Навіны

Аляксандр Лаўрэнцьеў падаў скаргу ў абласны суд

Беспадстаўна затрыманы і незаконна аштрафаваны гарадзенскі грамадскі актывіст Аляксандр Лаўрэнцьеў падаў скаргу ў Гарадзенскі абласны суд.

Напомнім, што Аляксандра Лаўрэнцьева разам з іншым актывістам АГП Мікалаем Салянікам 3 ліпеня бягучага году гвалтоўна затрымалі людзі ў цывільным каля дома, дзе жыве Лаўрэнцьеў. Актывісты хацелі ў паласатых турэмных робах зладзіць флэш-моб і паказаць як парушаюцца грамадзянскія канстытуцыйныя правы ў Беларусі.

Аляксандра Лаўрэнцьева больш сутак безпадстаўна трымалі ў ізалятары часовага ўтрымання. 4 ліпеня адбыўся разгляд яго адміністрацыйнай справы па двух складзеных пратаколах за нібыта правапарушэнні. Паводле артыкулу 23.4 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях яго аштрафавалі на 5 базавых велічынь - 122 рублі 50 капеек, а паводле часткі 1 артыкулу 23.34 КаАП ажно на 15 базавых велічынь - 367 рублёў 50 капеек. Агулам штраф склаў 20 базавых велічынь - 490 рублёў.

Суд прайшоў фактычна ў закрытым рэжыме, а суддзя суда Кастрычніцкага раёну Руслан Хіхол дапусціў шэраг грубых працэсуальных парушэнняў, фактычна абмежаваўшы Лаўрэнцьева ў яго правах. Так суддзя не задаволіў хадайніцтва Лаўрэнцьева аб запрашэнні незалежных сведак, якія прысутнічалі і назіралі за гвалтоўным затрыманнем актывістаў. Па-другое, суддзя не задаволіў хадайніцтва Лаўрэнцьева аб праглядзе відэа. Адначасна ў Лаўрэнцьева ў такім патаемным "разглядзе" адміністрацыйнай справы не было магчымасці не толькі на адваката, але і на належную ўласную абарону, паколькі на працэсе ў яго не было ні паперы, ні асадкі.

У такой сітуацыі Аляксандр Лаўрэнцьеў напісаў скаргу ў абласны суд. Ён не асабліва спадзяецца, што разгляд яго скаргі будзе аб'ектыўным, паколькі ўся адміністрацыйная справа ад пачатку мела не юрыдычны статус, а характар палітычнага пераследу паводле поглядаў і перакананняў. Аляксандр Лаўрэнцьеў перакананы, што яго канстытуцыйныя правы груба парушаны і мае намер дамагацца справядлівасці ў судах вышэйшай інстанцыі.

12.07.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты