Навіны

105 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Петрыкевіча

Міхась Петрыкевіч нарадзіўся 31 ліпеня 1913 года ў вёсцы Падкасоўе, што на Наваградчыне, у праваслаўнай сям’і. Вучыўся ў пачатковай школе, пасля скончыў двухгадовую школу ў Адампалі. У 1925-ым паступіў у Наваградскую беларускую гімназію, як удзельнік заходнебеларускага моладзевага руху ў апошнім класе быў арыштаваны польскімі ўладамі і зняволены. Прысуд быў такі – тры гады няволі і дзесяць гадоў пазбаўлення грамадзянскіх правоў. Пасля выхаду з турмы Петрыкевіч тры гады быў рабочым у Налібоцкай пушчы. Зімой 1938-39 гадоў вучыўся ў Вільні на прыватных вячэрніх курсах пры сярэдняй тэхнічнай школе. Потым працаваў на меліярацыі на Шчучыншчыне. У 1940-41 гадах вучыўся на літаратурным факультэце ў Беластоцкім педагагічным інстытуце. У вайну жыў на вёсцы, працаваў рахункаводам дарожнага аддзелу ў мястэчку Любча, у канцы вайны прайшоў савецкае войска.

Пасля вайны Міхась Петрыкевіч паступіў вучыцца на літаратурны факультэт Мінскага педінстытуту, потым працаваў настаўнікам беларускай мовы, літаратуры, працы ў школе Карэлічаў. Пасля пераехаў у мястэчка Валеўка, дзе быў завучам і ствараў мясцовы краязнаўчы музей. Яшчэ пазней быў плённы дзятлаўскі перыяд, які пачаўся ў 1967-ым годзе. У Дзятлаве Петрыкевіч ствараў музей фактычна з нуля, а ўсяго праз год ён ужо адчыніў свае дзверы. Па сведчаннях сучаснікаў Міхась Петрыкевіч быў чалавекам высокай культуры і энцыклапедычных ведаў, пра кожную рэч у сваім музеі мог расказаць цікавую захапляльную гісторыю. Прыйшло і прыжыццёвае прызнанне – ён быў уганараваны тытулам заслужанага настаўніка школы БССР, узнагароджаны шматлікімі дыпломамі і граматамі. Ну а музей стаўся месцам вяртання з нябыту многіх імёнаў Дзятлаўшчыны. Пры чынным удзеле Петрыкевіча быў пастаўлены і шэраг помнікаў, у тым ліку бюст Ігната Дварчаніна ў Дзятлаве.

Міхась Петрыкевіч быў добра знаёмы і сябраваў з рознымі беларускімі адраджэнцамі – Уладзімірам Караткевічам, Янкам Брылём, Уладзімірам Калеснікам, якія часта прыязджалі да яго на гістарычную Наваградчыну. Шчырымі паслядоўнікамі бацькі ў справе беларускага Адраджэння сталі ягоныя дзеці – Валерый і Святлана, якія актыўна ўлучыліся ў дзейнасць розных беларускіх арганізацый.

У 1985 годзе Міхась Петрыкевіч пераехаў настала ў Вільню. Памёр ён 6 сакавіка 1999 года. Пахаваны на могілках Карвялішкес ля Вільні.

на фота: шыльда музея ў Валеўцы

30.07.2018

Архіў

Сьнежань 2018
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31

Відэа

праваабарончыя сайты