Навіны

85 гадоў з дня смерці Францішка Грынкевіча

Рэлігійны, культурны, грамадскі дзеяч, святар Францішак Грынкевіч нарадзіўся 5 кастрычніка 1884 года ў Новым двары (Сакольскі павет).

Паходзіў з сялянскай сям’і Сакольшчыны. У Новым Двары іх сям’ю называлі “пацёмкамі”, што азначала людзей замкнутых, якія пазбягалі зносінаў з іншымі. Баляслаў Грабінскі згадваў братоў Грынкевічаў як “людзей глыбока думаючых, замкнутых у сабе, схільных да містыцызму і філасофіі, з моцнай верай у сэнсе рэлігійным, затое з малым нахілам да таварыскага жыцця”.

Пачатковую адукацыю Францішак атрымаў у Навадворскай народнай школе. Пасля скончыў гімназію ў Гародні. У 1901-05 гадах вучыўся ў Віленскай духоўнай семінарыі, у 1905-1907 гадах – у Пецярбургскай духоўнай акадэміі. На адной са студэнцкіх сходак 18 снежня 1905 года выступіў з рэфератам прысвечаным беларускаму нацыянальнаму руху. З 1 верасня 1906 года працягваў навучанне за свой кошт у Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу. Пасвечаны ў святары ў 1907 годзе. Далей вучыўся ў Інсбруку і Мюнхене, быў слухачом тамтэйшых універсітэтаў. Стаў кандыдатам філасофіі. Будучы за мяжой, разам з ксяндзом Адамам Лісоўскім і студэнткай з Гародні Ганнай Салянкай стварыў невялічкі беларускі гурток. Ужо тады Грынкевіч кантактаваў з Іванам Луцкевічам.

Значная частка яго грамадскай дзейнасці мела яскрава беларускі характар. З 1909 года Францішак Грынкевіч пачаў душпастарскую дзейнасць вікарам Гарадзенскай фары і Бернардынскага касцёла, адначасна выкладаў Закон Божы ў Гарадзенскай гімназіі, дзе арганізаваў Гурток беларускай моладзі. Прэфект прыватных і прафесійных школ Гародні. Удзельнічаў у выданні першага беларускага каталіцкага малітоўніка “Бог з намі”. Грынкевіч адным з першых перадаў у фонд бібліятэкі гуртку са сваіх уласных збораў “Люд беларускі” Міхала Федароўскага. Разам з Адамам Бычкоўскім і Зоськай Верас вясной 1910 года ездзіў дамаўляцца пра правядзенне беларускай вечарыны ў маёнтку Крыштапарава. На імяніны Грынкевіча ў кастрычніку 1911 года малодшая секцыя гуртку паставіла спектакль “Пастушок”. З 1911 года – пробашч Брыгіцкага касцёлу ў Гародні. Супрацаваў з каталіцкай газетай “Biełarus”, якая выдавалася ў Вільні. Пісаў сам у газету і намаўляў пісаць ксяндза Уладзіслава Талочку.

У час нямецкай акупацыі ў 1915-19 гадах апекаваўся вязьнямі Гарадзенскай турмы. Сябра Гарадзенскага аддзелу Польскай Мацежы Школьнай. Спрыяў арганізацыі першай у Гародні польскай скаўцкай дружыны імя Стэфана Баторага, быў яе капеланам. Пасля першай сусветнай вайны адышоў ад беларускай грамадскай дзейнасці. “Рэвалюцыя і вайна, – піша Адам Станкевіч, – а ў іх выніку ўваскрашэнне Польшчы, стварылі цалкам новыя варункі і новыя заданні беларускай справе, да якіх дастасавацца і сярод якіх актыўна працаваць кс. Ф. Грынкевіч ужо не патрапіў... Прадваенная ж яго беларуская праца – гэта прыгожае бачанне ў гісторыі беларускага культурнага адраджэння, запісанае беларускім каталіцкім ксяндзом, а змест якога хрысціянскі і беларускі народніцкі”.

З 1919 года выкладаў на польскіх настаўніцкіх курсах у Гародні. Прэфект Гарадзенскай гарадской гімназіі імя Міцкевіча. Хаваўся ад арышту савецкай уладай летам 1920 года. З 1930 года працаваў пробашчам парафіі ў Гожы, быў рэктарам касцёлу назаратанак у Гародні.

Памёр Францішак Грынкевіч 26 ліпеня 1933 года. Пахаваны каля капліцы на старых гарадзенскіх каталіцкіх могілках. У сярэдзіне 1930-ых гадоў ягоным імем была названа адна з гарадзенскіх вуліц.

 

 

26.07.2018

праваабарончыя сайты