Навіны

Суд па “справе прафсаюзаў”: паўторны выклік сведкаў і таямнічы буран

Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік у судзе. Фота: ПЦ "Вясна".

Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік у судзе. Фота: ПЦ "Вясна".

Восьмае паседжанне ў сталічным Доме правасуддзя па справе старшыні Беларускага незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП Ігара Комліка адбудзецца 8 жніўня ў судзе Савецкага раёна Мінска. Прафсаюзных лідэраў абвінавачваюць у здзяйсненні крымінальнага злачынства па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Суддзя – Марына Фёдарава.

З раніцы суд мае намер дапытаць сведак, якія раней не з’явіліся на паседжанне: Патапаву, Пічужкіну, Баярскую, Зіміна.

Падрабязна аб тым, што адбывалася на судзе ў першы дзень.  

Падрабязна аб тым, што адбывалася на судзе ў другі дзень.  

Суд па “справе прафсаюзаў”: допыт сведак і праслухоўванне тэлефонаў.

Суд па “справе прафсаюзаў”: што не сказаў супрацоўнік ДФР? 

Суд па “справе прафсаюзаў”: непераканаўчая доказная база і палова тома ананімак 

Суд па "справе прафсаюзаў": што пачуем у панядзелак?

Суд па “справе прафсаюзаў”: пра афіцыйныя запыты Рэспублікі Беларусь Літве, Швецыі, Даніі 

Перад пачаткам працэсу праваабаронца Валер Шчукін спрабуе прарвацца на суд праз міліцэйскі пост. Супрацоўнік міліцыі патрабуе яго паказаць пашпарт, ён адмаўляецца, паказвае яго толькі ўнутранай ахове. Урэшце дабіваецца свайго і праходзіць.

Валерый Шчукін
Валерый Шчукін "прарываецца" ў суд. Фота: ПЦ "Вясна"

 

 На паседжанні прысутнічае каля 30-ці чалавек. Сярод іх — прафсаюзныя актывісты, праваабаронцы. Прысутнічаюць праваабаронцы Алег Волчак, Алесь Бяляцкі, палітык Мікола Статкевіч, выдатны паэт і грамадзкі дзеяч Уладзімір Някляеў.

Журналіст "Советской Белоруссии" спрабаваў рабіць фотаздымкі без дазволу суду, усе абурыліся такімі дзеяннямі. СБ здымаў пасля пачатку судовага працэсу. Іншая сакратарка зрабіла заўвагу толькі тады, калі зала пачала абурацца. 

Выклікаюць першую сведку: падатковага інспектара Екацярыну Баярскую. Яна сведчыць, што ўсе падаткавыя дэкларацыі прафсаюз РЭП падаваў своечасова. Тлумачыць таксама, што РЭП  плаціць падатак на маёмасць, але што за маёмасць не памятае.

“Бязвыплатная дапамога не абкладаецца падаткам на прыбытак”, - заяўляе яна.

Пракурорка заявіла хадайніцтва аб прадастаўленні рэчавага доказу.

Суддзя: "Уліковую справу" прадставіць сведку абароны”.

Пракурорка: "Аглядаецца ўліковая справа прафсаюза РЭП".

Пракурорка пералічвае змест гэтай справы. Сведка проста стаіць і слухае гэта.

У справе  - бухгалтарскі баланс, падаткавыя дэкларацыі на маёмасць, справаздача аб мэтавым выкарыстанні грашовых сродкаў, дзе паказана, што паступалі толькі сяброўскія ўнёскі. Пракурорка агалошвае ўсе прочыркі ў некаторых графах, якія тычацца прыбыткаў, і подпісы абвінавачаных.  Сведка тлумачыць, чаму на некаторых дакументах адсутнічаюць подпісы. Калі адсутнічае аб'ект падаткаабкладання, то дэкларацыю не трэба падаваць. Усе дадзеныя захоўваюцца ў пададткавай базе. 

"Нерэалізаваны прыбытак высвятляецца пры рэвізійнай праверцы. Мая справа прыняць і занесці ў базу дэкларацыю, а таксама адсачыць выплату падаткаў" - тлумачыць сведка.

Сведка Баярская заяўляе пракурору Казею: "Вы мне такія пытанні задаеце! Я ўсё тлумачыла ў СК, калі ў мяне на руках была справа. Я проста не памятаю".

