Навіны

Суд па “справе прафсаюзаў”: што скажа супрацоўнік ДФР?

Суд па "справе прафсаюзаў". Фота: ПЦ "Вясна".

 
 

Суд па "справе прафсаюзаў". Фота: ПЦ "Вясна".

У судзе Савецкага раёна Мінска, дзе слухаецца крымінальная справа старшыні Беларускага незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП Ігара Комліка, 2 жніўня працягнецца вывучэнне пісьмовых матэрыялаў справы. Учора суд азнаёміўся толькі з першым томам. Усяго ў справе іх - 11. Але напачатку мусіць быць дапытаны супрацоўнік УДФР КДК па Мінскай вобласці нехта Дзмітрыеў. Такое рашэнне прыняла суддзя Фёдарава ўчора, прычым з умовай захавання бяспекі для сведкі з улікам той дзейнасці, якой ён займаецца.

Падрабязна аб тым, што адбывалася на судзе ў першы дзень.  

Падрабязна аб тым, што адбывалася на судзе ў другі дзень.  

Суд па “справе прафсаюзаў”: допыт сведак і праслухоўванне тэлефонаў.

* * *

Сёння зраніцы Генадзь Фядыніч хадайнічае, каб супрацоўніка ДФР Дзмітрыева дапыталі ў судзе візуальна, а не віртуальна. 

"Яму тут нічога не прагражае, і яго блізкім таксама, мы не АПГ, а людзі Беларусі" - кажа ён.

Абаронцы падтрымалі хадайніцтва. Пракурор - супраць. Суддзя выдалілася для прыняцця рашэння па хадайніцтву.

Суд не задавальняе хадайніцтва Фядыніча, спасылаючыся на КПК, паколькі Дзмітрыеў займаецца аператыўна-вышуковай дзейнасцю. Суд таксама адхіляе хадайніцтва Ігара Комліка аб пераносе працэсу ў большы зал з кандыцыянерам, паколькі надта горача.

Комлік просіць суд аб спыненні відэазапісу людзей, якія ідуць у суд супрацоўнікамі міліцыі. Абарона падтрымлівае хадайніцтва. Суддзя кажа, што гэта не ў кампетэнцыі суда.

Суддзя абвяшчае, што сведку, старшага інспектара па асабліва важных справах УДФР  Сяргея Дзмітрыева будуць дапытваць па скайпу.

Дзмітрыеў кажа, што яму вядома аб адкрыцці Фядынічам рахунку ў SEB банку ў Літве ў 2012 годзе. На рахунак паступалі 140 тысяч еўра і 17 тысяч долараў. Сродкі паступалі ад прафсаюза 3F штомесяц. Затым грошы здымаліся і перавозіліся рознымі асобамі па 5 тысяч. Комлік і Фядыніч потым іх забіралі.

Сведка паведамляе, што з 2011 года Фядыніч больш за 160 разоў перасякаў мяжу. Кажа аб тым, што грошы вывозіліся нібыта для прафсаюзнай дзейнасці, а насамрэч выкарыстоўваліся ў асабістых мэтах.

Адвакаты запытваюцца, ці хадайнічаў Дзмітрыеў аб мерах дадатковай абароны. Суд пытанне здымае.

Адвакаты запытваюцца: "Ці была атрыманая выпіска банка ў выніку аператыўна -вышуковай дзейнасці?". Сведка кажа, што гэта таямніца. Але дадае, што ў суд прадстаўляў. Якім чынам атрыманая выпіска - не гаворыць.

Сведка не памятае, калі быў адкрыты рахунак ў Літве.

Адвакаты: "У выпісцы пазначаныя рэквізіты прафсаюза РЭП. Якія?" Сведка не можа ўзгадаць нічога апроч назвы.

- Чаму грошы выкарыстоўваліся ў асабістых мэтах?

- Так указалі сведкі.

- Адкуль вам вядома пра іншых сведак?

- Пад час правядзення дазнавання.

- У якіх дазнавальных і працэсуальных мерапрыемствах вы ўдзельнічалі?

- Гэта сакрэт.

- Які нумар справы аператыўнага ўліку?

- Суду вядома, як такую інфармацыю атрымаць. Гэта сакрэтная інфармацыя.

- Усе 160 разоў Фядыніч перавозіў грошы?

- Не магу гэта сцвярджаць.

Сведка тлумачыць суду, што інфармацыю знайшлі пад час ператрусаў, а перапіску з электроннай пошты. На пытанне, як атрымалі выпіску з банка - нічога не гаворыць. Абаронцы пытаюцца пра тое, як была атрыманая інфармацыя аб паштовай скрыні. Адказвае, што ў выніку аператыўна-вышуковай дзейнасці. А частку лістоў вынялі з кампутара Комліка, які карыстаўся гэтай скрыняй.

- Ці была там зашыфраваная інфармацыя?

- Такімі ведамі не валодаю.

 -Хто стварыў скрыню?

- Усё ёсць у матэрыялах АРД.

- На якой мове была копія выпіскі з банка?

- На літоўскай.

- Хто перакладаў?

- Людзі, якія аказвалі нам садзейнічанне. Гэта сакрэт.

Абарона просіць зачытаць паказанні сведкі пад час следства, паколькі ёсць супярэчанні.

Фядыніч пытаецца:

"Сведкі ў судзе скардзіліся на ціск і запалохванні з боку дазнавальнікаў. Цы было такое?"

- Не, у ДФР так не робяць.

- Вы кажаце, што я выдатковаў грошы на асабістыя мэты?

- Гэта вынікі АРД.

- Чаму следствам не ўстаноўлена што электронная скрыня належала Комліку.

- Аператыўна-вышуковая дзейнасць паказала, што ён карыстаўся ёй.

- Куды я патраціў грошы, якія нібыта прысабечыў?

- Вам відней..

У судзе распачаўся шум. Агалошваюць паказанні Дзмітрыева ў частцы пярэчанняў. У пратаколе следства ўказана, што кропка доступа па уваходзячай і зыходзячай карэспандэнцыі па скрыні не ўстаноўлена. Таму не даказана, што скрыня належыць Комліку.

- Якога спецыяліста можам спытаць пра гэта? Вы адмаўляецеся назваць прозвішча супрацоўніка ДФР, які гэтым займаўся?

- Гэта сакрэт. Прозвішча я назваць не магу.

У судзе абвешчаны перапынак на 10 хвілін. Затым будуць вывучацца пісьмовыя матэрыялы справы.

Пасля перапынку зачытваюцца пратаколы допытаў сведкаў на папярэднім следстве. 

З папераў УДФР, якія агучваюцца на судзе, вынікае, што  сродкі, якія паступалі на рахунак прафсаюза, прызнаныя бязвыплатнай замежнай дапамогай. Супрацоўнікі УДФР матэрыялы накіравалі ў падатковую інспекцыю для разліку падатку і пені за несвоечасовую выплату падатку.

Кабінет суддзі Марыны Фёдаравай. Фота: ПЦ

У судзе прыступілі да вывучэння 2-га тома справы. Ён пачынаецца з пратаколаў ператрусаў і вопісаў арыштаванай маёмасці. Высвятляецца, што пад час ператрусу на офісе РЭП панятыя сядзелі ў калідоры, а супрацоўнікі самі хадзілі па пакоях. Калі  нешта знаходзілі - клікалі панятых і звярталі іх ўвагу на тое, што адшукалі. Ім нават не патлумачылі правы і абавязкі панятых.

Пракурор Вадзім Казей зачытвае пратаколы аб вопісу маёмасці па вул Кульман, 4 (офіс прафсаюза). Маёмасць адразу ацэненая. Згодна з пратаколамі, арышт быў накладзены на ўсю маёмасць прафсаюза РЭП. Зачытваюць пратаколы агляды канвертаў, каробак, дыскі, які праводзілася Дзяржаўным камітэтам судовых экспертыз.

Дзяржаўны абвінаваўца па “справе прафсаюзаў” пракурор Вадзім Казей. Фота: ПЦ “Вясна”.
Дзяржаўны абвінаваўца па “справе прафсаюзаў” пракурор Вадзім Казей. Фота: ПЦ “Вясна”.

 

2 жніўня быў ператрус, падчас якога ў чорным пакеце была знойдзена выпіска з літоўскага банка на літоўскай мове, дзе фігуруюць сумы 8 тыс еўра, 5 тыс еўра і г.д. але чамусьці за 2015 год. Гэта сведчыць аб расходванні грашовых сродкаў з рахунку. Прозвішчы фігуруюць: Смірнова за апытанне (500 еўра), Малафеева, Сакалоўскі (800 еўра), Міхейчыку за паррыхтоўку справаздачы, Дабратвор (1 млн. руб). У справе таксама чэкі, касавыя ордэры, выпіскі, але на прозвішчы іншых асоб.

Працягваецца агалошвацца доўгі пералік чэкаў (Прыорбанк, платы за інтэрнэт byfly, Велком), квітанцый, касавых ордэраў, плацёжных дакументаў на розныя прозвішчы. Відавочна, у справе – уся бухгалтэрыя без разбору. Цікава, што ўсе дакументы за 2015 год і па сутнасці ніякіх адносінаў да справы не маюць.

Далей пералічваюцца квіткі на цягнік да Гомеля, праязныя дакументы, квіткі, рэгістрацыі на цягнікі, пасадачныя талоны на прозвішчы розных людзей (Віцебск, Смалявічы, Гомель, Берасце). 2015 год. 

Пералічылі больш за 40 квіткоў у розныя гарады. Усе квіткі па Беларусі. Ніводнага разу не фігурыравала прозвішча Фядыніча.

Суддзя больш за гадзіну пералічвае плацёжкі, квіткі. Прагучала некалькі разоў прозвішча Стрыжак. Пракурорка прыйшла і слухае ў дзвярах залы. У залі чуваць, як праз рамку ў калідор прарваўся Мікола Статкевіч. Чакае (гучна) у калідоры.

Генадзь Фядыніч заявіў хадайніцтва аб перапынку: "Высокі Суд, давайце зробім перапынак! Ды няхай дзяржаўны абвінаўчы ўжо адпачне!"

Суддзя не ўбачыла падставаў для задавальнення гэтага хадайніцтва: "Працуем да паловы пятага". Пракурор працягвае агучваць матэрыялы справы, дзе маюцца дакументы на атрыманне грошай Стрыжаком ад украінскіх арганізацый, прафсаюза 3F на правядзенне семінараў на тэму "Медыя ў прафсаюзах".

Некаторыя дакументы, якія маюцца ў справе былі канфіскаваны і падчас новага ператрусу 2 кастрычніка.

У судзе абвешчаны перапынак да 3 жніўня на 10.00


Генадзь Фядыніч быў затрыманы 2 жніўня 2017 года. На яго кватэры і па месцы працы адбыліся ператрусы, канфіскаваныя носьбіты інфармацыі, дакументы. На офіс арганізацыі накладзены арышт.  Пазней Фядыніч быў адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе за межы краіны.

Крымінальная справа таксама ўзбуджаная ў дачыненні да Ігара Комліка, галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП. Супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь правялі ператрусы дома ў Ігара Комліка, Генадзя Фядыніча і Наталлі Пічужкінай, а таксама ў офісе прафсаюза РЭП і цэнтральным офісе Беларускага незалежнага прафсаюза ў Салігорску. Канфіскаваныя камп’ютарная тэхніка і фінансавыя дакументы.

Паводле афіцыйнай інфармацыі  Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь у ходзе праверкі ў межах узбуджанай крымінальнай справы ўстаноўлена, што «старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў».

Ігар Комлік утрымліваўся пад вартай з 2 жніўня 2017 году па 2 кастрычніка 2017 году. Яго таксама вызвалілі з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе.

Па інфармацыі, якую распаўсюдзіў Следчы камітэт, Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік мелі рахунак у Літве, у 2011 годзе ад нерэзідэнтаў Беларусі на яго паступалі грошы ў замежнай валюце агульным памерам 140 тысяч еўра.

Паводле разліку Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, сума нявыплачаных падаткаў склала 22.867,1 рубля.

Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасці.

        Што вядома па “Справе прафсаюзаў”? 

  • Следства доўжылася амаль год. Яго працягвалі некалькі разоў: 13 снежня 2017 года, 2 лютага і 2 траўня 2018 года. Мяняўся і павялічваўся склад следчай групы.
  • За гэты час былі дапытаныя больш за 800 сябраў незалежнага прафсаюза РЭП.
  • Крымінальная справа налічвае 11 тамоў.
  • 8 траўня Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку прад'яўленае канчатковае абвінавачанне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (частка 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса РБ). 

У падтрымку лідэраў прафсаюза РЭП выступілі з сумеснай заявай шэраг беларускіх праваабарончых арганізацый,  Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў,  іншыя міжнародныя і нацыянальныя арганізацыі.

Варта адзначыць, што аналагічная крымінальная справа была ўзбуджаная ў 2011 годзе ў дачыненні да старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага, што адназначна было расцэнена праваабарончай і міжнароднай супольнасцю як пераслед за яго шматгадовую праваабарончую дзейнасць.

http://spring96.org/be/news/90465

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты