Навіны

Вёскі і хаты

З самай раніцы былая вясковая суседка цётка Ганна патэлефанавала маёй маці, якая шмат гадоў жыве са мною ў гарадской кватэры, і паведаміла сумную навіну. “На тваёй, Захараўна, Зарэчнай вуліцы ў вёсцы будуць бульдозерам зносіць дзве хаты, адну пад нумарам 19, а другую пад нумарам 12. А твая хата, здаецца пад нумарам 21. Гэта – твае былыя суседзі”, --  сказала цётка Ганна. Гэта для маці была навіна, як гром сярод белага дня.

Мама паклала трубку, прыйшла ў свой пакой, задумалася і наўзрыд заплакала. 

– Мама, а чаго ты плачаш? Твая ж хата цэлая, стаіць і ўсміхаецца сонцу і людзям,  – кажу ёй.

– А як мне не плакаць – гэта ж маё жыццё, я ж 75 гадоў у вёсцы пражыла. А ў гэтых хатах жылі людзі, я пра іх ведаю ўсё: ад дзяцей да праўнукаў, ведаю пра іх няпростыя і складаныя лёсы. І калі прыязджаю ў вёску, хоць хаты пустыя былі, але гляну на іх і ўспамінаю Хведара, Івана, Марылю, Вольку, Лукаша…

Мама зноў заплакала. Я глядзеў на яе і спачувальна разумеў, што ў мамы настальгія па маладосці, па той вясёлай, шматлюднай, жывой, таленавітай і шчырай вёсцы, якая была ў 1940-1980-х гадах. І мама не можа змірыцца, чаму знікае вёска, чаму яе знішчаюць, чаму людзі ўцякаюць з вёскі ў горад, у сталіцу ці ў іншыя дзяржавы, хаця разумее, што вёска цяпер стала неперспектыўнай, непатрэбнай, забітай і чужой. А мама столькі гісторый распавядае пра вяскоўцаў, гісторый самых розных – ад вясёлых да трагічных, ад шчырых да чуллівых. Гэта проста гатовыя апавяданні, толькі запісвай. А колькі мама ведае беларускіх народных прымавак пра сяброўства, працавітасць, гаспадарлівасць, беражлівасць. Вось гэтыя лёгка запомніліся: дай зямлі, і яна табе дасць; дзень выганяе з хаты, а ноч прыганяе; увосень і верабей багаты; яду на заўтра адлажы, а справу сёння зрабі...

Вёска сёння сапраўды знішчаецца. І нават славутыя аграгарадкі таксама становяцца неперспектыўнымі. Людзі не хочуць жыць у вёсцы, асабліва моладзь, бо няма працы. А тая, што ёсць, аплочваецца даволі дрэнна. Такімі  заробкамі моладзь ў вёсцы не ўтрымаеш. Яна шукае лепшай долі. Неяк сустрэў жанчыну з Бераставіцкага раёна, якая паскардзілася, што ў вёсцы закрылі школу, клуб, краму, паштовае аддзяленне, бібліятэку, а цяпер хочуць ліквідаваць і ФАП. Вяскоўцы збіраюць подпісы, каб хоць застаўся  гэты медыцынскі пункт, дзе можна было б вяскоўцам купіць нейкія таблеткі, памераць ціск, ці проста сустрэцца і пагутарыць адзін з адным. Але і гэтай радасці хочуць людзей пазбавіць. Бадай самымі страшнымі сёння малюнкамі з’яўляецца тое, як бульдозер знішчае пустыя, нікому не патрэбныя, хаты. Выкапаўшы вялікую яму, ён ссоўвае туды старыя бярвенні, печы, каміны, табурэткі, сталы, ложкі, а таксама  рамкі з фотаздымкамі вяскоўцаў… Усё – у яму… На сёння ў Беларусі плануецца знішчыць каля 15 тысяч пустуючых дамоў. Падлічыце, колькі гэта вёсак…

Сяргей Чыгрын

17.08.2018

Архіў

Сьнежань 2018
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31

Відэа

праваабарончыя сайты