У судзе высвятляюць, ці падаецца дэкларацыя раз у квартал або раз у год. Сведка дакладна не памятае.
"Нават пры адсутнасці аб'екта падаткаабкладання, калі дэкларацыю прыносяць, то я абавязаная яе прыняць" - кажа яна.
Абарона пытаецца, ці маглі быць знішчаныя гэтыя дакументы пасля праверкі? Сведка не памятае. Кажа, што на допыце ў яе былі дакументы. 

Дапытваюць наступную сведку, перакладчыцу Ірыну Патапаву.

"Я супрацоўнічала з прафсаюзам РЭП. Дапамагала ім прымаць шведскую дэлегацыю. Працую з імі даўно, з 2005-2006 г. Ездзіла з імі на семінарыі. Аказвала ім моўную дапамогу. У сапраўдны час не працую з імі. Перастала з-за праблемаў на мяжы, пасля таго, як мяне здымалі з цягніка, даглядалі. А мне нервавацца нельга" - распавядае сведка.

Пракурор распытвае пра знаёмства з Фядынічам  і Комлікам і пра ўзнагароджанне за ажыццяўленне перакладаў. Кажа, што не было. Прывозілі шведы ёй каву, кніжкі на шведскай мове, некалькі разоў чаявыя ў рэстаране, калі доўга затрымлівалі. Пракурор пытаецца пра гады наведвання шведскай дэлегацыі: "Вядома, што з 2005 па 2011".

Фінансаванне падчас сустрэч не абмяркоўвалі. Кажа, што аднойчы была за мяжой:

"Выязджалі 20 лютага. "На вакзале Фядыніч папрасіў перавезці мяне грашовыя сродкі 1000-1500 еўра"

Пракурор па
Пракурор па "справе прафсаюзаў" Ірына Арлоўская. Фота ПЦ "Вясна".

 

Менавіта тады яе і знялі з цягніка. У яе разоў 10 праверылі пашпарт. Доўга даглядалі. Грошы забралі на праверку сапраўднасці і адпусцілі. Потым гэтыя грошы вярнула ў офісе РЭП. Больш не супрацоўнічала з прафсаюзам.

Пракурорка пытаецца, чаму Фядыніч даў перавезці гэтыя грошы. Сведка неўцямна выказала здагадакі: "Я падумала, што ў яго ўжо ёсць нейкая сумма"

Пракурорка: "Якая ў яго сумма была Вы кажаце?"

Комлік: "Высокі суд, абвінавачванне зноў спрабуе навязаць сваю думку!"

Комлік сварыцца з пракуроркай. Суддзя не прыняла пратэст. Фядыніча тады знялі на мяжы таксама.

Пракурор: "Вы ведалі суму, якая належала асабіста вам у вашым кашальку?"

Не можа адказаць. "Ну раз 1500 ня мае, то 800 мае тады"

- Вы што з 800 еўра паехалі?

- Ну мяне ў Акропаліс абяцалі адвезці.

Да сведкі звяртаецца абаронца:

- Фядыніч сам выйшаў за Вамі ці яго таксама здымалі?

 - Знялі беларускія памежнікі, як і мяне.

Абаронца:

- А што ён сказаў пры гэтым? Як растлумачыў?

- Не хвалюйся, гэта працоўныя моманты. Мы нічога не парушалі.

Высвятляецца, што  гэтую сумму на допыце ў СК ёй назваў следчы. Абаронца перапытваецца ў яе, што гэтую сумму назваў следчы "на момант допыта, праз 8 год?"

Пры допыце следчы паказваў ёй раздрукоўкі выезду, "спачатку я тысячу ўзгадала, потым следчы кудысьці патэлефанаваў і сказаў, што было 2390 еўра"

Комлік пратэстуе: "Высокі суд, абвінавачванне займаецца зацягваннем працэса! Задае пытанні, якія не адносяцца да сутнасці справы".

Сведку ніколі не здымалі з цягнікоў, гэта быў адзіны раз.

"Я перастала супрацоўнічаць з прафсаюзам, каб больш ніколі не паўтарылася такіх сітуацыяй" - чуюцца слёзы сведкі..

Фядыніч:"Вы мяркуеце або сцвярджаеце, што Вам я перадаваў 1000-1500 еўра?"

- Не сцвярджаю, што гэтая сума ...

