Навіны

Стрэс-тэсты Еўразвяза даказалі, што Астравецкая АЭС небяспечная

Стрэс-тэсты, выкананыя ў адпаведнасці з метадалогіяй Еўразвяза, даказалі, што астравецкая АЭС небяспечная. З такой заявай выступіў міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус з нагоды прэзентаванай 3 ліпеня ў Бруселі справаздачы Групы еўрапейскіх рэгулятараў ў сферы ядзернай бяспекі (ENSREG) аб партнёрскай праверцы вынікаў стрэс-тэстаў БелАЭС.

Тэкст заявы размешчаны на сайце пастаяннага прадстаўніцтва Літвы пры Еўразвязе.

„Крытычныя рэкамендацыі, пададзеныя ў справаздачы аб партнёрскай праверцы вынікаў стрэс-тэстаў ЕЗ, павінны быць рэалізаваныя да запуску Астравецкай АЭС, — заявіў Лінкявічус. — Выкананне рэкамендацый павінна быць абумоўленае далейшым супрацоўніцтвам паміж ЕЗ і Беларуссю. Мы чакаем, што Еўрапейская камісія застанецца ўцягнутай у гэты працэс і будзе трымаць яго пад кантролем”.

На думку кіраўніка літоўскага МЗС, справаздача выявіла „сур’ёзныя недахопы праекта і дала важныя рэкамендацыі”, у прыватнасці, у галіне ацэнкі сейсмічнай бяспекі, паляпшэння функцый бяспекі і кіравання цяжкімі аварыямі.

„Рэалізацыя рэкамендацый да запуску Астравецкай АЭС, а таксама крокі Беларусі ў галіне правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства права паўплываюць на далейшае развіццё стасункаў паміж Еўразвязам і Беларуссю”, — заявіў Лінкявічус.

Кіраўнік літоўскай дыпламатыі таксама адзначыў, што стрэс-тэсты з’яўляюцца важным мерапрыемствам, якое дазваляе ацаніць узровень ядзернай бяспекі ў святле урокаў, атрыманых пасля аварыі АЭС у Фукусіме. Аднак, падкрэсліў ён, гэта не канчатковая і ўсёабдымная ацэнка бяспекі, якая б адказвала на ўсе пытанні, узнятыя Літвой.

„Задача стрэс-тэстаў — ацаніць рызыкі, звязаныя з вонкавымі фактарамі (напрыклад, экстрэмальнымі прыроднымі з’явамі, падзеямі, выкліканымі чалавекам), і ўстойлівасць да іх АЭС, — адзначыў Лінкявічус. — Стрэс-тэсты не закранаюць пытанні, якія тычацца даследавання і выбару пляцовак, прыдатнасці абранага месца для будаўніцтва АЭС, трансмежавага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, ацэнкі ўздзеяння цяжкай авіякатастрофы (у выпадку падзення самалёта на АЭС. — БелаПАН.), культуры працы і бяспекі, а таксама іншыя пытанні, якія Літва ўзнімае з пачатку будаўніцтва Астравецкай АЭС”.

Літоўскі міністр заўважыў, што стрэс-тэсты — гэта шматэтапны працэс, які не завяршаецца зацвярджэннем справаздачы партнёрскай праверкі. Паводле яго слоў, Еўракамісія і краіны, што ўдзельнічаюць у стрэс-тэстах, павінны працягваць супрацу з Менскам у галіне ядзернай бяспекі на аснове нацыянальнага плана дзеянняў Беларусі, які павінен ўключаць канкрэтныя меры па выкананні зробленых рэкамендацый.

Справаздача, яе кароткае рэзюмэ і сумесны прэс-рэліз ENSREG і Дзяржатамнагляда павінны быць апублікаваныя 4 ліпеня.

БелаПАН


Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/stres-testy-eurazvyaza-dakazali-shto-as/

04.07.2018
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Відэа

праваабарончыя сайты