Навіны

Станіслаў Суднік напісаў “Пілігрымку дадому”

У Лідзе выйшаў з друку асобным зборнікам вершаваны аповед “Пілігрымка дадому” Станіслава Судніка. Вялікі паэтычны твор беларускі пісьменнік, журналіст і выдавец прысвяціў роднай вёсцы Сейлавічы Нясвіжскага раёна.

Мастацкі твор напісаны на падставе розных легендаў пра Сейлавічы і на ўспамінах старэйшых людзей вёскі.

Першая пісьмовая згадка пра Сейлавічы адносіцца да 1586 года. Вёска перажыла шмат розных акупацый і вызваленняў. Яна багата на лёсы людзей, гісторыю касцёла, каплічкі, тых падзей, якія там і вакол яе адбываліся. Аўтар “Пілігрымкі дадому” вельмі цікава, змястоўна і праўдзіва апісаў усё тое, што звязана з лёсам роднай вёскі на Нясвіжчыне. І ўсё гэта напісана ў вершаванай форме, дзе скразною лініяй праходзяць легенды і паданні пра вёску і пра тыя факты з біяграфіі людзей і рэлігійных святынь, якія там былі і ёсць.

Сказ пра Сейлавічы аздоблены любоўю да Бога, да ўсяго святога, што аберагае і аберагала вёску. Адчуваецца, што аўтар шчыра ўлюбёны ў родныя мясціны, улюбёны ў сваіх землякоў, у сваю вёску ад легендаў і паданняў, пакінутымі ў спадчыну, да Бажантарні – могілак на ўскраі.

Пілігрымка ў родную вёску Сейлавічы ў Станіслава Судніка атрымалася даволі душэўнай, адкрытай і шчымлівай. Яна будзе цікава не толькі для яго землякоў, але і для ўсіх беларусаў, хто цікавіцца паэзіяй, гісторыяй і краязнаўствам.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя

Чытай больш на: https://www.racyja.com/kultura/stanislau-sudnik-napisau-piligrymk/

21.07.2018
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

праваабарончыя сайты