Навіны

Суды над затрыманымі 3 ліпеня і новыя затрыманні. Статкевічу - 40 базавых велічыняў

Затрыманні на акцыі вызвалення і салідарнасці 3 ліпеня

 

Затрыманні на акцыі вызвалення і салідарнасці 3 ліпеня

У скверы на бульвары Талбухіна 3 ліпеня ў 13.00 мела адбыцца «Акцыя вызвалення і салідарнасці», якую арганізоўваў Мікола Статкевіч. Несанкцыянаваную акцыю спынілі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Каля 30 затрыманых ўдзельнікаў даставілі ў Першамайскі РУУС. Амаль усе былі адпушчаны без складання пратаколаў, але некаторых з іх пратрымалі больш за 6 гадзінаў.

Мікола Статкевіч на месца збору так і не прыйшоў. Яго затрымалі а 11:30, калі ён выходзіў з дому. Цяпер палітык знаходзіцца ў ЦІП. Яго жонка Марына Адамовіч у фэйсбуку выказала здагадку, што яго забралі за «не адбытае». Праваабаронцам стала вядома, што суд над Міколай Статкевічам адбудзецца4 ліпеня ў 14 гадзін у судзе Першамайскага раёну. На яго склалі адміністрацыйны пратакол за заклік да ўдзелу ў акцыі па арт. 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь. Суддзя Юры Гарбатоўскі ў судзе Першамайскага раёну асудзіў Мікалая Статкевіча за "ўскладанне кветак", якое так і не адбылося на Талбухіна, на 40 базавых велічыняў.

Перад акцыяй каля дому быў затрыманы Вячаслаў Сіўчык. Па папярэдняй інфармацыі, на палітыка за абарону Курапатаў складзена каля сямі адміністрацыйных пратаколаў. Таксама ў яго засталіся "неадседжаныя" суткі за Дзень Волі. 

3 ліпеня быў затрыманы палітык Максім Вінярскі. Ноч ён правёў ў ЦІП.

У судзе Мінскага раёну 4 ліпеня чакаюцца суды над затрыманымі на "Дзень Незалежнасці" Вячаславам Сіўчыкам, Максімам Вінярскім. Але па папярэдняй інфармацыі, судзіць іх будуць за абарону Курапатаў. Справа Рыгора Кастусёва будзе разглядацца ў судзе Фрунзенскага раёну.

Таксама, са слоў актывіста Леаніда Кулакова, пад вокнамі актывіста і рэжысёра Аляксея Туровіча з 9 гадзін раніцы 4 ліпеня дзяжурыў сіні мікрааўтобус з людзьмі ў цывільным. Каля 14.00 Туровіча затрымалі недалёка ад свайго дома. 

http://spring96.org/be/news/90221

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты