Навіны

65 гадоў з дня смерці Сяргея Скандракова

Беларускі навуковец-аграном, журналіст, краязнавец, сучаснік Беларускай Народнай Рэспублікі, Сяргей Скандракоў нарадзіўся 21 кастрычніка 1876 года ў горадзе Мглін Чарнігаўскай губерні. Цяпер гэты старажытны горад налічвае каля 8 тысяч жыхароў, знаходзіцца на тэрыторыі сучаснай Бранскай вобласці і ўваходзіць у склад Расійскай федэрацыі.

Сяргей Скандракоў вучыўся спярша ў Слуцкай гімназіі, пасля закончыў Мінскую гімназію. Далей вучыўся ў Маскоўскім сельскагаспадарчым інстытуце, які закончыў у 1906 годзе. З біяграфіі вядома, што Скандракоў удзельнічаў у працы Мінскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў. У час першай расійскай рэвалюцыі 1905-1907 гадоў Сяргей Скандракоў быў сябрам Мінскага гарадскога камітэта Беларускай сацыялістычнай Грамады. Таксама выдаваў і рэдагаваў двухмоўную газету “Голос Белоруссии”. Праўда, выйшаў толькі адзін нумар гэтай газеткі – 1 студзеня 1906 года ў Мінску. Пасля чаго яна была забаронена тагачаснымі расійскімі ўладамі. У гэтай газеце Скандракоў змясціў свой “крамольны” рэвалюцыйны твор “Казка пра голых і сабаліныя футры”, а таксама вершы на беларускай мове Францішка Багушэвіча і Янкі Лучыны.

Сяргей Скандракоў – адзін з заснавальнікаў кніжнага таварыства “Мінчук”. У 1907-1910 гадах у розных мінскіх газетах ён друкаваў палітычныя казкі. Пісаў пад псеўданімамі Сяргей Мглінскі і Янка з Вялікага Поля. З 1911 года быў на пасадзе дырэктара доследнага поля ў Палтаўскай губерні на тэрыторыі сучаснай Украіны. З 1921 года быў дырэктарам беларускай агранамічнай станцыі ў Банцараўшчыне. Меў пасаду прафесара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту, Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Пазней працаваў у Інстытуце беларускай культуры – у 1923-1925 гадах быў там адказным сакратаром Цэнтральнага бюро краязнаўства, аналагічную пасаду займаў у Беларускім навукова-даследчым інстытуце сельскай і лясной гаспадаркі.

У час савецкіх сталінскіх рэпрэсій Сяргей Скандракоў таксама пад іх патрапіў. 6 ліпеня 1930 года яго арыштавала ДПУ БССР па справе так званага “Саюзу вызвалення Беларусі”. Навукоўца засудзілі паводле пастановы калегіі АДПУ СССР 10 красавіка 1931 года з фармулёўкай за “шкодніцтва і антысавецкую агітацыю” да 5 гадоў пазбаўлення волі. Турэмны тэрмін адбываў на тэрыторыі Расіі ў горадзе Яраслаўль. Вызваліўся 15 лістапада 1934 года. Пасля вызвалення з турмы займаўся далей навуковай і педагагічнай работай. Працаваў у розных гарадах Савецкага саюзу – у Яраслаўлі, Мічурынску, Душанбэ, Алмаце, Карагандзе. Хутчэй за ўсё таму, што шмат пераязджаў, пазбег паўторнага арышту і верагоднай гібелі. 

Сяргей Скандракоў – аўтар апавядання “Аграном Сэрадэля” (1924 год), навукова-папулярных нарысаў па агранамічнай справе, артыкулаў па краязнаўстве. Вядома, што Скандракоў збярог жывапісныя творы Каруся Каганца “Тып беларуса” і “Зімовы пейзаж”. Быў асабіста знаёмы з Янкам Купалам і Якубам Коласам, перапісваўся з расійскім пісьменнікам Уладзімірам Караленкам. Сяргей Скандракоў – прататып літаратурнага Кандаковіча ў знакамітай трылогіі Якуба Коласа “На ростанях”.

Звесткі пра асабістае жыццё Скандракова нешматлікія. Вядома, што ён быў жанаты, меў дзіця. Памёр Сяргей Скандракоў 2 жніўня 1953 года. Быў рэабілітаваны толькі пасля смерці – судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суду БССР 15 лістапада 1957 года.

02.08.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты