Навіны

Шэраг аглядаў прайшоў у актывістаў, затрыманых пад Крупкамі

Як стала вядома Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, да некалькіх чалавек з ліку затрыманых САХРам 30 чэрвеня ў лесе каля Крупак прыходзілі супрацоўнікі міліцыі з аглядамі.

Пастанова аб правядзенні аглядаў была санкцыянавана пракурорам па Крупскім раёне яшчэ 5 ліпеня, але толькі увечары 25 ліпеня супрацоўнікі раённых РУУС прыйшлі для правядзенне працэсуальных дзеянняў з мэтай выяўлення па месцы пражывання актывістаў літаратуры экстрымісцкай напраўленасці.

Супрацоўнікі міліцыі задавалі пытанні актывістам і іх блізкім пра ўдзел у розных рухах, поглядах, наяўнасць экстрэмісцкай літаратуры. Сфатаграфавалі пакоі, склалі пратаколы, у якіх пазначылі, што ніякай забароненай літаратуры не выяўлена. З гэтым і сышлі.

Нагадаем, 30 чэрвеня каля 16 гадзін дня супрацоўнікі САХР і ГУБАЗіК з прымяненням спецсродкаў сарвалі нефармальную сустрэчу актывістаў анархічнага руха пад Крупкамі. На працягу шасці гадзінаў маладых людзей трымалі на каленях з рукамі за галавой. Па выніку, супрацоўнікі міліцыі перапісалі дадзеныя ўсіх удзельнікаў, склалі два пратаколы - за зрубленае дрэва і нібыта распаўсюд экстрэмісцкай літаратуры, а таксама выпісалі ўсім павесткі на допыт у якасці сведкаў ў РАУС Крупскага раёна на 6 ліпеня. Пасля гэтага пакінулі месца сустрэчы, ніхто не быў затрыманы.

http://spring96.org/be/news/90433

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты