Навіны

Слова пра вуліцу Камсамольскую ў мястэчку Луна

Ад Плошчы Герояў у цэнтры мястэчка Лунна да месца, дзе стаяць аж тры знакі пашаны ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, вядзе вуліца Камсамольская (раней Падольная і Паштовая). Там,на месцы старых габрэйскіх могілак стаяць:

пастаўлены ў  1967 годзе Помнік землякам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, на якім выбітыя 74 прозвішчы;

Помнік  воінам 64-й стралковай дывізіі 49-й арміі 2–га Беларускага фронт, якія 14 ліпеня 1944 года фарсіравалі раку Нёман, захапілі плацдарм на заходнім беразе ракі і на працягу сутак адбілі 12 контратак гітлераўцаў, забяспечыўшы пераправу галоўных сілаў;

Брацкая магіла савецкім воінам. У 1974 годзе ў ёй перапахаваныя парэшткі 7 воінаў, якія загінулі ў ліпені 1944 года пры вызваленні вёскі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, іх імёны застаюцца невядомымі.

Да гэтых Помнікаў рэгулярна штогод ідуць ветэраны і школьнікі па вуліцы Камсамольскай, каб ускласці кветкі і вянкі, правесці мітынг памяці.

Насупраць па другім баку вуліцы знаходзіцца Лунненская школа імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета. У школе створаны “ Народны музей баявой славы”. Музей наведваюць дэлегацыі не толькі з розных месцаў Беларусі, але і з Расеі, Украіны, Польшчы, ЗША, Ізраіля, Нарвегіі. У 2016 годзе музей наведалі 1391 чалавек. Усе яны прайшлі па вуліцы Камсамольскай.

Вуліца мае вельмі даўнюю і багатую гісторыю. Яна вяла да пераправы праз Нёман, калі ні ў Луне, ні ў Мастах мастоў праз Нёман не было. Людзі, што ахоўвалі і абслугоўвалі княжацкую пераправу, названы былі княжаводцамі. Так узнікла вёска Княжаводцы згодна з ускоснымі звесткамі не пазней, калі Вялікія князі Літоўскія трымалі ў гэтым месцы водную пераправу праз Нёман на шляху з Вільні ў Ваўкавыск і Бярэсце, а ад знакамітай экспедыцыі заснавальніка дынастыі Ягелонаў пачалася незвычайная кар'ера эўрапейскага гасцінца, які злучаў сталіцы Польшчы і Літвы. Такі статус насіла тады цяперашняя вуліца Камсамольская.

 Гэта быў таксама часта ўжываны маршрут чыноўнікамі, дыпляматамі, рыцарамі, святарамі, навукоўцамі, мастакамі… З моманту ўстанаўлення на Сойме ў Любліне ў 1569 годзе Рэчы Паспалітай абодвух народаў, Луненскі гасцінец стаў найбольш важным шляхам агульнай дзяржавы.

 Акрамя пераправы каля бліжэйшых мястэчак Луна і Воля (першы ўспамін у гістарычных крыніцах 1503 год) знаходзілася прыстань, якая абслугоўвала мноства гандлёвых суднаў і плытоў, якія плылі ў Крулявец (Калінінград цяпер) і суднаў з таварам з Эўропы ў ВКЛ. Нездарма мястэчка Луна (LUNA) абазначана на Радзівілаўскай карце 1613 г. Пацверджаннем можа служыць знойдзены ў 1953 г. на беразе ракі Нёман каля Княжаводцаў скарб (дубенскі скарб)  манет ВКЛ, Польшчы, нямецкіх гарадоў, Гішпаніі і 78 рускіх манет, сярод якіх 35 манет Івана IV (Іва́н IV Жахлі́вы(1530 - 1584), у беларускіх гістарычных крыніцах—Іван Маскоўскі або Іван Тыран). Малодшая ж па даце чаканкі манета — 3 гроша літоўскай эмісіі Жыгімонта III Вазы 1614 г. Частка агульнага скарбу, якая захоўваецца ў калекцыі Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея, налічвае 399 манет.

 Заняпад пераправы выклікаў толькі перанос каралеўскай рэзідэнцыі ў Варшаву Жыгімонтам III Вазай (Ваза па беларуску – Сноп), які пасяліўся ў ёй на пастаяннай аснове ў 1611 годзе.

Шлях атрымаў гістарычную назву Ягелонскі. Ён выконваў тады функцыю  дарогі, злучаючай цывілізацыі лацінскую і бізантыйскую. І сёння  ён уключаны ў Праграму Савета Эўропы “Культурныя шляхі” пад назвай "Via Regia". Вуліца Камсамольская – частка гэтага шляху.

Габарыты вуліцы адпавядалі патрабаванням Статуту ВКЛ. Там гаварылася, што ―”иж дороги звечные мають быти водле стародавного обычаю так широки, абы два возе форманских розминулися, а воз порожній маеть уступити возу наложоному, пешій ездному, возовому ездный” (р.IХ, арт.22). Акрамя таго, рэгламентаваліся абавязкі прытрымлівацца правілаў дарожнага руху, утрымліваць дарогі ў належным стане, а таксама гаварылася аб падсуднасці ўзнікшых дарожных спрэчак. І цяпер праз “савецкі” асвальт няўмольна прабіваецца старая брукоўка.

   На вуліцы Камсамольскай захаваўся двухпавярховы будынак, пабудаваны ў 1910 годзе, дзе раней размяшчалася пошта (Касамольская 14), а яе начальнік быў бацькам Канстанціна Яўхімавіча Бялецкага (20.1(1.2).1874, в. Лунна, 8.12.1926) — вядомага беларускага грамадска-палітычнага дзеяча.

  Па гэтай вуліцы ў 1902 годзе хадзіла Эліза Ажэшка на пошту, каб адаслаць лісты свайму выдаўцу і наведаць сяброўку ўдаву Ромэраву, палац якой знаходзіўся на месцы сучаснай школы.

Уладальніца Луны Юзэфа Чахоўская ў 1833 г. выйшла замуж за Эдварда Матэуша Ромэра, які стаў уладальнікам маёнтка. Знакаміты мастак Матэуш Ромэр некаторы час жыў і працаваў у Луненскім палацы. Ён выстаўляў свае працы у Парыжы, Вене, Берліне, Мюнхене…

У 1912 годзе па гэтай вуліцы спусціўся да Нёмна паэт М. Арол (Сцяпан Пяцельскі), які маляўніча апісаў, як “спускаюць барку сажон 30 – 40 даўжыні на ваду”. (Лунна. Гродз. Губ. І пав.М. Арол. “Наша ніва”, 1912, № 19 – 20, 10(23) мая).

Вуліца перасякае рачулку Лунянку, якая ўспамінаецца ў розных гістарычных крыніцах, а вучаніца Луненскай школы Ганна Сільвановіч напісала верш “Цячэ каля хаты рачулка Лунянка”:

Цячэ каля хаты рачулка Лунянка

   Якая ж радная яна !

   Мне часта здаецца, што песенны Янка

   З такой менавіта напоіць каня.

   А побач Алёна ручнік свой упусціць

   І ён паплыве ў далягляд

   Над ёю вярба свае косы распусціць

   І Нёман магутны заўсёды ёй рад.

   Над ёю калісьці стаяла Ажэшка

   Крашынскі маёнтак над ёй збудаваў

 Лунянка- хрышчоная маці мястэчка

   Яцвяг легендарны яе ўпадабаў.

   І Лунна не Лунна ўжо без Лунянкі

   Як пэўна і тысячы іншых мясцін

   Дзе коцяцца воды маленькіх рачулак,

   Сярод беларускіх раўнін.

   Мне хочацца вельмі, каб нашы нашчадкі

   Сказалі з любоўю ня раз:

   “Вам дзякуем, продкі, за рэкі малыя,

   Што вы захавалі для нас !

З нейкіх хваравітых фантазіяў рачулцы памянялі назву. З мінулага году яна называецца Стружка?

 На вуліцы Камсамольскай знаходзіцца дом №28. Вучаніца Лунненскай школы Алена Сільвановіч атрымала перамогу ў рэспубліканскай навукова-даследчай канферэнцыі за працу   “Дом, у якім я жыву”. Так дом №28 па вуліцы Камсамольскай стаў вядомы на цэлую Рэспубліку Беларусь. У 1983 годзе каля гэтага дома здымаліся сцэны з кінафільма “Прыступіць да ліквідацыі”.

Па вуліцы Камсамольскай ідуць усе, хто хоча наведаць габрэйскя могілкі. Такія людзі прыязджаюць у Лунну з многіх краін свету, бо да вайны ў мястэчку жылі 1549 габрэяў. Іх нашчадкі не забываюць свае карані.

Напэўна гэта яшчэ не ўсё, што можна расказаць пра вуліцу Камсамольскую ў мястэчку Лунна, але вось прайсці па гэтай вуліцы бяз рызыкі зламаць нагу, даволі складана. Не выконваюцца сёння артыкулы Статуту ВКЛ па догляду вуліц і дарог.

Што больш застаецца ў памяці тых тысяч наведвальнікаў Народнага музею Лунненскай школы: экспанаты музею ці стан вуліцы? І як ходзяць у школу штодзённа вучні па вуліцы Камсамольскай? Пытаньні застаюцца без адказу…

Лявон Карповіч, Луна-Воля

25.08.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты