Навіны

Савет па правах чалавека ААН зноў працягнуў мандат спецдакладчыка

На 38-й сесіі Савета па правах чалавека ААН 6 ліпеня адбылося галасаванне па рэзалюцыі "Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі".

Рэзалюцыя па Беларусі прынятая на год з наступнымі вынікамі галасавання: "за" - 19 краінаў-сябраў Рады, "супраць" - 6, "устрымаліся" - 21.

 

Дакумент Савета па правах чалавека змяшчае 13 пунктаў, у якіх міжнародны орган:

  1. вітае даклад Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі;
  2. выказвае нязменную занепакоенасць становішчам у галіне правоў чалавека і асноўных свабодаў у Беларусі, асабліва неабгрунтаванымі абмежаваннямі свабоды мірных сходаў, асацыяцыі і выказвання меркаванняў, адзначаючы прадпрыняты пазітыўны крок у выглядзе выдачы дазволу на публічнае святкаванне стагоддзя абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь 25 сакавіка 2018 году; працягваючымі паступаць паведамленнямі пра выпадкі катаванняў і бесчалавечнага або зневажальнага годнасць абыходжання з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў і пенітэнцыярных устаноў, якія не былі належным чынам расследаваныя ўладамі; працягваючыміся нападкамі ў дачыненні да праваабаронцаў, прафсаюзаў і арганізацый грамадзянскай супольнасці, многія з якіх пазбаўленыя рэгістрацыі або падвяргаюцца рэйдам з боку ўладаў; арыштамі журналістаў і накладаннем на іх штрафаў за ажыццяўленне сваёй дзейнасці і рознымі замахамі на свабоду выказвання меркаванняў, у тым ліку з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі; і настойліва заклікае ўрад у поўнай меры выконваць права на свабоду выказвання меркаванняў, мірных сходаў і асацыяцыі;
  3. выказвае шкадаванне з нагоды адсутнасці рэакцыі ўрада Беларусі на выпадкі адвольных арыштаў і затрымання палітычных і грамадскіх актывістаў, нежадання пракурораў расследаваць выпадкі катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага годнасць абыходжання, беспакаранасці асоб, вінаватых у здзяйсненні злачынстваў, звязаных з парушэннямі і ўшчамленнем правоў чалавека, ціску на адвакатаў і адсутнасці эфектыўных сродкаў прававой абароны; а таксама выказвае шкадаванне з нагоды дыскрымінацыі, якая закранае перш за ўсё асобаў, якія належаць да ўразлівых групах і рэлігійных меншасцяў;
  4. зноў паўтарае свой заклік да ўрада Беларусі правесці ўсёабдымны перагляд адпаведнага заканадаўства, палітыкі, стратэгій і практыкі для забеспячэння таго, каб нормы былі дакладна вызначаныя, адпавядалі яе міжнародным праваабарончым абавязацельствам i абавязкам і не выкарыстоўваліся для таго, каб перашкаджаць ажыццяўленню або неабгрунтавана абмяжоўваць ажыццяўленне любых правоў чалавека, і накіраваць свае намаганні на ўмацаванне патэнцыялу і належную падрыхтоўку супрацоўнікаў судовых і праваахоўных органаў;
  5. вітае прыняцце ўрадам Беларусі 24 кастрычніка 2016 года міжведамаснага плана ў галіне правоў чалавека на 2016-2019 гады па рэалізацыі рэкамендацый, прынятых урадам Беларусі па выніках праходжання другога цыклу універсальнага перыядычнага агляду, і рэкамендацый шэрагу дамоўных органаў; рэкамендуе ўраду перагледзець і ўнесці змены ў гэты план, уключыўшы ў яго рэкамендацыі праваабарончых механізмаў і прыняўшы пад увагу прапановы, унесеныя арганізацыямі грамадзянскай супольнасці; а таксама вітае прадстаўленне урадам у сакавіку 2017 года пятага дакладу аб ажыццяўленні Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах; і вітае далей рэгістрацыю руху «Гавары праўду» у якасці няўрадавай арганізацыі ў траўні 2017 года і праекта MAKEOUT, які датычыцца лесьбіянак, геяў, бісэксуалаў і трансгендэраў, у сакавіку 2018 года і крокі, прынятыя ў мэтах публічнага абмеркавання пытання пра ўжыванне смяротнага пакарання;
  6. адзначае пастаянную ўвагу, якую Спецыяльны дакладчык надае пытанню аб смяротнай кары ў Беларусі, і ў прыватнасці выказвае глыбокую занепакоенасць з нагоды прымянення гэтай меры пакарання без гарантый захавання належных працэсуальных нормаў, а таксама з нагоды абмежаванага аб'ёму адпаведнай інфармацыі ў дачыненні да яе прымянення і, улічваючы, што транспарэнтнасць з'яўляецца адной з умоў справядлівага і эфектыўнага крымінальнага правасуддзя, просіць Спецыяльнага дакладчыка працягваць сачыць за развіццём падзей і выносіць рэкамендацыі;
  7. настойліва заклікае ўрад Беларусі прыняць усе неабходныя меры, з тым каб забяспечыць поўную незалежнасць і бесстароннасць судовых органаў, гарантаваць права на справядлівае судовае разбіральніцтва і права на эфектыўны перагляд прызначаных пакаранняў і вынесеных абвінаваўчых прысудаў вышэйстаячай судовай інстанцыяй і забяспечыць усім абвінавачаным права на свабодны выбар адваката на ўсіх этапах разбору;
  8. нагадвае пра тое, што ён вітаў вызваленне палітычных зняволеных у жніўні 2015 года і заклікаў да поўнага аднаўлення грамадзянскіх і палітычных правоў былых палітычных зняволеных; аднак гэтыя грамадзянскія і палітычныя правы не былі адноўленыя, а палітычныя актывісты па-ранейшаму падвяргаюцца жорсткаму звароту і сутыкаюцца з сумніўнымі і палітычна матываванымі абвінавачваннямі, у той час як не было дасягнута прагрэсу ў дачыненні да чатырох нявысветленых выпадкаў гвалтоўнага знікнення палітычных апанентаў, якія адбыліся яшчэ ў 1999 і 2000 гадах;
  9. настойліва рэкамендуе Беларусі неадкладна правесці ўсеабдымную рэформу прававой базы правядзення выбараў і ліквідаваць даўнія сістэмныя недахопы, якія адносяцца да прававой базы і практыцы правядзення выбараў і зноў выявіліся ў ходзе выбараў у мясцовыя органы ўлады ў лютым 2018 года, у адпаведнасці з рэкамендацыямі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе, Еўрапейскай камісіі за дэмакратыю праз права (Венецыянскай камісіі) і Спецыяльнага дакладчыка;
  10. зноў настойліва рэкамендуе ўраду Беларусі стварыць нацыянальную праваабарончую ўстанову ў адпаведнасці з прынцыпамі, якія тычацца статусу нацыянальных устаноў, што займаюцца заахвочваннем і абаронай правоў чалавека (Парыжскія прынцыпы), і працягваць актыўна ўдзельнічаць у ажыццяўленні Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года;
  11. пастанаўляе падоўжыць на адзін год мандат Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі і просіць Спецыяльнага дакладчыка прадставіць даклад аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Савету па правах чалавека на яго сорак першай сесіі і Генеральнай Асамблеі на яе семдзесят чацвёртай сесіі;
  12. настойліва заклікае ўрад Беларусі ў поўнай меры супрацоўнічаць са Спецыяльным дакладчыкам, у тым ліку шляхам прадастаўлення яму доступу для наведвання краіны ў яго афіцыйнай якасці, з тым каб дапамагчы ўраду ў выкананні яго міжнародных абавязацельстваў у галіне правоў чалавека, і разгляду пытання аб выкананні яго рэкамендацый, а таксама настойліва заклікае ўрад у поўнай меры супрацоўнічаць з мандатарыямі тэматычных спецыяльных працэдур;
  13. просіць Упраўленне Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па правах чалавека прадастаўляць Спецыяльнаму дакладчыку неабходную дапамогу і рэсурсы для забеспячэння выканання яго мандата і просіць апошняга працягваць сачыць за развіццём падзей і выносіць рэкамендацыі.

Раней Міклаш Харасці прадставіў свой апошні шосты даклад па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, у якім адзначыў, што на працягу шасці гадоў улады не зрабілі ніякіх істотных і адчувальных зменаў у агульнай сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, і настойліва рэкамендаваў падоўжыць мандат краінавага спецдакладчыка. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі таксама выступалі за захаванне міжнароднага кантролю за правамі чалавека ў Беларусі.

http://spring96.org/be/news/90255

Відэа

праваабарончыя сайты