Навіны

Справаздача па маніторынгу "Акцыі вызвалення і салідарнасці" 3 ліпеня 2018 года ў Мінску

3 ліпеня 2018 года ў Мінску планавалася акцыя пратэсту супраць незаконнага пераследу ўладамі кіраўнікоў прафсаюза РЭП і салідарнасці з пакаленнем, якое вызваліла Беларусь ад гітлерызму.

Высновы:

  • Акцыя праходзіла на фоне папярэдніх адвольных затрыманняў актывістаў у Гродне і арганізатараў у Мінску, а таксама дзяржаўнага святкавання Дня Незалежнасці, ваенізаваны парад у гонар якога праводзіўся на праспекце, які перпендыкулярна прымыкае да бульвара Талбухіна.
  • Арганізатары і ўдзельнікі сходу мелі мірныя намеры, не рабілі дзеянняў гвалтоўнага характару і не заклікалі да вайны, гвалту і дыскрымінацыі. Такім чынам, сход ацэньваецца як мірны.
  • Удзельнікі акцыі не перашкаджалі правядзенню ваенізаванага параду, акцыя праходзіла значна далей ад яго.
  • Падчас самога сходу ўдзельнікі не мелі магчымасці на выказванне думкі, па прыходзе на месца правядзення акцыі іх затрымлівалі супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным. Фактычна сход быў сарваны супрацоўнікамі міліцыі.
  • Дзеянні ўдзельнікаў акцыі не давалі падстаў для непрапарцыйных мер па спыненні мірнага сходу і затрымання тых, хто збіраўся прыняць у ім удзел. Сам факт прысутнасці на мерапрыемстве не мог быць падставай для іх затрымання. Такім чынам, можна зрабіць выснову аб тым, што затрыманні насілі адвольны характар.
  • Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным адзенні правялі затрыманне незалежных назіральнікаў, як толькі назіральнікі пачалі маніторынг акцыі. Затрыманне назіральнікаў таксама насіла адвольны характар.
Фота Ірыны Арахоўскай
Фота Ірыны Арахоўскай

 

Метадалогія маніторынгу

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" і Праваабарончы цэнтр "Вясна" праводзяць сістэматычнае назіранне за мірнымі сходамі ў Рэспубліцы Беларусь на падставе распрацаванай метадалогіі маніторынгу. Яна ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў прынцыпам грамадскага кантролю, міжнародным стандартам правядзення мірных сходаў і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы.

Анкеты назірання за мірнымі сходамі распрацаваны сумесна праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні аб магчымасці выканання назіральнікамі і журналістамі сваіх функцый, аб паводзінах арганізатараў і ўдзельнікаў мірнага сходу, супрацоўнікаў органаў аховы правапарадку, а таксама наяўнасць на мірным сходзе хуткай дапамогі. Назіральнікі дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правіл і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якім назіраюць; прыхільнасць прынцыпам правы: адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктнае паводзіны). Падчас выканання сваіх абавязкаў назіральнікі трымаюцца асобна ад удзельнікаў. Яны пазначаныя бэйджамі назіральніка і сінімі камізэлькамі з надпісам "#СontrolBY".

Папярэдняя інфармацыя

Акцыя арганізоўвалася аб'яднаннем "Беларускі Нацыянальны Кангрэс", пра яе паведамлялася ў недзяржаўных СМІ і інфармацыйных рэсурсах сеткі "Інтэрнэт". Паведамлялася, што на бульвары ім. Талбухіна 3 ліпеня а 13:00 адбудзецца сход у падтрымку кіраўнікоў незалежнага прафсаюза "РЭП", якія пераследуюцца па палітычных матывах, і ўскладанне кветак да брацкай магілы савецкіх воінаў, якія загінулі пры вызваленні Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ўскладанне кветак да мемарыяла ахвяр рэпрэсій.

Маніторынг сходу праводзілі 6 назіральнікаў, якія прайшлі адпаведнае навучанне і былі пазначаныя камізэлькамі з лагатыпам ініцыятывы і бэйджыкамі.

