Навіны

Памяці Хведара Нюнькі (фота)

Сумная вестка прыйшла з Вільні. Не стала Хведара Нюнькі, шматгадовага старшыні Таварыства Беларускай Культуры ў Летуве, рупліўца і адраджэнца беларускай справы.

Хведар Нюнька нарадзіўся 6 красавіка (так паводле дакументаў, а насамрэч 5 сакавіка) 1928 года ў вёсцы Алешавічы Каменскай гміны. Дзяцінства і юнацтва яго прайшлі на Шчучыншчыне. Асноўная частка жыцця звязаная з Вільняй, дзе спадар Хведар быў арганізатарам і душой многіх спраў ТБК. Менавіта яго высілкамі арганізоўваліся з’езды беларусаў краін Балтыі, розныя канферэнцыі, ладзіліся пікеты пад бел-чырвона-белымі сцягамі на знак пратэсту супраць рэпрэсій у Беларусі, усталёўваліся шыльды ў гонар славутых суайчыннікаў, лёсам звязаных з Вільняй.

Хведар Нюнька быў вельмі вядомы сярод беларусаў замежжа, сябраваў з многімі знакамітымі эмігрантамі, ездзіў да іх у розныя краіны. Вельмі любіў прыязджаць у Беларусь на сваю малую радзіму, стараўся прывозіць беларусаў Віленшчыны ў розныя гарады нашай краіны. Праз яго знаёміліся многія беларусы па розныя бакі мяжы. У працы Згуртавання беларусаў усяго свету “Бацькаўшчына” Хведар Нюнька быў вельмі прыкметнай і нават незаменнай асобай.

Хведар Нюнька быў вельмі гасцінным чалавекам, прымаў многіх у сябе дома, дапамагаў палітычным уцекачам з прытулкам.

Зусім нядаўна, гэтай вясной, ён сабраў сваіх сяброў-беларусаў з розных гарадоў і краін на 90-гадовы юбілей, які фактычна супаў з 100-мі ўгодкамі Беларускай Народнай Рэспублікі. Было шмат цёплых віншавальных слоў і пажаданняў…

У гісторыі застануцца значныя справы Хведара Нюнькі, застануцца памятныя шыльды, усталяваныя па яго ініцыятыве, застануцца паслядоўнікі.

Светлая памяць…

16.08.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты