Навіны

110 гадоў з дня нараджэння Юркі Лявоннага

Беларускі паэт Юрка Лявонны (сапраўднае прозвішча Леанід Юркевіч) нарадзіўся 29 ліпеня 1908 года ў горадзе Чавусы на Магілёўшчыне. Паходзіў з сям’і дробнага службоўца. Пачатковую адукацыю атрымаў ў Чавускай сямігодцы. Пазней вучыўся ў Магілёўскім педагагічным тэхнікуме. Далей паступіў у Мінскі педагагічны інстытут. Адтуль выключаны за распаўсюджванне “контррэвалюцыйных вершаў”. Аднак, Леаніду Юркевічу ўдалося аднавіцца на навучанне ў гэтай установе і ў 1934 годзе скончыць   крытыка-творчае аддзяленне літаратурнага факультэта.

Друкавацца Леанід Юркевіч пачаў ў 1924 годзе. Пісаў пад рознымі крыптанімамі, пад псеўданімам Леанідаў. Але найбольш карыстаўся псеўданімам Юрка Лявонны, пад якім і увайшоў у гісторыю беларускай літаратуры.

Першыя зборнікі паэзіі Лявоннага “Камсамольскія вершы” і “Штурм” выйшлі ў 1930 годзе, наступныя – “Жалезныя віхуры” і “Разбег” (1931 год), “Стала і мужна” (1932 год).

Лявонны –  сябра Саюза пісьменнікаў БССР з 1934 года. Працаваў у рэдакцыях газет “Магілёўскі селянін”, “Звязда”, часопіса “Работніца і калгасніца Беларусі”. Часта ездзіў у журналісцкія камандзіроўкі па Беларусі. Выдаў зборнік нарысаў “Крок пяцігодкі” (1931 год). Выступаў таксама як празаік і крытык. Разам з Сяргеем Грахоўскім пераклаў на беларускую мову раман франзузскага пісьменніка Жуля Верна “20000 лье пад вадой” (1937 год). Некаторыя вершы Юркі Лявоннага пакладзены на музыку кампазітарамі Мікалаем Чуркіным, Несцерам Сакалоўскім, Ісакам Любанам. У сваіх зборніках здольны паэт наіўна апяваў савецкую уладу, якая пазней яго знішчыла. У некаторых творах пераважала рытарычнасць. Пасмяротна выйшаў зборнік вершаў “Выбранае” (1960 год).

Ва ўспамінах Сяргея Грахоўскага пра Лявоннага можна прачытаць наступнае: “Ён гадзінамі чытаў па памяці Маякоўскага і Кірсанава, Ціханава і Лугаўскога. У яго быў тонкі густ да слова, да формы, а пра сябе ён часта гаварыў: “Сапраўднае я яшчэ напішу, значнае наперадзе…”. Але жорсткі лёс і панаванне ў Беларусі маскоўскага сталінізму не дазволілі споўніцца гэтым творчым планам. 

Юрку Лявоннага арыштавалі 30 кастрычніка 1936 года ў Мінску па адрасе: вуліца Фурманская, дом 9. З падследных, якія праходзілі з ім разам на чарговым палітычным працэсе, толькі Юрка Лявонны не пацвердзіў, што Цішка Гартны “контррэвалюцыянер”, “нацдэм” і таму падобнае. Пісьменніка засудзілі пазасудовым органам НКВД 28 кастрычніка 1937 года як “члена шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі” да вышэйшай меры пакарання (расстрэлу) з канфіскацыяй маёмасці. На наступны дзень Юрку Лявоннага ўначы расстралялі ў ліку іншых 22 беларускіх грамадскіх дзеячаў і літаратараў.

5 лістапада 1938 года ў Менску па тым жа адрасе арыштавана бухгалтарка “Белсольэнерга” Яўгенія Гольдберг, жонка Юркі Лявоннага, раней акторка тэатру рабочай моладзі. 28 лістапада 1938 года асобай нарадай НКВД засуджана як “член сям’і ворага народа” да 8 гадоў працоўна-папраўчых лагераў. Пры тым яе разлучылі з маленькай дачкой. Этапавана праз Оршу ў АЛЖИР НКВД Казахскай ССР. Вызвалена 5 лістапада 1945 года. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана завочна 2 чэрвеня 1956 года трыбуналам Беларускай вайсковай акругі. Сам Юрка Лявонны рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР пазней – 25 красавіка 1957 года. Асабістая справа пісьменніка захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

 

28.07.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты