Навіны

110 гадоў з дня смерці Валеры Урублеўскага

Нарадзіўся Валеры Урублеўскі 27 снежня 1836 году ў мястэчку Жалудок (сённяшні Шчучынскі раён) у сям’і шляхціца Антона Урублеўскага і Разаліі з роду Юраўскіх. Бацька будучага ваяра працаваў лесніком, а потым скарбнікам у графа Тызенгаўза. У 1853-ім Валеры Урублеўскі скончыў Віленскую гімназію і паступіў у Пецярбургскі лясны інстытут. У 1861-ым ён быў накіраваны на працу інспектарам лясной школы ў Саколку. Яшчэ ў студэнцкія гады Урублеўскі быў добра знаёмы з Кастусём Каліноўскім і Зыгмунтам Серакоўскім, таму ў 1861-62 гадах ён актыўна ўлучыўся ў падпольную працу. Разам з Каліноўскім рыхтаваў, выдаваў і распаўсюджваў “Мужыцкую праўду” – першую ў гісторыі беларускую газету.

У 1863 годзе, калі выбухнула паўстанне – начальнік штабу паўстанцаў, з жніўня камандзір паўстанцкімі збройнымі сіламі ўсёй Гарадзенскай губерні, пазней – Люблінскага і Падляскага ваяводства. Быў цяжка паранены ў баі 7 студзеня 1864 з казакамі, пасечаны шаблямі. Як толькі падлячыўся, эміграваў у Францыю. У Парыжы кіраваў дэмакратычнымі арганізацыямі беларуска-польскіх эмігрантаў. Калі ў Францыі адбылася рэвалюцыя і была створана Парыжская Камуна, Урублеўскі быў у першых шэрагах. Неўзабаве яму за баявыя заслугі было прысвоена званне генерала Парыжскай камуны. Змагаўся ён да апошняга і быў прыгавораны версальцамі завочна да пакарання смерцю. Аднак з фальшывым пашпартам здолеў выехаць у Англію, дзе лячыўся ад шматлікіх раненняў, яму з цяжкасцю ўдалося пазбегнуць ампутацыі рукі. У Брытаніі зблізіўся з Карлам Марксам і Фрыдрыхам Энгельсам. Урублеўскі шчыра верыў у свае ідэалы, уступіўшы ў Першы Інтэрнацыянал. Некаторы час жыў у Жэневе, у 1878-ым нелегальна прыязджаў у Адэсу і Пецярбург. Сустракаўся з народнікамі-землявольцамі. А калі французскі ўрад абвесціў амністыю, у 1885-ым пераехаў у Францыі і пасяліўся ў Ніцы. Апошнія гады жыў у прыгарадзе Парыжу Уарвілі у доме былога камунара Геншынскага.

Памёр 5 жніўня 1908 года.

Пахаваны Урублеўскі ў Парыжы на могілках Пэр-Ляшэз. Дастаткова ў параўнанні з іншымі паўстанцамі ўшанаваны ён у Беларусі. У Гародні яшчэ з савецкага часу ёсць вуліца Урублеўскага і ягоны барэльеф на адным з дамоў. Урублеўскаму даследнік паўстання 1863 году Генадзь Кісялёў прысвяціў кніжку “Паплечнік Каліноўскага”, у яго гонар напісана многа вершаў. У Жалудку імя Урублеўскага мае мясцовая школа, а ў наш час там, у цэнтры мястэчка, з’явіўся новы памятны знак.

На фота: памятны камень у Жалудку, барэльеф у Гародні. 

04.08.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты