Навіны

Шчоткіна распавяла пра магчымасці скарачэння дэкрэтнага адпачынку

Намесніца старшыні Савета Рэспублікі і старшыня Беларускага саюза жанчын Марыяна Шчоткіна ў эфіры тэлеканала „Беларусь 1” выказалася наконт скарачэння дэкрэтнага адпачынку.

На думку Шчоткінай, пры магчымым скарачэнні дэкрэтнага адпачынку важна ўлічыць некалькі аспектаў, у тым ліку выплату дапамог. Калі дэкрэтны адпачынак будзе меншым, то дзяржава абавязаная прапанаваць разгалінаваную і зручную сетку ясельных груп, дапамагчы развіваць прыватныя дзіцячыя сады, заявіла яна.

Шчоткіна падкрэсліла, што ў многіх краінах дэкрэтны адпачынак значна меншы, чым у Беларусі. Таму яна разумее, чаму ідуць размовы пра яго скарачэнне. „Тры гады — гэта пададзеная магчымасць. Хай застанецца гэты адпачынак”, — перадае БЕЛТА яе словы.

Выказалася яна і пра абавязковы дэкрэтны адпачынак для бацькі — гэта, маўляў, мусіць быць магчымасцю, а не абавязкам. Шчоткіна падкрэсліла, што ў сем’ях могуць быць розныя сітуацыі. „Мама не працуе, а бацька на высокааплатнай пасадзе — яму патрэбны гэты абавязковы адпачынак? Ён аплачваецца ці не? Калі аплачваецца, ніхто не адмовіцца, а калі не? Тады пытанне”, — кажа старшыня Саюза жанчын. Яна дадала, што ўжо і сёння кожны бацька можа выйсці ў такі адпачынак — закон дае такую магчымасць.

Фота: sb.by

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/shchotkina-raspavyala-pra-magchymastsi-sk/

19.07.2018
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

праваабарончыя сайты