Навіны

Ваенны парад і мірная Алексіевіч

Ваенны парад складаецца з трох галоўных груп удзельнікаў. Першая – гэта тыя, хто на ўсё, што адбываецца, уважліва пазірае з высокай трыбуны зверху ўніз. Другая група непасрэдна маршыруе па пляцы або едзе па ім на свежапафарбаванай тэхніцы. Ну і апошняя, гэта тыя, хто назірае за першымі дзвюма з больш нізкіх паверхняў, якія не мусяць узвышацца над лініяй далягляду. Для трэцяй групы непасрэдны ўдзел пажаданы, але не абавязковы для ўсіх. Бо на гэты выпадак для іх прыдуманы тэлевізар, які хочаш-не-хочаш, а пакажа ў лепшым святле ўсё што адбываецца, а асабліва гэтых персанажаў, такіх прыгожых і засяроджаных, каторыя ўзвышаюцца над той лініяй далягляду.

Другая катэгорыя ўдзельнікаў цяжка працуе над тым, каб усё было дакладна і дасканала. Гэта выступ без права на памылку. Не ў тэатры ж. Тут публіка, тая што на трыбунах, можа не зразумець памылку і палічыць яе правакацыяй. Трэцяя ж катэгорыя, што назірае за ўсім як заўсёды з зямной паверхні або праз тэлевізар, аплачвае тытанічныя намаганні другіх, і часамі нават і не падазрае пра гэта. А вось першая катэгорыя, тая, што на высокіх трыбунах, займае цэнтральнае месца ў гэтай падзеі. Бо як не круці, тут ўсё для яе. І парад, і гледачы, і тэлевізар. І па вялікім рахунку напэўна так ім ўсім і трэба. І першым, і другім і трэцім.

У Беларусі 3-га ліпеня прайшоў такі ваенны парад. І прысвечаны ён быў афіцыйнаму Дню Незалежнасці. Слова “афіцыйнаму” ключавое ў тым сказе. Бо ясна, што ўрачыстасці адбываліся не ў гонар 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі, і не ў гонар прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, якая да незалежнасці мае непасрэднае дачыненне. Афіцыйная дата прымеркаваная да вызвалення Мінска ў 1944-м годзе ад нямецкіх войскаў савецкімі. Напэўна таму і маршыравалі па беларускай сталіцы сярод іншых і расійскія дэсантнікі як спадкаемцы войска савецкага. А можа і не толькі з тае прычыны маршыравалі. Можа захацелася ім так, вось і пайшлі ваенным маршам. А хто ім забароніць? І кітайскія ваякі пайшлі. Маўляў, а чым яны горшыя? Чаму б і ім не прайсціся па Еўропе з зброяй у руках?!

А ў гэты час ў незалежных СМІ з’явілася інфармацыя, што на Гарадзеншчыне, якая 3-га ліпеня 1944-га году была па-ранейшаму пад нямецкай акупацыяй, і дзе па сённяшні дзень яшчэ аніяк не абгрунтавалі логіку святкавання незалежнасці ў гэтую дату, узялі ды адмовіліся…не, не, не… не ад вайсковага параду, а ад кніжак пакуль што адзінай беларускай нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч. Прычым кніжкі перакладзеныя на беларускую мову, што як бы сімвалізуецца з святам Незалежнасці. Але і гэта не дапамагло. Адмовіліся і ўсё тут. Як кажуць, без аб’яўлення вайны.

Ну ясна, што Святлана Алексіевіч – гэта не расейскія дэсантнікі, якім адмовіць маршыраваць па беларускай сталіцы ў юбілейны год БНР і ў афіцыйны Дзень Незалежнасці па ўсё той жа афіцыйнай версіі ніхто не захацеў. Наш, пакуль што адзіны нобелеўскі лаўрэат, чалавек мірны, і ў логіку ваенных парадаў слаба ўпісваецца. Алексіевіч настолькі любіць тых дэсантнікаў, і расейскіх, і беларускіх, і іншых, што хоча каб яны больш ніколі не гінулі самы, і не забівалі іншых таксама. Таму і напісала для ўсіх іх, і ўсіх нас, што “у вайны не жаночае аблічча”. Толькі відаць не ўсе хочуць каб гэтая мудрасць стала ўсеагульным беларускім здабыткам. Вунь жа маршыравалі на ваенным парадзе гэтым годам і жанчыны ў вайсковых мундзірах. Ды яшчэ як маршыравалі. Не горш за тых іншаземных дэсантнікаў.

Дык вось, ніхто з таго параду, да якой бы групы ўдзельнікаў яны не адносіліся, так і не змогуць прачытаць развагі нашай першай нобелеўскай лаўрэаткі ў бібліятэцы, калі яны жывуць на Гарадзеншчыне. Гарадзеншчына адмовілася ад кніг. Ну хоць бы сказалі, чым яны не згодныя з філасофіяй Алексіевіч! Нічога не сказалі. Відаць не чыталі яе. Ну а як ім пачытаць гэтыя кнігі, калі яны ад іх адмовіліся?! Цяпер нават, калі захочуць, не пачытаюць.

І замежным дэсантнікам не змогуць даць пачытаць. А шкада. Можа шмат бяды змаглі б прадухіліць. Ну а што крыху лепш зразумелі б сябе, ды не толькі сябе, дык гэта дакладна.

Віктар Сазонаў


09.07.2018

Архіў

Лістапад 2018
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930

Відэа

праваабарончыя сайты