Навіны

Зомбі апакаліпсіс

Некалі мы, вясковыя хлопчыкі, гулялі пасля школы і на канікулах у футбол, валейбол, лапту. А калі вучыліся ў малодшых класах, то самай любімай гульнёй для нас была гульня “у вайну”. Асабліва восенню, калі былі пустыя агароды, з градак сабраны ўраджай, таму ніхто на нас тады не крычаў і мы маглі бегаць усюды, дзе хацелі. У руках у нас былі самаробныя пісталеты і аўтаматы, выразаныя з дрэва, ці проста зробленыя з галінак дрэў. І мы бегалі ад пуза, “страляючы” адзін у аднаго са сваёй вясковай зброі.

Я добра разумею, што маё маленства засталося далёка ў мінулым часе. Таму, седзячы на лаўцы, каля пад’езда, гляджу, як гуляюць сённяшнія дзеці, асабліва хлопчыкі. У кожнага ў руках цацачныя дарагія пісталеты і аўтаматы, знешне яны падобныя на сапраўдныя. Эх, каб хоць адзін такі аўтамат прывёз у маё маленства нам хто ў вёску. Хлопчыкі з усіх вуліц збегліся б паглядзець на іх. А цяпер – яны ў кожнага. І малеча таксама гуляе “у вайну”. Голасам, праўда, ніхто ў нікога не “страляе”, бо “страляюць” самі цацкі-пісталеты і цацкі-аўтаматы. Раптам адзін хлопчык кажа, што яму не падабаецца гуляць “у вайну”. Ён прапанаваў пагуляць у “зомбі апакаліпсіс”. Я спачатку падумаў, што гэтыя два словы мне ў вушы заляцелі з неба. Але не, хлопчык яшчэ раз прапанаваў усім пагуляць у “зомбі апакаліпсіс”. Я, здзіўлены і далёкі ад гэтай гульні чалавек, спыніў хлопчыкаў і спытаў у іх: ці ведаюць яны што такое апакаліпсіс? Хлопчыкі паглядзелі адзін на аднаго, паціснулі плячыма і нічога не адказалі. А адзін, смялейшы з іх, сказаў: затое мы ведаем, хто такі зобмі. “І хто такі зомбі?” – пытаюся. “Гэта звышчалавек, які поўнасцю сябе не кантралюе і робіць усё, што пажадае”, – растлумачыў мне смелы хлопчык, падскочыў з пісталетам і пабег. А ўсе астатнія паляцелі за ім... 

Падчас частых сустрэч з такімі хлопчыкамі ў школах, я пытаюся ў іх пра Беларусь. Пытаюся, што яны ведаюць пра гісторыю роднага краю, пра знакамітых людзей, пра тыя падзеі, якія тут адбываліся за шматвяковую гісторыю, пра помнікі і народныя святы. Хлопчыкі маўчаць, альбо кажуць тое, чаго і ў кашмарных снах не прыдумаеш. Праўда, не ўсе. Ёсць і такія, якія нешта ведаюць, могуць прыпомніць, прыгадаць. Але большасць з іх – глядзяць на цябе дзіўнымі вачыма з думкай: не дуры нам, дзядзька, галавы. Бо галовы іх забіты зомбі апакаліпсамі. Я нічога не маю да іх сучасных гульняў і назваў. Хвалюе адно, каб гэтыя хлопчыкі-беларусы, калі вырастуць і стануць мужчынамі, не ператварыліся ў сапраўдных зомбі без мазгоў. Каб у іх душах і галовах не адбыўся апакаліпсіс цяпер. Бо пытаўся ў іх падчас сустрэч у школах, хто з іх на памяць раскажа мне хоць адзін верш па-беларуску. Ніхто... І нават тыя паэтычныя радкі не могуць прыпомніць, якія вучылі ў школе, згодна вучэбнай праграмы. Не ведаю… Магчыма я зусім старым зрабіўся, і сёння менавіта ў маёй галаве адбываецца своеасаблівы апакаліпсіс, а ў душы ён паўтараецца. Ці можа мне самому пайсці ў краму, купіць круты цацачны аўтамат, і разам з хлопчыкамі з нашага двара пагуляць у  “зомбі апакаліпсіс”.  Можа тады мне стане лягчэй жыць і нічога не думаць. Час усё ж мяняецца… І трэба неяк паспяваць валачы ногі за гэтым часам.

Сяргей Чыгрын

 

27.07.2018

Архіў

Кастрычнік 2018
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031

Відэа

праваабарончыя сайты