Ход мерапрыемства

У час мерапрыемства былі зафіксаваныя наступныя факты:

  • Незалежнае назіранне пачалося каля 12:50. Назіральнікі былі затрыманыя адразу ж як пачалі маніторынг (апранулі камізэлькі і бэйджыкі).
Фота Ірыны Арахоўскай
Фота Ірыны Арахоўскай

 

  • Каля пляцоўкі на бульвары Талбухіна былі размешчаны два спецыяльныя аўтамабілі для перавозкі зняволеных, некалькі мікрааўтобусаў без спецыяльнай афарбоўкі, якія таксама выкарыстоўваюцца міліцыяй для перавозкі затрыманых. Аўтобус для перавозкі супрацоўнікаў міліцыі.
Фота Ірыны Арахоўскай
Фота Ірыны Арахоўскай

 

  • Прысутнічалі супрацоўнікі ДАІ.
  • Адсутнічалі супрацоўнікі праваахоўных органаў у форме.
  • Некаторыя ўдзельнікі акцыі спрабавалі дэманстраваць плакаты, мелі пры сабе кветкі.
  • Пры затрыманні назіральнікаў супрацоўнікі МУС у цывільным ажыццяўлялі адвольныя затрыманні ўсіх, хто ўдзельнічаў у акцыі на той момант.
  • На акцыі быў затрыманы грамадзянін Расійскай Федэрацыі.
  • Таксама на акцыі быў затрыманы журналіст які меў пасведчанне і які працаваў па заданні рэдакцыі.

Далейшыя падзеі

  • Пасля затрымання назіральнікаў даставілі ў Першамайскае РАУС горада Менска, куды былі дастаўлены яшчэ 27 чалавек якія ўдзельнічалі ў акцыі.
zatr_naziralnikau5.jpg
Фота: ControlBy

 

  • Супрацоўнікі праваахоўных органаў не прадстаўляліся, адмаўляліся прад'яўляць дакументы, не тлумачылі прычыны затрымання.
  • Назіральнікаў выводзілі па чарзе ў асобныя памяшканні для дачы тлумачэнняў, пры гэтым супрацоўнікі таксама адмаўляліся прадстаўляцца, тлумачыць прычыны затрымання, не прад'яўлялі абвінавачванняў, ня тлумачылі статус у якім знаходзяцца затрыманыя асобы, не тлумачылі правы. Аказвалі псіхалагічны ціск, крычалі на апытваных.
  • Праз некаторы час назіральнікаў і журналіста аддзялілі ад астатніх затрыманых шляхам выправаджэння на калідор.
  • Праз тры гадзіны з моманту затрымання назіральнікаў і журналіста адпусцілі, удзельнікаў жа акцыі працягнулі трымаць у РАУС.

Рэкамендацыі

Супрацоўнікам праваахоўных органаў:

  • Не перашкаджаць працы незалежных назіральнікаў і СМІ.
  • Спыніць практыку адвольных затрыманняў і пераследу ўдзельнікаў мірных дэманстрацый, паколькі гэта супярэчыць добраахвотна ўзятых абавязкам Рэспублікі Беларусь у галіне правоў чалавека;
  • Выконваць працэсуальныя нормы пры затрыманні і складанні пратаколу аб адміністрацыйнай адказнасці. Забяспечыць доступ адваката да затрыманых.
  • Не перашкаджаць свабодзе выказвання меркавання і свабодзе мірных сходаў, кіравацца прэзумпцыяй правядзення мірнага сходу.
  • У адпаведнасці з арт. 5 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб органах унутраных спраў" "дзейнасць органаў унутраных спраў з'яўляецца галоснай". Кіруючыся гэтай нормай, прапануем, каб усе супрацоўнікі ажыццяўлялі ахову грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў у форменнай вопратцы, а таксама былі пазначаныя ідэнтыфікацыйнымі сродкамі (бэйджамі або нагруднымі знакамі).
  • Забяспечыць наяўнасць камунікацыйнай групы супрацоўнікаў МУС на масавых мерапрыемствах і выкананне імі адпаведных функцый належным чынам.

Суб'ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:

  • Унесці змены ў Закон "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь" для прывядзення яго ў адпаведнасць з нормамі міжнароднага права.

http://spring96.org/be/news/90252

Відэа

праваабарончыя сайты