Навіны

125 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Ружанцова

Беларускі вайсковы дзяяч, пісьменьнік, бібліёграф Аляксандр Ружанцоў нарадзіўся 12 жніўня 1893 года ў Вязьме (Смаленская губерня). Скончыў вяземскую гімназію, у якой упершыню з геаграфічнага падручніку даведаўся пра Беларусь. У 1911 годзе паступіў на гісторыка-філасофскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэту, а ў 1914-ым – у Маскоўскую Аляксеяўскую вайсковую школу.

Удзельнічаў у Першай сусветнай вайне, служыў у IV пяхотным палку. Быў паранены каля Бярэзнікаў (паблізу Сейнаў). У 1918 годзе ў Смаленску мабілізаваны ў Чырвоную Армію, прызначаны камандзірам палку, што вёў баявыя дзеянні ў Беларусі і Літве. У 1919 годзе перайшоў на літоўскі бок, узначаліў ў рангу маёра Першую беларускую роту, што ваявала супраць усіх іншых сіл. За гераізм у баях з чырвоналатышскімі войскамі 26-28 чэрвеня 1919 года 25 жаўнераў роты, у тым ліку Ружанцоў, былі ганараваныя літоўскім ордэнам “Крыж Пагоні”. У верасні 1920 года Ружанцоў узначаліў створаны Беларускі асобны батальён.

У 1918-21 гадах заснаваў і рэдагаваў шэраг беларускіх вайсковых часопісаў (“Беларус вайсковы”, “Варта Бацькаўшчыны”), выступаў з артыкуламі па беларускай вайсковай гісторыі. Як аўтар друкаваўся ў 1920 гадах у газетах “Беларускі звон”, “Беларускія ведамасці”. Пісаў пад псеўданімам Алесь Смалянец. Паэзія прасякнутая вайсковай тэматыкай. Пэўны час працаваў у беларускай адміністрацыі Гарадзенскага павету. У літоўскім войску служыў да 1940 года, дзе працаваў пажарным інспектарам, арганізаваў 32 вайскова-пажарныя брыгады, падрыхтаваў службовыя інструкцыі. Пайшоў у адстаўку ў рангу падпалкоўніка. У гісторыю бібліятэк Літвы ўвайшоў як першы спецыяліст па арганізацыі спецыяльных бібліятэк. У 1921-40 гадах – дырэктар Цэнтральнае вайсковае бібліятэкі ў Коўне. У 1940-ым пачаў працаваць загадчыкам Кабінету бібліяграфіі ў Цэнтральнай бібліятэцы Акадэміі навук Літвы.

У пачатку вайны звязаўся з генералам Кастусём Езавітавым і па яго рэкамендацыі прыняты ў штаб беларускіх войскаў, дзе адказваў за супрацьпажарную ахову. Уваходзіў у склад Беларускага нацыянальнага камітэту ў Вільні. У 1944-45 гадах разам Езавітавым працаваў у Берліне ў штабе “беларускага вызвольнага войска”, потым апынуўся ў Мэмінгэне (Баварыя) у лагеры для перамешчаных асобаў. Супрацаваў з літоўскім і беларускім друкам, быў сябрам Літоўскай Энцыклапедыі. Агулам апісаў 16 тысяч літоўскіх выданняў.

З 1949 года Ружанцоў жыў у ЗША. Займаўся праблемамі бібліяграфічнай справы. Склаў і надрукаваў некалькі паказнікаў, у тым ліку надрукаваў аналітычны паказнік часопісу “Веда”, што выдаваўся Беларускім (Крывіцкім) таварыствам імя Францішка Скарыны, і пачаў аналітычны паказнік друкаў БІНІМу (“Запісаў” і “Конадняў”). Спрычыніўся да ўвядзення беларускаведнага матэрыялу ў літоўскую энцыклапедыю, таксама вёў улік таго, што друкавалася ў літоўскім друку пра Францішка Скарыну і беларускую справу наогул, і прысылаў гэтыя звесткі ў БІНІМ.

Яшчэ пры жыцці падрыхтаваў зборнік сваіх вершаў, але пра лёс зборніка амаль нічога невядома. Пісаў вершы, якія Максім Гарэцкі характарызаваў як “моцнымі думкаю і арыгінальнымі формаю”. У постсавецкай Беларусі творы Ружанцова ўпершыню з’явіліся ў кнізе “Туга па Радзіме. Паэзія беларускай эміграцыі” (Мінск, 1992). Вядома, што рабіў пераклады з беларускай мовы на літоўскую.    

Памёр Аляксандр Ружанцоў 23 ліпеня 1966 года ў горадзе Дэнвіл (штат Ілінойс, ЗША).

 

11.08.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты