Навіны

Стрэс, страх і... бяда

Напісаныя тыдзень назад словы пра самагубства сярод падлеткаў выклікалі ў мяне самога многа пытанняў і рэфлексіі над нашым жыццём. Траўматычным болем адазваўся ўспамін аб самагубнай смерці роднага брата маёй мамы, якому было тады толькі пяцьдзясят гадоў. Памятаю як гэтая трагедыя балючым ударам увайшла ў маміну душу і сэрца і паклалася ценем на нашу сямейную памяць. Вобраз дзелавітага і жыццярадаснага дзядзькі стаіць і сёння перад маімі вачыма, з якім ужо, на жаль, прыходзіцца сустракацца толькі над яго магілай на прыхадскіх вярстоцкіх могілках. Мы тады таксама задавалі бясконцыя пытанні, ад якіх балела толькі галава і плылі горкія слёзы. Аднак час не загойвае ран. Яны толькі прысыхаюць струпам, а жывая памяць не зарастае. Хопіць толькі нейкага імпульсу, каб усё стала ізноў перад вачыма з неўміручым, пранізлівым болем. Паміраць застаецца ўсім жывым на зямлі, а болю быць хіба вечным ва ўсім нашым космасе. І ад яго не ўцячэш і не схаваешся.

У апошні час з праблемай самагубства прыйшлося быць у сем’ях маіх знаёмых. Чалавеку з боку, нават найбольш спагадліваму, не ўявіць усіх тых супярэчлівых нерваў і псіхозу, якія спадарожнічаюць тады і ўжо назаўсёды іхнім сямейнікам. На жаль, у Польшчы праблема такіх трагічных смерцяў становіцца штораз больш сур’ёзнай грамадскай справай. Паводле паліцэйскіх даных у 2016 годзе зафіксавана 9861 самагубных спроб, 5405 асоб з іх пакончыла такім чынам жыццё. Даныя гэтыя няпоўныя, бо статыстыкі не ўлічваюць тых, калі ўмешваецца хуткая дапамога, а таксама калі ў выніку такіх спроб даходзіць да цяжкага калецтва ці смерці ў шпіталі. Дзеля трагічнага параўнання — у тым жа самым годзе ў дарожнатранспартных здарэннях загінула больш за тры тысячы чалавек. З даных паліцыі вынікае, што найбольш самагубных спроб здараецца ў Шлёнскім, Малапольскім, Мазавецкім ваяводствах, найменш у Падляшскім і Апольскім. Абсалютна часцей на такі крок рашаюцца мужчыны — на вышэйпададзены лік 5405 асоб было 4638 мужчын і 767 жанчын. Найбольшая колькасць гэтых здарэнняў спасцігае людзей у працаздольным узросце — паміж дваццаць пятым і пяцьдзясят дзявятым годам жыцця. Самым трагічным днём у гэтым плане з’яўляецца панядзелак.

Што схіляе людзей да такіх крокаў? Знайсці адзін матыў вельмі цяжка. Людзі ў адчаі вельмі рэдка пакідаюць развітальныя лісты, у якіх тлумачаць сваё рашэнне. Паліцыя прычыны гэтых здарэнняў шукае ў размовах з блізкімі і абапіраючыся на водгукі асяроддзя. Сярод усіх індывідуальных жахлівых выбараў дамінуюць самагубцы з дэпрэсіяй і псіхічнымі ды іншымі хваробамі. Далей ідуць сямейныя непаразуменні, няўдалыя каханні, эканамічная сітуацыя, даўгі, беспрацоўе. Гэта характэрнае для сярэдняга пакалення, якое ў штодзённай пацучынай гонцы не ў змозе існаваць без адпачынку і ў наяўнасці штораз большых выклікаў перад самім сабою, ці з боку фірмы. Жывуць яны вельмі часта ў ліхаманцы бясконцага спеху, што ненатуральнае для парадку нашага свету. З-за такога жыцця не маюць яны часу для сваіх бацькоў і дзядуль, што тых даводзіць да самоты і адчування сябе непатрэбнымі і пакінутымі. Ад такога думання ўжо невялікая дарога да дэпрэсіі і самагубных думак.

Увогуле дэпрэсія гэта хвароба, якая знішчае і адбірае ахвоту да жыцця мільёнам жыхароў нашай зямлі. Гэта яна — самы просты шлях да ўмоўнай цывілізацыі смерці ў дваццаць першым стагоддзі. Здаецца, маем парадокс: чым лепшыя ўмовы жыцця, тым больш баімся і дрыжым за гэтыя ўмовы. А жыццё ў штодзённым стрэсе і страху не дае аніякіх шанцаў для псіхічнага імунітэту арганізма. Звычайна пасядзець ці паляжаць, нічога не рабіўшы, гэта самы просты і абаронны спосаб для нашай духоўнай і эмацыйнай бяспекі. Варта пра гэта падумаць летняй парою і адставіць усе электронныя прычындалы ўключна з мабільнікамі ў далёкі куток і проста цешыцца свабодай. І абавязкова трэба вярнуць дыстанцыю да ўсялякай мітусні свету.

05.07.2018

Архіў

Лістапад 2018
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930

Відэа

праваабарончыя сайты