Навіны

Поўня месяца, сонца, жыцця

Апошні тыдзень чэрвеня правёў я ў сваім бацькоўскім доме. Як пісаў я ўжо неаднойчы, цішыня зараз там такая, што доўгімі хвілінамі апрача ветру і шуму дрэў не пачуеш жывога звярынага ці чалавечага гуку. А калі ўявіць сабе напрыклад сонечную спёку, якая льецца ў абсалютным спакоі замерлай расліннасці ці суцішаных птушак, то адчуванне біцця ўласнага сэрца даказвае, што ты ў рэальным жыцці, а не ў нейкім апакаліптычным сне. У рэальнасці можна цэлы дзень прасядзець на лавачцы перад домам і не пабачыць ані адной жывой душы, якая ішла б па вуліцы. Гаворачы пра жывую душу, маю на ўвазе не толькі чалавека, але вясковага ката ці сабаку. Бо з’яўляюцца ўжо здзічэлыя каты і сабачыя статкі, што вандруюць па пустуючых мясцовасцях у пошуках корму. Сустрэць такую чараду паўгалодных і раз’юшаных сабак не жадаю нікому. Таму з першай цемрай лепей сядзець у хаце і не выходзіць на панадворак. Ноччу патрапяць яны так невыносна выць, што не толькі не даюць заснуць, алеі дрыжыкі страху раз-пораз прабягаюць па спіне. У дзень па вуліцы праедзе некалькі машын і патрулёў памежнікаў на матацыклах ці адмысловых джыпах. Не відаць яшчэ турыстаў на роварах. Відаць, яшчэ не сезон на паездкі ў глухамань узбярэжжа Белавежскай пушчы.

Менавіта блізкасць пушчы з’яўляецца прычынай своеасаблівай метэаралагічнай з’явы ў прыпушчанскіх вёсках, якой з’яўляецца меншая колькасць дажджу ў параўнанні з суседнімі мясцовасцямі. Сам быў я ў вялікім здзіўленні, калі ўсю дарогу з Беластока ў родны Доўгі Брод праехаў я пад ліўнем дажджу, а гэта восемдзесят кіламетраў. Заехаўшы на месца, не пабачыў я аніводнай калюжыны ці прамоклай зямлі. На маё пытанне, ці ў нас не было дажджу, бацька спакойна адказаў, што не было і відаць яшчэ доўга не будзе. Раніцай упала некалькі кропель, але было іх столькі быццам бацюшка крапілам пакрапіў або кот наплакаў. Нават не парасіла. Вось такія карцінкі павіталі мяне ў пачатку пабыўкі ў роднай вёсцы. Потым пайшлі ападкі дажджу, але доўгачаканыя лісічкі так і не з’явіліся ў навакольных лясах. Ведаю, што з-за гэтага сярод грыбнікоў шаленцаў пракацілася хваля дрэнных эмоцый, бо без дай прычыны пачалі яны сварыцца са сваімі блізкімі і суседзямі. А ў некаторых выпадках яны прыгадвалі сабе забытыя замовы і шаптанні, каб нашкодзіць абы каму, хто ў той момант трапіць пад руку.

А можа поўня месяца і яго зацьменне неяк патрапілі так закружыць у абарыгенскіх пушчанскіх галовах? Вядома, перыяд летняга сонцастаяння заўсёды дзейнічае на нашы душы і сферу эмоцый. Калі дакласці яшчэ свята Яна, калі сонца іграе колерамі з самага свайго ўсходу і пакупацца ў яго промнях, то так як атрымаць цудоўную моц космасу ў наша чалавечае цела. У гэтым годзе на бясхмарным небе яно само купалася і грала безліччу адценняў сваёй светласці. Нічога затым дзіўнага, што на Яна вечарам пачалі разгарацца купальскія вогнішчы дзеля ачышчэння агнём і вадою. Гэты перыяд ― час зёлак, варажбы, спляцення ў міжчалавечым варыянце духоўнага з цялеснай жарсцю. Патрэба прадаўжэння роду чалавечага атрымлівае гэтымі днямі касмічна прыроднае бласлаўленне. Бо можам разам з зямлёю, вадою, агнём, сонцам і зоркамі закружыцца ў адзіным, узаемасуцэльным танцы таямніцы жыцця. Закружыцца ў ачышчаным ад пошласці, крыўдлівасці, гневу танцы, засяроджаным на пошуках сваіх папараць-кветак. А кожнаму з нас, у кожным узросце з’яўляецца яна ў іншым выглядзе. Бо памкненне да дабра і надзеі ― наш унутраны імператыў зямнога вандравання. Таму, калі бачым і чуем, што людзі радасна сустракаюць, нягледзячы на ўзрост, касмічны сонца зварот, то прынамсі ведаем, што зямля яшчэ жывая сваёй сілай. Хопіць глянуць, як гэта выглядае ў краінах усіх нашых паўночных суседзяў, дзе купальскі перыяд надалей з’яўляецца галоўным святам і парадкам іхняга касмаганічнага свету. Пабачыць прыгажосць паміж небам і зямлёю, значыць у шчаслівасці перажыць наша жыццё.

Яўген ВАПА

 

13.07.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты