Навіны

„Кожны мае права ведаць свае правы”

Экскурсія па выставе праваабарончага цэнтра „Вясна” прайшла ў гарадзенскім Цэнтры гарадскога жыцця. Гэтая выстава знаходзіцца ўжо трэці дзень у Гародні ў рамках імпрэзаў кампаніі „Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання.”

Сама выстава пад назвай „Кожны мае права ведаць свае правы” знаёміць з шырокім спектрам праблемаў, якія маюць праваабарончую ацэнку. Ідэя беларускай выставы была ўзята ў праваабаронцаў Украіны, кажа адна з укладальнікаў Паліна Сцепаненка.

– Мы з Андрэем Палудам і мастаком Віктарам Корзунам адаптавалі яе да беларускіх рэалій. У нашай выставе ўжо ёсць беларускія дзеячы, пісьменнікі. Напрыклад, Ларыса Геніюш, Васіль Быкаў, Міхась Кукабака, таксама антысавецкі супраціў беларускі. І адпаведна ў тых месцах, дзе апавядалася пра праваабарончыя арганізацыі Украіны, мы распавядаем пра праваабарончы цэнтр «Вясна», пра гісторыю праваабарончага руху Беларусі.

Экскурсія, якую гарадзенцам па стэндах выставы правёў валанцёр Юры Мяцельскі, сягала вялікага інфармацыйнага абшару: ад гісторыі правоў чалавека і пашырэння гэтага панятку аж да праваабарончых тэмаў сучаснай Беларусі. На некаторыя пытанні, якія задаваў экскурсавод, удзельнікі не мелі адназначнага адказу.

– Самае адметнае датычна Беларусі – гэта тэма смяротнага пакарання. Мы адзіная краіна ў Еўропе, якая выкарыстоўвае смяротнае пакаранне. І гэта, канешне, вельмі страшная рэч. Такога не павінна адбывацца. Гэта парушэнне права на жыццё – аднаго з асноўных правоў чалавека. Менавіта гэтым Беларусь і адметная. Правы дзіцяці, магчыма, даволі абароненая тэма ў Беларусі. Хоць і там ёсць праблемы.

Саму выставу „Кожны мае права ведаць свае правы” гарадзенцы і госці Гародні яшчэ могуць паглядзець у Цэнтры гарадскога жыцця. Уваход вольны. 

20180628_18461820180628_18531320180628_18570320180628_195110

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/kozhny-mae-prava-vedats-svae-pravy/

29.06.2018
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Відэа

праваабарончыя сайты