Навіны

95 гадоў з дня нараджэння Самсона Пярловіча

Беларускі паэт, удзельнік патрыятычнага падполля і антысавецкага супраціву Самсон Пярловіч нарадзіўся 13 жніўня 1923 года ў вёсцы Католышы (Наваградскі раён). 

Паходзіў з сям’і беларускага селяніна, дзе было сямёра сыноў. У чацвёртым класе польскай школы хлопчык Самсон напісаў першы свой верш пра Свіцязь. А калі скончыў польскую школу, пачаў настаўнічаць сам, вучыў дзетак у пачатковай школе. У 1943 годзе 20-гадовага юнака схапілі немцы і павезлі ў Германію. Везлі яго і іншых юнакоў і дзяўчат да Рыгі. Па дарозе ён і яшчэ некалькі хлопцаў скокнулі з вагона. Але хутка іх схапіла латышская жандармерыя. Пасля допытаў іх адправілі на Лібаву, і хутка Самсон са сваімі сябрамі апынуўся ў лагеры за калючым дротам. Адтуль хлопцы зноў уцяклі і некалькі тыдняў былі вольнымі. Але хутка іх зноў арыштавалі і адправілі ажно ў Вену. Вызвалілі Самсона Пярловіча ў пачатку красавіка 1945 года.

Пасля вяртання на радзіму супрацаваў з наваградскай раённай газетай. У 1947 годзе стаў адным з арганізатараў антысавецкай беларускай падпольнай арганізацыі “Саюз вызвалення Беларусі”. Быў прызначаны ўпаўнаважаным па Наваградскім раёне. Арганізацыя, створаная наваградскай моладдзю ў першы пасляваенны год, мела сваёй галоўнаю мэтай “стварэнне самастойнай Беларускай дзяржавы”, у дасягненні чаго не выключалася і збройнае змаганне. Аднак пасля знаёмства з Аляксандрам Бажко, супрацоўнікам баранавіцкай газеты, што назваўся сябрам іншай антысавецкай арганізацыі “Чайка”, і які быў таемным агентам НКВД, арганізацыя была выкрытая. Паводле ўспамінаў Пярловіча Бажко расказаў яму, што ў Баранавічах таксама існуе падпольная арганізацыя, а сам ён знаходзіцца ў вышэйшым звяне падпольнай кіроўнай структуры. Пярловіч паверыў правакатару.

У выніку Самсон Пярловіч быў арыштаваны 30 траўня 1947 года. Утрымлiваўся ў Баранавiцкай следчай турме “Крывое кола”. Пры арышце ў яго быў знойдзены верш “Паднімаецца крыўда”, за які з мінскай “амерыканкі” вадзілі пад канвоем на допыт да наркама НКВД Лаўрэнція Цанавы. Таму было цікава пабачыць юнака, які пасмеў узняць голас супраць Сталіна і яго памагатых.

На працэсе, якi праходзiў 29 жніўня-31 жніўня 1947 года ў Баранавiчах, асуджаны ваенным трыбуналам да 10 гадоў зняволення з пазнейшай высылкай. Выданыя правакатарам васямнаццаць патрыётаў былі засуджаныя на розныя тэрміны зняволення ў канцлагерах. Пярловіч адбываў пакаранне на лесапавале ў лагеры Усьць-Вым (Комi АССР), а з 1949 года – на будаўнiцтве шахтаў у спецлагерах Караганды, што ў Казахстане. Паплечнік Пярловіча Кастусь Рамановіч, які родам з вёскі Лозкі, успамінаў як яны разам прайшлі жахі савецкага канцлагера, як Пярловіч складаў вершы без алоўка і паперы і яны завучвалі іх напамяць.

Вызвалены 3 студзеня 1956 года. Высылку мусіў адбываць у Сарані Карагандзiнскай вобласці, але яна была адменена. У Беларусь вярнуўся восенню 1956 года i працаваў на заводзе газавай апаратуры ў Наваградку. У 1980 годзе пайшоў на пенсію. І хоць дажыў да незалежнасці Беларусі, так і не быў рэабілітаваны дзяржаўнай уладай. Да смерці жыў у Наваградку, Пасля сябе паэт пакінуў тры зборнічкі: “Бяссмертнiк” (Менск, 1994), “Заяц на бярозе” (Наваградак, 1995), “Чарадзейны агонь” (Наваградак, 1998). Паэтычныя радкі вязня савецкіх канцлагераў, на жаль, застаюцца актуальнымі дагэтуль: “Хай даўно ўжо няма Валадарскага тога, з яго імем турма людзей душыць, ой многа!..”.

Пахаваны на наваградскіх могілках, памяць не ўшанаваная ніяк.

Уладзімір Хільмановіч

 

 

13.08.2018

Архіў

Сьнежань 2019
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031

Відэа

праваабарончыя сайты