Навіны

Terra Incognita Белыя Балоты

Год таму ў вёсцы Белыя Балоты, якая знаходзіцца ў турыстычных абшарах Аўгустоўскага канала Гарадзеншчыны, пачаліся рамонтныя працы сядзібы роду Сабалеўскіх-Тукалаў. Рамонт ажыццяўляе вытворчы кааператыў „Зарэчны-Агро”. Ужо бачныя пэўныя станоўчыя вынікі пераменаў у абліччы гэтага помніка. Фасад дома ашчадна адрамантаваны. Калі судзіць па ўяздной пляцоўцы, то цяпер там вядуцца работы, але не актыўна. У адной з заляў з’явілася новая мэбля. Сядзіба павінна была ператварыцца ў клуб адпачынку.

Трапіць унутр памяшкання нам не ўдалося, але вонкава дом выглядае прыстойна. Рамонтнікі захавалі старую сталярку на брылі ганку. Спадзяемся, што старая, разная сталярка захавалася ў самім будынку.

Асобная і невясёлая думка ўсплывае пры аглядзе гэтага помніка гісторыі і прыроды пры наведванні эклектычнага парка, які прымыкае да дома. Пейзажны стыль парка, яго зліццё з навакольнай прыродай рамонтнай арганізацыяй разумеюцца па-свойму. Сярод заваленых дрэваў ды крапівы па пояс, завалаў у рачулцы, не відаць праяваў дзейнасці чалавека.

Не відаць нават сцежак, апрача адной праз рачулку, праз якую перакінутая труба, замест кладкі. А ў часы гаспадароў Тукалаў у парку быў разбіты вялікі разарыум з больш як ста ружаў, быў звярынец, а самі балоты навокал засаджаныя белымі лілеямі.

На інфармацыйнай шыльдзе перад сядзібным домам пазначана, што змены відавога складу, санітарных прарэджванняў і рэканструкцыі ў „парку” не дазваляюцца без узгаднення з Міністэрствам прыроды. Колькі часу яшчэ патрэбна, каб пачаліся працы ў парку? 

Апрача Белых Балотаў раім вандроўнікам завітаць у Селіванаўцы. Гэта ў некалькіх кіламетрах ад сядзібы. Адна з уласніцаў, гра­фі­ня Са­ба­леў­ская ў 1865—1867 га­дах з’яў­ля­ла­ся фун­да­та­рам пабу­до­вы кас­цё­ла ў Се­лі­ва­наў­цах, які стаў мес­цам ра­да­во­га па­ха­ван­ня іх сям’і. Даехаць туды можна на добрай асвальтавай дарозе.

Агулам, дарога можа заняць дзве гадзіны на ровары. У мэтах бяспекі рэкамендуем ехаць аб’яздной дарогай праз Свяцк. Бо па простай дарозе, якая вядзе ад Гародні да Белых Балотаў праз Зарачанку, пачынае быць небяспечнай за вёскай Каўбаскі. У гэтым участку па дарозе ездзяць кар’ерныя самазвалы на недазволенай хуткасці.

Беларускае Радыё Рацыя

Чытай больш на: https://www.racyja.com/vandrouki/terra-incognita-belyya-baloty/

21.08.2018
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты