Навіны

Зварот у пракуратуру з нагоды разбурэння “сцяны Вітаўта” ў Гародні

Кандыдат гістарычных навук, спецыяліст па гісторыі абарончай архітэктуры Беларусі Мікалай Волкаў звярнуўся ў пракуратуру з-за разбурэння сцяны Старога замка ў Гародні. Разбурэнне адбылося на мінулым тыдні, і навуковец упэўнены, што быў парушаны закон, і просіць прыцягнуць да адказнасці вінаватых.

– Фактычна ідзе знішчэнне помніка без аніякай фіксацыі, без аніякага даследавання, а проста таму, што архітэктарам Бачкову і Шымбарэцкаму, якія прыдумалі гэты праект, хочацца туды загнаць тэхніку, ці зрабіць нейкі дзвярны праём, ці што яны там думаюць – невядома, інфармацыя закрытая. І таму гэта можа пагражаць вялікай небяспекай помніку. Тым больш гэта не першы прэцэдэнт знішчэння аўтэнтычных частак. Рэстаўрацыя не заканчваецца, там яшчэ другая і трэцяя чарга. Калі яны так будуць паводзіць сябе і далей, то яны палову палаца разваляць.

Мікалай Волкаў упэўнены, што яшчэ нешта можна змяніць у плане рэканструкцыі Старога замка ў Гародні.

– Гэтая вялізная машына ўжо запушчана. Там вялікія грошы, ужо прынятыя рашэнні. І змяніць вось гэтую канцэпцыю Бачкова кардынальна ў першай чарзе рэстаўрацыі будзе немагчыма. То бок яны пабудуць такі бутафорскі замак, якім яго прыдумаў Бачкоў. Тое, што зараз я і калегі спрабуем зрабіць, – гэта максімальна захаваць аўтэнтычнасць, да якой навуковы кіраўнік Бачкоў ставіцца абыякава.

Навуковец, апроч звароту ў пракуратуру, накіраваў ліст у Міністэрства культуры. Ён просіць правесці праверку і з гэтага боку. І спадзяецца, што нейкім чынам удасца змяніць рэканструкцыю ў Гародні на Старым замку.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота hrodna.life

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/zvarot-u-prakuraturu-z-nagody-razbure/

13.08.2018
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Відэа

праваабарончыя сайты