Навіны

У Дзятлаве будзе помнік Канстанціну Астрожскаму

У Дзятлаве адбыліся грамадскія слуханні па пытанню ўстаноўкі ў горадзе помніка Канстанціну Астрожскаму – гетману Вялікага Княства Літоўскага, дзяржаўнаму дзеячу, мецэнату, заснавальніку Дзятлава. У грамадскіх слуханнях прынялі ўдзел жыхары Дзятлава, якія сабралі больш за 200 подпісаў у падтрымку памяці гетмана Астрожскага, а таксама супрацоўнікі Дзятлаўскага райвыканкама.

Падчас слуханняў была падтрымана ідэя ўстаноўкі ў Дзятлаве помніка Канстанціну Астрожскаму. А таксама было вырашана звярнуцца ў Міністэрства культуры наконт дазволу ўстанавіць помнік у Дзятлаве, адкрыць рахунак, куды будуць пералічвацца сабраныя фінансавыя сродкі на помнік, аб’явіць конкурс на праект помніка.

Ідэю дзятлаўчан падтрымаў і настаяцель Дзятлаўскага сабора навамучанікаў і спаведнікаў Мікалай Пінчук. Святар адзначыў, што Канстанцін Астрожскі быў свядомым і глыбока перакананым прыхільнікам праваслаўя, быў сярод тых нямногіх магнатаў, які глыбока ўсведамляў каштоўнасць праваслаўя, непарыўную сквязь традыцыйнай усходняй хрысціянскай веры з этнічнай самабытнасцю ўсходніх славян.

Помнік гетману Канстанціну Астрожскаму ў Дзятлаве мяркуюць устанавіць і адкрыць у 2020 годзе.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлава

Чытай больш на: https://www.racyja.com/kultura/u-dzyatlave-budze-pomnik-kanstantsinu-a/

08.07.2018
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Відэа

праваабарончыя сайты