Навіны
Ад “косарей” да “пасечника”
Нашу краіну ўжо можна называць самай “вясёлай” краінай у свеце. Хаця народ без асаблівай весялосці весяліцца. Таньчаць не толькі ў горадзе, але і ў аграгарадках, маленькіх і закінутых вёсках. Гэтай весялосці хочуць не самі людзі, а раённыя вертыкальшчыкі, якіх таксама прымушаюць з абласных цэнтраў арганізоўваць святы з песнямі, гульнямі і скокамі. Штотыдзень, а то і два-тры разы на тыдзень “весяляцца” райцэнтры. Якіх толькі назваў святаў не прыдумалі. Пастараюся прыгадаць некаторыя з іх на Гарадзеншчыне. Гэта і свята Нёмана, і свята бульбы, і свята льну, і свята касцоў, і свята студні, і свята вады, і свята пчаляра, і свята травы, і свята вясны, лета, восені, і ўсмешкі, і свята каня, і свята малака, і свята… Гэтых святаў сотні. Але ўсе яны падобныя, як блізняты, адно на аднаго. На ўсіх іх можна пачуць некалькі песняў накшталт “Деревня моя, деревенька колхозница…”, паэтычных радкоў з Інтэрнэту і плюс 10 гледачоў-пенсіянераў. Вось і ўсё свята.
Вельмі здзіўляюць падчас гэтых святаў і іх назвы. Напрыклад, у Дзятлаўскім раёне штогод праходзіць “праздник косарей”. Дзе і калі на Гарадзеншчыне хто касцоў называў “косарями”? Я правёў апытанне ў вёсцы, дзе адбылося гэта свята “косарей”, дык з 10 чалавек толькі чацвёра назвалі “косарей” касцамі, астатнія не ведалі, што гэта. І сапраўды, якія ў нас “косари”, у нас з пакон вякоў былі толькі касцы. Памятаеце, у “Новай зямлі” Якуба Коласа:
Ідуць касцы, звіняць іх косы,
Вітаюць іх буйныя росы,
А краскі ніжай гнуць галовы,
Пачуўшы косак звон сталёвы.
Касцы ідуць то грамадою,
То шнурам цягнуць, чарадою,
То паасобку, то па пары;
Ідуць касцы, ідуць, як хмары…
На Слонімшчыне ў вёсцы Сянькоўшчына работніцы мясцовага клуба правялі свята “пасечника”. З маленства ніколі не чуў, каб нехта ў вёсцы ці ў ваколіцах вёскі пчаляроў называў “пасечниками”. Прыйшоў на свята, а там на ўсю сцяну дома культуры напісана “Праздник пасечника и садовода”. Быццам я трапіў не ў беларускую вёску Слонімшчыны, а дзесьці ў правінцыю Ніжняга Тагіла Расіі. На такія святы вяскоўцы хадзіць не будуць. І… амаль не ходзяць.
Спачатку за апошнія 25 гадоў у тысячы беларускіх вёсках закрылі сельскія клубы, потым знішчылі бібліятэкі, пасля пачалі закрываць школы, дзіцячыя садкі, паштовыя аддзелянні, крамы, ФАПы. А цяпер у вёсках, дзе пражываюць па 10-20 чалавек наладжваюць святы вёсак, святы студні і касцоў. Божа ж ты мой, Божа!.. Якія святы, калі ўсё знішчылі, калі затаптана беларуская вёска, калі вуліцы, сенажаці і агароды зараслі і зарастаюць асотам, баршчавіком, залатарнікам. Мой зямляк Мікола Арочка ў першым сваім паэтычным зборніку “Не ўсе лугі пакошаны…” 60 гадоў таму пісаў:
Іду, як заварожаны,
А спеў плыве з-за гаці:
Ці ўсе лугі пакошаны,
Ці ўсе сенажаці…
Даражэнькі дзядзька Мікола! І сёння лугі і сенажаці не пакошаны, і ніхто іх касіць не збіраецца. Ды і няма ўжо каму…
Сяргей Чыгрын