Прокурорка пытаецца, ці упэўненая яна, што ёй перадавалі ня менш за 1000 еўра Яна адказана станоўча.
Абарона:  "Ці была цікавасць да вас з боку дзяржаўных органаў?" Кажа, што не. Толькі па гэтай крымінальнай справе.

Выклікаюць чарговага сведку -  старшыня беларускага незалежнага прафсаюзу з Салігорску Мікалай Зімін. 

Паказанні дае на беларускай мове.

"Усе мае паказанні ёсць у крымінальнай справе" – кажа ён. – Патлумачыць па гэтай справе больш нічога не магу”.

 Пракурор Вадзім Казей канкрэтна пытаецца пра прафсаюзы Даніі і Швецыі. Ён адказвае "Гэта справа прафсаюза РЭП".

Пракурор: "Куды выязджалі сумесна з Фядынічам  і Комлікам?" "У Данію, Літву, Расію..."

Пракурор пытаецца пра тое, чым займаліся Фядыніч і Комлік у Літве? 

- Кожны займаецца тым, чым хоча. Можа хадзілі піва папіць

Пракурор задае пытанні пра рахунак, пра прапанову перавезці грошы, пра спонсарскую дапамогу Адказы адмоўныя і "мне гэта невядома".

Суддзя Фёдарава абвяшчае перапынак на 15 хвілін.

Суддзя Марына Фёдарава ў судзе па
Суддзя Марына Фёдарава ў судзе па "справе прафсаюзаў". Фота з сацыяльных сетак.

 

Сведка Наталля Пічужкіна не змагла з'явіцца ў суд, бо знаходзіцца за мяжой. А Віктар Казлоў не змог з'явіцца па прычыне здароўя. Супраць паказанняў Казлова выступілі абаронцы і абвінавачаваныя. Фядыніч растлумачыў, што Казлоў даў паказанні падчас следства, якія не тычыцца сутнасці справы.

Зачытваюць ранейшыя паказанні Пічужкінай. Яна цяпер пражывае ў Вільне. Раней дапамагала з сайтам прафсаюза і з перакладам на дабрачынных пачатках. 

"Я некалькі разоў ездзіла сумесна з Фядынічам і Комлікам  у Вільню, але квіткі аплачвала сама. Грошы не перавозіла, просьбаў такіх не паступала" - пазначана ў пратаколе допыта.

Суддзя зачытвае пратакол допыта Казлова. Быў прадстаўніком прафсаюза РЭП па Гомельскай вобласці на дабрачынных пачатках. Сведчыў толькі пра сяброўскія ўнёскі, расказаў пра  працэдуру аплаты, мэты іх (падаткі, заробкі, у тым ліку, Судаленку).

Казлоў: "Жыву ў Гомельскай вобласці. Быў намеснікам да 2009 г. Потым быў прадстаўніком на грамадскіх пачатках. За гэтую працу мне не плацілі. Напрамую грошы ад іншых прафсаюзаў не паступалі, толькі аплачваліся мерапрыемствы. Пра рахункі за мяжой не ведаю нічога".
Грошы для рэгіянальнага аддзялення Казлоў заўсёды атрымліваў па ордэры і толькі ў беларускіх рублях.

Чытаюць пратакол дадатковага допыту Казлова.  Яму паказалі ордэр на атрыманне 500 еўра, які знайшлі на офісе:

"Я не бачыў раней запісаў у верхняй частцы гэтага дакумента, і кім яны зроблены - не ведаю, але дакладна не Фядынічам. У ніжняй частцы распісаўся я і паказаў дату 2015г. Але гэтыя дадзеныя непраўдзівыя, я распісаўся на пустым бланку па просьбе Міхейчыкаў. Калі з'явіліся запісы уверсе і як дакумент апынуўся на офісе я не ведаю."

Далей з допыту Казлова: Яму прад'явілі ўжо шэсць ордэраў на атрыманне грошай.

"Магу патлумачыць, што бланкі мне знаёмыя. Я распісваўся ў ніжняй частцы бланка, калі верх быў пусты, сумы па іх не атрымліваў. Падпісваў па просьбе Комліка або Фядыніча. Пра астатнія сумы наогул нічога не ведаю і не падпісваў гэтыя ордэры. Як дакументы апынуліся на офісе не ведаю." - сведчыць ён.

Суд даручыў Генеральнай пракуратуры правесці праверку, ці адбываўся ціск на сведак ад прадстаўнікоў УДФР (дазнавацелей)  у межах арт. 173 і 174 Крымінальнага кодэкса.

Абвешчаны перапынак да 14 гадзін.

Праваабаронца Алег Волчак у судзе. Фота: ПЦ
Праваабаронца Алег Волчак у судзе. Фота: ПЦ "Вясна"

 

Пасля абедзеннага перапынку наведвальнікі суда зноў пачалі абурацца прыватным даглядам і даглядам рэчаў. Супрацоўнік міліцыі ў цывільным спаслаўся на Закон "Аб масавых мерапрыемствах".

Абаронца заяўляе хадайніцтва:

"Высокі суд, дазвольце агучыць дадзеныя аператыўна-пошукавай дзейнасці, а ў прыватнасці пратакол тэлефоннай размовы Фядыніча і Зіміна".

Суддзя задаволіла. Праслушка была санкцыянавана пракурорам на 60 сутак.  Дата перамоваў: 17 ліпеня 2017 г. Час: 21.46

Нібыта, гэтая размова пацвярждае "злачынную дзейнасць" Фядыніча:

-Добрый вечер!

- Добрый!

- Как погода?

- Там буран какой-то...

- Не знаешь, там дальше пошло?

Зімін дае тлумачэнні пра чорную хмару Абаронца пытаецца, ці падцвярджае гэтая размова супрацьпраўную дзейнасць?

Зімін: "Надвор'е, ці што ?"

Пракурорка: "Калі б буран летам не ўзгадвалі, то і пытаньняў бы не было".

Зала смяецца.

Далей - пратакол аператыўна-пашуковай дзейнасці аб праслушцы тэлефона паміж Зіміным і Комлікам ад 25 ліпеня 2017 г. .

Пачынаецца допыт абвінавачваных.


Генадзь Фядыніч быў затрыманы 2 жніўня 2017 года. На яго кватэры і па месцы працы адбыліся ператрусы, канфіскаваныя носьбіты інфармацыі, дакументы. На офіс арганізацыі накладзены арышт.  Пазней Фядыніч быў адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе за межы краіны.

Крымінальная справа таксама ўзбуджаная ў дачыненні да Ігара Комліка, галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП. Супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь правялі ператрусы дома ў Ігара Комліка, Генадзя Фядыніча і Наталлі Пічужкінай, а таксама ў офісе прафсаюза РЭП і цэнтральным офісе Беларускага незалежнага прафсаюза ў Салігорску. Канфіскаваныя камп’ютарная тэхніка і фінансавыя дакументы.

Паводле афіцыйнай інфармацыі  Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь у ходзе праверкі ў межах узбуджанай крымінальнай справы ўстаноўлена, што «старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў».

Ігар Комлік утрымліваўся пад вартай з 2 жніўня 2017 году па 2 кастрычніка 2017 году. Яго таксама вызвалілі з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе.

Па інфармацыі, якую распаўсюдзіў Следчы камітэт, Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік мелі рахунак у Літве, у 2011 годзе ад нерэзідэнтаў Беларусі на яго паступалі грошы ў замежнай валюце агульным памерам 140 тысяч еўра.

Паводле разліку Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, сума нявыплачаных падаткаў склала 22.867,1 рубля.

Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасці.

        Што вядома па “Справе прафсаюзаў”? 

  • Следства доўжылася амаль год. Яго працягвалі некалькі разоў: 13 снежня 2017 года, 2 лютага і 2 траўня 2018 года. Мяняўся і павялічваўся склад следчай групы.
  • За гэты час былі дапытаныя больш за 800 сябраў незалежнага прафсаюза РЭП.
  • Крымінальная справа налічвае 11 тамоў.
  • 8 траўня Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку прад'яўленае канчатковае абвінавачанне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (частка 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса РБ). 

У падтрымку лідэраў прафсаюза РЭП выступілі з сумеснай заявай шэраг беларускіх праваабарончых арганізацый, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў,  іншыя міжнародныя і нацыянальныя арганізацыі.

Варта адзначыць, што аналагічная крымінальная справа была ўзбуджаная ў 2011 годзе ў дачыненні да старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага, што адназначна было расцэнена праваабарончай і міжнароднай супольнасцю як пераслед за яго шматгадовую праваабарончую дзейнасць.

http://spring96.org/be/news/90519

праваабарончыя сайты