Навіны

Журналісцкі фрыланс: гарадзенскі досвед ад Андрэя Мялешкі

Сусветная журналістыка больш за паўстагоддзя карыстаецца такім выразам як фрыланс-журналістыка. У Беларусі праца такіх журналістаў з'явілася больш за 10 год таму і ёй карыстаюцца як дзяржаўныя, так і недзяржаўныя медыя. У большасці сучасных журналістаў паўстае пытанне як працаваць: быць вольным фрылансерам ці працаваць на нейкую рэдакцыю.

Пра свой досвед працы журналістам - фрылансерам у Беларусі дзеліцца журналіст - фрылансер з Гародні Андрэй Мялешка

За гэты час артыкулы Андрэя Мялешкі з'яўляліся ў мностве выданняў і спецыялізаваных сайтаў, сярод якіх такія выданні як “Новы час” і “Беларускае Радыё Рацыя”, агенства “БелаПАН”, “Комсомольская Правда в Беларуси» , старонка кампаніі “Будзьма”, старонка http://mediakritika.by/ і https://baj.by/ (сайт Беларускай Асацыяцыі журналістаў)

Вялікім плюсам працы фрылансера ў Беларусі (як ў прынцыпе працы і за мяжой) з'яўляецца наступнае :

  • Вольнае размеркаванне свайго часу
  • Магчымасць працы ў любым месцы (дома, у кавярні, ці ў якім іншым месцы)
  • Магчымасць выбара тэмы (браць тую тэму, якая табе падабаецца і адмаўляцца ад іншай, нецікавай)
  • Магчымаць размеркавання часу між сям'ёй і працай (гэта не заўсёду ўдаецца)

А стандартныя мінусы працы журналіста, як фрылансера выглядаюць наступным чынам:

  • Неабходнасць пастаяннага пошуку новых тэмаў і месцаў працы,
  • Адсутнасць нейкіх сацыяльных гарантый працы
  • Верагоднасць таго, што працадаўца можа не заплаціць за зробленую працу (так званае махлярства з боку працадаўцы)
  • Верагоднасць застацца без пенсіі, бо большасць працадаўцаў не плоціць у пенсійны фонд.
  • Адсутнасць усялякіх сацыяльных гарантый працы

Канешне ёсць яшчэ мінусы працы ў Беларусі, якіх няма ў іншых краінах- суседках:                                                                                                  

  • Праца журналіста ў Беларусі можа падпасці пад артыкул 22.9 “за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі”.  Гэты артыкул з'яўляецца падставай для вялікіх штрафаў, якія з'яўляюцца сур'ёзнай праблемай для журналістаў недзяржаўных медыя. Мой досвед паказвае, што штрафы па гэтым артыкуле могуль быць за артыкулы на кожную тэму: ці то культура, ці то медыцына, альбо нейкая сацыяльная тэматыка.
  • Апроч штрафаў могуць яшчэ быць і іншыя спосабы ціску на незалежных журналістаў такія як: выклік ў КДБ альбо пракуратуру. Тут можна атрымаць пракурорскае папярэджанне, ды і само наведванне гэтых “дзяржаўных інстытуцый” не з'яўляецца прыемным.
  • Таксама праца незалежнага журналіста - фрылансера мае і такі адваротны бок працы: атрымаць афіцыйны каментар па нейкай праблеме з'яўляецца вялікай праблемай. Чыноўнікі альбо не хочуць даваць каментар, альбо спасылаюцца на занятасць ці адмову персанальна канкрэтнаму журналісту даваць каментар. 

Аднак за гады працы выпрацоўваецца свой погляд на працу фрылансера, якім могуць быць не толькі пішучыя журналісты, аператары, фатографы.

Асабісты досвед , які магчыма будзе цікавы пачынаючаму журналісту - фрылансеру:

  • Персанальныя знаёмствы з рэдактарамі СМІ, што можа быць канешне як і плюсам, так і мінусам у працы.
  • Заўсёды прапаноўвайце рэдактарам некалькі тэмаў. З трох-пяці прапанаваных тэмаў рэдакцыя “бярэ” адну-дзьве, альбо не бярэ нічога. Тут усё залежыць ад мноства фактараў. Гэтыя фактары не заўсёды звязаныя з прафесійным роўнем рэдактара, а таксама з настроем і персанальнымі падыходамі. (Былі такія выпадкі, калі у панядзелак рэдактар адмаўляецца браць тэму, а ў аўторак – ён сам табе яе прапаноўвае).
  • Дамаўляйцеся заранёў з працадаўцам пра аплату не толькі для сябе, як пішучага журналіста, але і для фатографа, калі працуеце ў “звязцы” з фатографам (былі такія моманты, калі працадаўца забываўся аплаціць працу фатографа, і прыходзілася плаціць з асабістай кішэні).
  • Персанальны досвед працы паказвае, што рэдактар можа быць не заўсёды ў “тэме” і можа так вычытаць тэкст, што ён можа быць вельмі не падобным на напісаны аўтарам. Але большасць рэдактараў такім не займаецца (што вельмі радуе).
  • Калі працуеш у “пары” з фатографам, журналіст мусіць акрэсліць фатографу сваё бачанне тэмы, бо бываюць выпадкі, калі калега, што  здымае на камеру, можа не разумець твайго бачання. Такім “грашаць” не толькі фатографы - навічкі, але і прафесіяналы, якія ўжо 10 і болей год робяць рэпартажныя фота.
  • Самымі простымі рэчамі, калі дамаўляецеся пра артыкулы для нейкага выдання, кажыце пра дэдлайны (тэрміны выканання). Старайцеся быць пунктуальнымі і пісьменнымі.
  • Назіраце за калегамі - журналістамі,  і калі калегі робяць артыкулы лепш за вас, то пераймайце досвед. Забудзьце такое свова “зайздрасць”, бо у працы – вы калегі, а не ворагі.
  • Дзяліцеся тэмамі, бо бывае, што ваша выданне, на якое вы цяпер пішаце можа не зацікавіцца тэмай, а тэма можа быць важкай і цікавай іншаму выданню, дзе працуюць вашы калегі - журналісты.
  • Старайцеся мець знаёмствы не толькі з незалежнымі журналістамі, але і з журналістамі з дзяржаўных СМІ, бо бываюць такія выпадкі, што і яны могуць падказаць вам нейкую цікавую тэму.

Спадзяюся, што гэтыя парады спатрэбяцца не толькі фрылансеру - пачаткоўцу,  але і журналісту, які працуе не адзін год. І раю не баяцца працаваць - бо толькі ў практыцы могуць з'яўляцца новыя знаёмствы, тэмы і матэр'ялы, якія будуць цікавыя чытачам.

Андрэй Мялешка

 

 

06.08.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты