Навіны

60 гадоў з дня смерці Фабіяна Ярэміча

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч Фабіян Ярэміч нарадзіўся 20 студзеня 1891 году ў вёсцы Дуляўцы каля Росі (Ваўкавыскі раён). Паходзіў з беларускай каталіцкай сям’і. Скончыў электратэхнічную школу ажно ў Пецярбургу. Потым працаваў у Вільні тэхнікам. У 1912-ым патрапіў у турму за сацыял-дэмакратычную працу і прапаганду сярод тэлеграфістаў. Быў старшынём віленскага беларускага нацыянальнага камітэту. Абраны дэлегатам і удзельнічаў у працы Першага Ўсебеларускага з’езду ў снежні 1917-га. Сябра прэзідыума Беларускай рады Віленшчыны і Гарадзеншчыны. Сябра Рады БНР у 1918-ым годзе. У 1919-22 гадах працаваў начальнікам тэлефоннай станцыі ў Вільні.

У польскамоўных крыніцах, на падставе архіўных зьвестак сцвярджаецца, што Фабіян Ярэміч ваяваў на польскім баку ў час польска-бальшавіцкай вайны ў Беларускім палку стральцоў. За гэта ў 1930-ыя атрымаў як вайсковы асаднік зямлю на Паўночна-Ўсходніх Крэсах, быў чальцом Аб’яднаньня Асаднікаў. Аднак, беларускія гісторыкі даводзяць, што гэта быў зусім іншы чалавек з такім жа прозвішчам.

Фабіян Ярэміч тройчы абіраўся дэпутатам сойма Польшчы ў 1922-1935 гадах. Стаў старшынём Беларускага пасольскага клубу (1925-30) пасля выхаду адтуль Браніслава Тарашкевіча. Актыўна ўдзельнічаў у працы Таварыства Беларускай Школы. У 1925-ым быў адным з заснавальнікаў і лідараў Беларускага сялянскага саюзу, у 1926-ым –  Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Быў выдаўцом газеты “Сялянская Ніва” (1925-30 гг.). У 1926-ым у складзе польскай парламенцкай дэлегацыі (у яе ўваходзіў таксама Пётр Мятла) наведаў БССР. У 1927-ым Ярэміч разам з Васілём Рагулям занялі прынцыповую пазіцыю ў справе разгрому Грамады. У лютым на сойме Ярэміч, хоць і не падзяляў сацыяльных і эканамічных поглядаў Грамады і тым больш вельмі крытычна ставіўся да палітыкі камуністычнага кіраўніцтва БССР, выступіў у падтрымку грамадоўцаў і спрабаваў не дапусціць суду над імі. А ў 1928-ым годзе Фабіян Ярэміч на кароткі час быў сам арыштаваны з фармулёўкай “за антыпольскую дзейнасць”.

У час другой сусветнай вайны Ярэміч працаваў у органах нямецкай акупацыйнай адміністрацыі ў Менску і Барысаве. Удзельнічаў у Другім Усебеларускім кангрэсе 1944-га году, быў у яго прэзідыуме. У канцы вайны не з’ехаў на захад і быў арыштаваны НКВД у 1945-ым. Зняволены ў савецкі канцлагер, дзе быў ажно да 1956-га. Пасля вярнуўся ў Вільню, дзе дажываў два апошнія свае гады. Памёр 29 чэрвеня 1958 году ў сваім доме ў Калёніі пад Вільняй (цяпер раён Павільнюс) пасля цяжкай працы ў агародзе ад інсульту. Пахаваны на Павіленскіх могілках. Помнік нядаўна зменены, а прозвішча на ім цяпер напісана лацінкай, але на чужы капыл – “Ерэміч”. З беларускіх актывістаў Вільні магілу даглядаюць Людвіка Кардзіс і старэйшая дачка Язэпа Найдзюка - Рэгіна.

Можна сказаць, што лёс Фабіяна Ярэміча склаўся як у многіх беларускіх дзеячаў першай паловы дваццатага стагоддзя – з усімі супярэчнасцямі, пошукамі свайго, праблемамі, рэпрэсіямі няпростага перыяду.

На фота Фабіян Ярэміч на першым плане.

28.06.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты