукацыяй і прыватнымі заняткамі. З 18-гадовага ўзросту працаваў настаўнікам у в. Карыца-Рабкі на Наваградчыне. Пазней кіраваў царкоўным хорам у Зэльве. Пры Гарадзенскай кансісторыі вытрымаў экзамен на дыякана. У гады Першай сусветнай вайны быў мабілізаваны ў войска. Служыў пісарам. Паводле дэкрэта, выдадзенага ўрадам Керанскага, быў адкліканы з войска як настаўнік. Працаваў у Сакаловічаўскай школе Сенненскага павета Віцебскай губерні.

2 жніўня 1918 году Сцяпан Войтанка ў Гародні быў рукапаложаны ў сан святара. У 1930-ыя гады – настаяцель Марозавіцкага прыхода (сучасны Дзятлаўскі раён). У 1938 годзе Сцяпан Войтанка звольнены Гарадзенскай кансісторыяй з фармулёўкай “за супраціў паланізацыі праваслаўнай царквы” і за ўдзел сына Віктара ў віленскіх беларускіх арганізацыях. Сын быў сапраўды вельмі актыўным у беларускім руху.

З 1944 году Войтанка ў эміграцыі. Напрыканцы 1940-х гадоў уключыўся ў царкоўна-рэлігійнае жыццё. Тады сярод розных беларускіх плыняў эміграцыі здарыўся царкоўны раскол. Гэты канфлікт палягаў у стаўленні да юрыдычнай прыналежнасці Беларускай праваслаўнай царквы на Захадзе, і ў прыватнасці да епіскапату БАПЦ. Паводле гісторыка Алега Гардзіенкі летам 1944-га з Беларусі з Беларусі выехала больш 70 святароў. У лютым 1946 г. епіскапат Расейскай замежнай праваслаўнай царквы прыняў герархаў БАПЦ у сваю юрысдыкцыю, і на саборы ў Мюнхене 7 траўня 1946 г. гэтае далучэнне было зацверджана юрыдычна. Скліканне ў Рэгенсбургу З’езда беларускіх праваслаўных вернікаў 5 траўня 1946 году, у якім удзельнічала 136 дэлегатаў з трох акупацыйных зонаў, нічога не дало, хоць удзельнікі з’езду стварылі для супраціву пераходу Беларускае праваслаўнае аб’яднанне (кіраўнік – Мікалай Лапіцкі) і прынялі рэзалюцыю, у якой заклікалі герархаў застацца незалежнымі, са сваім народам. Аднак да канца 1946 г. на баку былых герархаў БАПЦ апынуліся ўсе беларускія святары, за выняткам якраз Сцяпана Войтанкі, Хведара Данілюка і Анатоля Кунцэвіча. 

Браў Войтанка удзел у скліканні ў 1948 г. Канстанцкага сабора і аднаўленні БАПЦ. 5 чэрвеня 1948 г., у дзень Святой Ефрасінні Полацкай, у Канстанцы ў французскай зоне акупацыі пад старшынствам епіскапа УАПЦ Сяргея прайшоў саборык праваслаўных беларусаў (вернікаў БАПЦ), скліканы з ініцыятывы новастворанага Беларускага часовага праваслаўнага рэлігійнага камітэта ў Нямеччыне. Старшынём быў протаіерэй Сцяпан Войтанка. У саборыку ўдзельнічалі ўкраінцы, а таксама беларускія праваслаўныя вернікі. Удзельнікі заявілі пра пераемнасць традыцыі БАПЦ ад абвяшчэння аўтакефаліі мітрапалітам Мелхіседэкам у 1922 г., а таксама прызналі пастанову пра абвяшчэнне БАПЦ, прынятую на Царкоўным саборы ў Мінску ў 1942 г.

Пазней Войтанка служыў настаяцелем прыхода Жыровіцкай Божай Маці ў Гайлэнд-Парку (штат Нью-Джэрсі, ЗША). Апошнія гады святарства правёў у прыходзе БАПЦ у Нью-Брансьвіку. Памёр 26 чэрвеня 1968 году. Пахаваны на могілках у Іст-Брансьвіку.

 

26.06.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты